Ужо больш за 30 чалавек звярнуліся па тэлефоне «гарачай лініі», і пакуль толькі адзін грамадзянін Беларусі пацвердзіў удзел двух сваіх блізкіх у аўтакатастрофе. Аб гэтым паведамілі [4] ў паліцыі Мікалаеўскай вобласці.
- Таксама ў паліцыю звярнулася адна турыстычная фірма, якая прапанавала свае бясплатныя паслугі для транспарціроўкі траўміраваных і загінулых грамадзян на радзіму. Нацыянальная паліцыя ў Мікалаеўскай вобласці супрацоўнічае з прадстаўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі па ўстанаўленні ўсіх даных пра асоб, якія пацярпелі ў ДТЗ.
Следчымі ўстаноўлены асобы грамадзян, якія загінулі і атрымалі траўмы падчас дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося сёння каля пяці гадзін раніцы на 289 км аўтадарогі «Кіеў-Адэса». Усе яны з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Галоўным кіраваннем Нацыянальнай паліцыі ў Мікалаеўскай вобласці арганізавана праца «гарачай лініі», па якой сваякі могуць патэлефанаваць і праверыць, ці ёсць іх блізкія ў спісе - +38 (0512) -53-11-13.
- Паліцыя Мікалаеўшчыны выказвае шчырыя спачуванні сваякам пацярпелых грамадзян. Следчыя праінфармавалі пра здарэнне Міністэрства замежных спраў, - перадае [5] аддзел камунікацыі паліцыі Мікалаеўскай вобласці.
Паліцыя ўстанаўлівае акалічнасці ДТЗ з удзелам грузавіка і мікрааўтобуса з беларускімі нумарамі. У выніку здарэння загінулі пяць чалавек. Яшчэ 12 шпіталізаваны.
- Да нас шпіталізавана 12 чалавек, - расказала [6] парталу TUT.BY Любоў Скрыпнічэнка, намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай працы раённай бальніцы гарадскога пасёлка Крывое Возера. - Адзін з іх у цяжкім стане, астатнія ў стане сярэдняй цяжкасці. Трое знаходзяцца ў рэанімацыі, астатнія ў хірургіі.
Па словах урачоў, пацыент у цяжкім стане - мужчына. У яго закрытая ЧМТ.
- Да нас выехалі кансультанты з Мікалаева. Цяпер ідзе кансіліум.
У бальніцы ўдакладнілі, што дзяцей сярод пацярпелых няма. Родныя беларусаў з медыкамі пакуль не звязваліся.
- Гэта перевозчик-«нерэгуляршчык». Ён не звяртаўся па дазвол на ажыццяўленне рэгулярных перавозак па міжнародных маршрутах, - распавёў TUT.BY [7] прадстаўнік «Гомельаблпасажыртранс» Ілля Аўдзеенка.
42-гадовы кіроўца грузавіка затрыманы. Ён дае тлумачэнні з нагоды таго, чаму ён здзейсніў прыпынак на праезнай частцы, і чаму не прыняў ўсіх неабходных мер бяспекі падчас аварыйнага прыпынку, як таго патрабуюць Правілы дарожнага руху.
У сваю чаргу гомельскія медыкі адзначылі, што гатовыя аказаць дапамогу ў транспартоўцы ў Беларусь пацярпелых у ДТЗ ва Украіне. Як паведаміў "Гомельскай праўдзе" [8] намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Міхаіл Змушко, па заяве сваякоў пацярпелых і абавязковым вырашэнні ўкраінскіх медыцынскіх работнікаў на транспарціроўку пацыентаў рэанімабілі Гомельскай вобласці гатовыя даставіць грамадзян Беларусі дамоў для працягу аказання медыцынскай дапамогі. Спецыялісты таксама акажуць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу і пацярпелым, і сваякам ахвяраў аварыі.
-Сёння каля пятай гадзіны раніцы на 289 км аўтадарогі «Кіеў-Адэса», непадалёк пгт Крывое Возера, адбылося сутыкненне рэйсавага мікрааўтобуса маркі Volkswagen, які рухаўся па маршруце «Адэса-Гомель», з беларускай рэгістрацыяй, і грузавіка, які, па папярэдніх даных, стаяў з правага боку праезнай часткі з-за няспраўнасці, - паведамляюць у паліцыі.
Інфармацыя аб ДТЗ кваліфіцыруецца па ч. 2 арт. 286 КК Украіны «Парушэнне правілаў бяспекі дарожнага руху або эксплуатацыі транспарту асобамі, якія кіруюць транспартнымі сродкамі», што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў або без такога.
Устанаўліваюцца абставіны здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння, будзе прызначана правядзенне экспертызы. Працягваюцца следчыя дзеянні.
У МЗС Беларусі пацвердзілі факт здарэння. "У ДТЗ загінулі пяць чалавек, дванаццаць знаходзяцца ў бальніцы з траўмамі рознай ступені цяжкасці, трое з іх пакуль у цяжкім стане. Ідэнтыфікаваны трое з пяці загінулых", - паведаміў [9] БЕЛТА начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар міністэрства Анатоль Глаз.
Пасольства Беларусі ў Кіеве ўзаемадзейнічае з мясцовымі ўладамі і праваахоўнымі органамі па ўсіх неабходных пытаннях.
Дар'я СПЕВАК
Фота npu.gov.ua
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-spevak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://mk.npu.gov.ua/news/novini/na-garyachu-liniyu-prodovzhuyut-postupati-dzvinki-shhodo-osib-postrazhdalix-pid-chas-dtp-gromadyan-bilorusiji/
[5] https://mk.npu.gov.ua/news/dtp/policziya-vidkrila-garyachu-liniyu-dlya-blizkix-poterpilix-pid-chas-avtoavariji-na-trasi-odesa-kijiv/
[6] https://auto.tut.by/news/accidents/601489.html?vk
[7] https://auto.tut.by/news/road/601487.html
[8] http://gp.by/category/news/crime/news180607.html
[9] http://www.belta.by/incident/view/v-ukraine-mikroavtobus-odessa-gomel-vrezalsja-v-gruzovik-pjat-chelovek-pogibli-311152-2018/
[10] https://zviazda.by/be/tags/dtz
[11] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni