Штогод выдавецтва «Мастацкая літаратура» напярэдадні Дня беларускага пісьменства спрабуе здзівіць чытачоў новымі і, галоўнае, цікавымі творамі, імкнецца захапіць канцэптуальным афармленнем кніг. І гэта вельмі важна: у стагоддзе сучасных тэхналогій кніжны рынак становіцца больш складаным і канкурэнтным, таму выдавецтвам трэба не проста працаваць у дынамічным тэмпе, але і шукаць спосабы якаснага піяру. Дзень беларускага пісьменства якраз дапамагае і пісьменнікам, і выдавецтвам прэзентаваць кнігі гучна і арыгінальна.
— Сёлетні год у нашай краіне праходзіць пад знакам Года малой радзімы. З гэтай нагоды выпусцілі кнігу «Зямля бацькоў, святая...» у серыі «100 вершаў», — расказвае пра кніжныя навінкі, якія будуць прэзентавацца ў Іванаве на Дні беларускага пісьменства, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. — У зборніку прадстаўлены творы пачынаючы ад вершаў Якуба Коласа і заканчваючы паэтычнымі радкамі нашых сучаснікаў. На гэтую тэму можна было выпусціць не адзін том. Дарэчы, у гэтай жа серыі выйшла кніга «Кахання сад і ластаўка вясны» да 70-годдзя Яўгеніі Янішчыц, якая нарадзілася на Палессі. Паколькі дзень нараджэння паэтэсы ў лістападзе, то прэзентаваць кнігу ў межах Дня беларускага пісьменства будзе актуальна. На пачатку года ў нас выйшаў зборнік «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. 100 паэтаў Кітая ХХ стагоддзя». Вялікую працу, перакладаючы творы, зрабіў Мікола Мятліцкі. Дарэчы, гэтая кніжка цудоўна аформлена мастаком Камілем Камалам.
Выдавецтвам «Мастацкая літаратура» надаецца вялікая ўвага творчасці маладых пісьменнікаў. Сёлета пачата серыя «Час 21». У ёй пабачыла свет кніга Маргарыты Латышкевіч «Наш дом». Маргарыта, дарэчы, у мінулым годзе стала лаўрэатам Нацыянальнай прэміі Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Дэбют». У гэтай жа серыі выйшла кніга Станіславы Умец «Сэрца Сакры».
— Дарэчы, хацелася б нагадаць, што конкурс «Першацвет» працягваецца. Мы заклікаем маладых паэтаў і празаікаў, якім яшчэ няма 30-ці гадоў, дасылаць свае творы на адрас нашага выдавецтва, газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Маладосць», «Полымя», — працягвае Віктар Шніп. — У межах Дня беларускага пісьменства будзем актыўна расказваць пра гэты конкурс, адзначаць яго асаблівасці. За два гады існавання «Першацвета» яго лаўрэатамі сталі сорак маладых творцаў: дваццаць паэтаў і дваццаць празаікаў. Безумоўна, кожны год журы падтрымлівала ў першую чаргу новыя імёны. Але ж, на мой погляд, і тыя, хто быў сярод лаўрэатаў мінулых гадоў, могуць удзельнічаць у конкурсе сёлета. У Іванаве будзем прэзентаваць і адну з нашых прэстыжных серый «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Падзелімся тым, што ў нас выйшла кніга Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж», раскажам пра цікавую кнігу прозы Навума Гальпяровіча «На скрыжаванні слоў», пра кнігу Алега Ждана «Геній». Сёлета ў нашай краіне адзначаўся юбілей Максіма Гарэцкага. Да гэтага свята мы выдалі кнігу, у якой змешчаны ўспаміны пра пісьменніка, яго творы і фотаздымкі. Такое своеасаблівае трохбаковае знаёмства з аўтарам.
Яшчэ адна серыя, якую выдавецтва прэзентуе на Дні беларускага пісьменства, — «Наш сучаснік». У ёй ужо выйшла кніга Юліі Навіцкай «Голас сэрца», прысвечаная нашаму земляку касманаўту Алегу Навіцкаму. З дня на дзень «Мастацкая літаратура» чакае сігнал кнігі пра знакамітага скульптара Івана Міско, для якога тэма космаса стала справай жыцця. Таксама выдавецтва будзе прэзентаваць выданні, адрасаваныя юным чытачам. Сярод іх кнігі Алены Васілевіч «Вернісаж» і Тамары Бунты «Чароўны кошык».
Выдавецтва спадзяецца, што некаторыя з аўтараў, як і ў мінулым годзе, змогуць стаць лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Бо, як адзначае Віктар Шніп, у «Мастацкай літаратуры» выпускаюцца кнігі сапраўдных майстроў слова.
— Дзень беларускага пісьменства, безумоўна, матывацыя для кожнага выдавецтва ісці наперад, — падкрэслівае Віктар Шніп. — Усе сустрэчы ў рамках свята — гэта магчымасць твар у твар кантактаваць з нашымі чытачамі. Вельмі істотна, каб аўтары кніжак выступалі, расказвалі пра свае творы. Падчас такіх мерапрыемстваў для нас важна пачуць ацэнку працы. Бывае, што прапановы выказвае адзін чалавек, а атрымліваецца, што той адзін гаворыць за сотні людзей: такое дэталёвае і якаснае яго меркаванне.
Вікторыя АСКЕРА
Паколькі выдавецтва «Народная асвета» пераважна спецыялізуецца на выданні школьных падручнікаў, то іх праграма мерапрыемстваў на Дні беларускага пісьменства ў большасці будзе накіравана на дзіцячую аўдыторыю. Супрацоўнікі выдавецтва зрабілі плённую падрыхтоўчую працу, каб юныя госці прэзентацый і гульняў змаглі захапіцца дзеяннем.
— На Дні беларускага пісьменства акцэнт будзем рабіць на Год малой радзімы і кнігу «Спадчына», — расказвае намеснік дырэктара па маркетынгу і вытворчасці Юлія Дашкевіч. — Прэзентаваць выданне будзем з удзелам аўтара Міколы Маляўкі. Аддзел адукацыі Іванаўскага раёна параіў нам пяць дзіцячых калектываў, якія дапамогуць зрабіць прэзентацыю кнігі больш актыўнай і дынамічнай. Мы доўга думалі, як прыцягнуць людзей да нашай кнігі і пляцоўкі. Мне здаецца, многае вырашае інтэрактыў і магчымасць сумяшчэння розных жанраў культуры ў адным мерапрыемстве. Так, падчас прэзентацыі кнігі калектыў народнай творчасці Іванава будзе дэманстраваць самасшытыя ўборы мінулых стагоддзяў.
Падчас прэзентацыі кнігі Мікола Маляўка коратка раскажа пра асаблівасці побыту продкаў, пра аўтэнтыку і спадчыну, якой сёння карыстаецца беларускае грамадства. Аўтар будзе задаваць гасцям пытанні, звязаныя з рэчамі, якія практычна выйшлі з ужытку, але да гэтага часу знаёмыя людзям. Гэта будзе асацыятыўная гульня. У межах Дня беларускага пісьменства выдавецтва пакажа выстаўку дзіцячых малюнкаў. У ліпені «Народная асвета» абвясціла конкурс і да верасня дзеці дасылалі на скрыню ўстановы малюнкі, прысвечаныя Году малой радзімы. Конкурс аказаўся вельмі цікавым і запатрабаваным. Дзеці разважалі над рознымі аспектамі: хтосьці паказваў знакавыя месцы, а хтосьці і фантазіраваў на тэму, як можа выглядаць яго малая радзіма, напрыклад, у будучыні.
— Да свята мы падрыхтавалі шмат конкурсаў і віктарын. Яны, дарэчы, прысвечаны не толькі Году малой радзімы, але і спорту, — тлумачыць Юлія Дашкевіч. — Мне здаецца, будзе цікавая віктарына «Падарожжа ў краіну дарожных знакаў», прысвечаная Дню ведаў і Правілам дарожнага руху. Падчас віктарыны дзеці самі будуць распавядаць, як разумеюць правілы, дапамогуць дарослым перайсці дарогу. Таксама мы прыдумалі паравоз станцый. Трапіўшы на пэўную станцыю, дзіця зможа альбо адказаць на пытанне, альбо, наадварот, задаць яго. Напрыклад, на станцыі «Я пра спорт ведаю ўсё» дзіця зможа паказаць, што яму цікава, і, магчыма, адкрыецца з новага боку для свайго ж бацькі. Дарэчы, гэтыя конкурсы мы прымеркавалі да II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. У якасці прызоў для дзетак падрыхтавалі свае кнігі з серыі «Апавяданні дзеда-прыродаведа». Нам здаецца, што гэтая кніга зможа захапіць юных чытальнікаў.
2 верасня ў Іванаве выдавецтва «Народная асвета» плануе прэзентацыю серыі кніг «Святло вакол нас» Міхася Пазнякова з удзелам аўтара і вядомага беларускага кампазітара і спевака Сяргея Краўца. У Міхася Пазнякова ёсць цікавая кніга загадак на беларускай мове, якія дзеці падчас прэзентацыі паспрабуюць адгадаць. У межах святкавання Дня беларускага пісьменства выдавецтвам таксама запланавана прэзентацыя кніг Анатоля Зэкава.
Вікторыя АСКЕРА
— На свяце мы прадставім кнігу Аляксандра Лакоткі, дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, «Мелодыі і летапіс эпох: па старонках гісторыі беларускай культуры». Была зроблена вялікая праца: прасочана гісторыя беларускай культуры ад яе зараджэння да нашых дзён, — зазначае загадчык галіновай рэдакцыі гістарычных і сацыяльна-эканамічных навук Юрый Бажэнаў. — Кніга распавядае і пра культуру сацыяльнай эліты, і культуру горада, і сяла; пра матэрыяльную, і пра духоўную культуру. Уяўляе цікавасць і расповед пра рэвіталізацыю, то бок ажыўленне народнай традыцыйнай культурнай спадчыны. Ёсць і пра сучасны перыяд: канец ХХ — пачатак ХХІ стагоддзя. Чытач даведаецца і пра лабірынты культуры атамнага стагоддзя, і пра камерцыялізацыю і меркантылізм культуры (гэта агульная з’ява для ўсяго сусвету), а таксама пра дасягненні і праблемы сучаснасці. Унікальнасць выдання ў тым, што ўвага надаецца не толькі рэалізаваным архітэктурным праектам, але распавядаецца і пра тыя, якія засталіся на паперы. Большасць даследчыкаў, калі пісалі пра культуру беларускага народа, мелі на ўвазе культуру сялянства. Хаця ў мінулым сялянства і было асноўным носьбітам культуры і складала 90% насельніцтва, усё ж адным сялянствам культура не вычэрпваецца. Тут аўтар падышоў больш комплексна: цэлая глава прысвечана культуры беларускай эліты, дзе распавядаецца пра палацы, сядзібы, вопратку арыстакратаў: шляхты, феадалаў. Гэта культура пакінула пасля сябе багатую спадчыну. Адразу згадваюцца палацы ў Міры і Нясвіжы, якія з’яўляюцца нацыянальным гонарам нашай краіны. Ёсць і пра славутыя слуцкія паясы. Шырока прадстаўлена і культура шматнацыянальнага горада. Выданне багата ілюстравана каляровымі здымкамі з усёй Беларусі. Ёсць у кнізе і філасофія: аўтар не толькі паказвае, але і асэнсоўвае сучасную культуру. Кніга атрымалася цікавай і папулярнай. Яна адрасавана і супрацоўнікам культуры, і школьнікам — усім, хто цікавіцца беларускай культурай.
Другая кніга, якая толькі выходзіць з друкарні, — «Ваяры Беларусі Х—ХІ стагоддзя». Аўтар Мікалай Плавінскі — кваліфікаваны археолаг, пастаянны ўдзельнік раскопак. Прафесійна піша пра ўзбраенне, бо сам раскопваў і трымаў у руках. Перыяд ранняга сярэднявечча мала вядомы сучаснаму чытачу — больш мы ведаем войны пачынаючы з ХІІІ ст., калі з’явіліся мангола-татары і крыжакі. А ў ХІ ст. сутычкі былі паміж самімі князямі, часам — і з вікінгамі, якія з’яўляліся тады самымі дасканалымі ваярамі і мелі найлепшае ўзбраенне. Яны наведвалі княствы, у першую чаргу Полацкае, прыплываючы на ладдзях з Балтыкі па Дзвіне. Першыя нашы князі былі варагамі: Рагвалод і Тур. На аснове археалагічных і летапісных даных аўтар рэканструяваў войска беларускіх ваяроў таго перыяду: з каго складалася, што ўяўляла сабой дружына і апалчэнне. У кнізе ёсць малюнкі, у тым ліку аўтара, паказана зброя блізкага і далёкага бою, засцерагальная. Распавядаецца, як выраблялася зброя.
Выдавецтва будзе прэзентаваць найлепшыя выданні за апошні год, энцыклапедыі: ужо выйшаў і 2-гі том Янкі Купалы, і кнігі пра Хатынь і Трасцянец, і выданне пра арганы Беларусі, і кніга Нікіціна пра вызваленне Беларусі да гадавіны аперацыі Баграціён.
Яна БУДОВІЧ
Здаецца, можна было прызвычаіцца, што кожны год цудоўным вераснёвым днём мы накіроўваемся ў які-небудзь куток Беларусі, каб там прадэманстраваць свае здабыткі за год, правесці прэзентацыі новых выданняў, сустрэцца з калегамі і, самае галоўнае, з чытачамі выдадзеных кніг. Але ўсё ж хвалюемся, як заўсёды перад важнымі падзеямі, і... чакаем свята. Свята, сапраўды, заўсёды адбываецца і запамінаецца надоўга, — адзначае дырэктар выдавецтва Ліліяна Анцуг.
На Берасцейшчыне выдавецтва «Чатыры чвэрці», якому сёлета спаўняецца дваццаць пяць гадоў, запланавала прадставіць шырокай публіцы кнігі ўраджэнцаў гэтага краю — вядомых пісьменнікаў Зінаіды Дудзюк «На парозе раю» і Анатоля Крэйдзіча «Хуліган», якія ўбачылі свет у серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі».
Ёсць у нас і іскрынка — прыгожая, поўнакаляровая кніга-альбом «Беларускія скарбы ЮНЕСКА», дзе значнае месца займае аповед пра Нацыянальны парк «Белавежская пушча» — першы аб’ект з Беларусі, які быў уключаны ў 2005 годзе ў Спіс сусветнай спадчыны. Акрамя яго, у выданні прадстаўлены замкавы комплекс «Мір», геадэзічная дуга Струвэ і архітэктурны, культурны і жылы комплекс роду Радзівілаў у Нясвіжы. Упершыню аб’яднаныя пад адной вокладкай, яны пазнаёмяць з унікальнымі каштоўнасцямі, што належаць не толькі нашай краіне, а і ўсяму свету. Кніга выдадзена на рускай, беларускай, англійскай і французскай мовах.
Не абышлі мы ўвагай і тэму малой радзімы: на свяце раскажам пра дзве новыя кнігі з серыі «Малая радзіма. Барысаўскі раён» — «Лошница» і «Забашавічы». У гэтых выданнях упершыню сабраны матэрыялы, якія распавядаюць пра гістарычныя падзеі, што адбываліся ў гэтых месцах, успаміны відавочцаў, духоўнае жыццё і сённяшні дзень. Вялікую падборку выдавецкіх кніг убачаць наведвальнікі на стэндах ААТ «Белкніга».
Чарговая, чацвёртая па ліку, кніга-альбом сумеснага праекта Банка развіцця Рэспублікі Беларусь і выдавецтва «Чатыры чвэрці» «Культурная спадчына Беларусі» прадстаўляе беларускія скарбы ЮНЕСКА. «Упершыню аб’яднаўшы пад адной вокладкай выдання “Беларускія скарбы ЮНЕСКА”, мы хочам пазнаёміць вас з унікальнымі каштоўнасцямі, якія належаць не толькі Беларусі, але і ўсяму свету», — падкрэсліў у прадмове Сяргей Румас, на той час старшыня праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь, цяпер Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь.
Кніга-альбом багата аздоблена фатаграфіямі і іншымі ілюстрацыйнымі матэрыяламі, якія даюць магчымасць пазнаёміцца з прыгажосцю Белавежскай пушчы, гістарычнай адметнасцю Мірскага замка, палаца Радзівілаў у Нясвіжы, а таксама зразумець прызначэнне геадэзічнай дугі Струвэ.
У выданні змешчаны разгорнутыя артыкулы на чатырох мовах: рускай, беларускай, англійскай і французскай. Гістарычная даведка, у якой кожны аб’ект падрабязна разглядаецца ў кантэксце агульнанацыянальнай і сусветнай культуры, дэталёвыя геаграфічныя, архітэктурныя і тэхнічныя апісанні даюць адказы на ўсе пытанні, якія могуць узнікнуць як у нашага суайчынніка, так і ў прадстаўнікоў іншых дзяржаў. Удалае спалучэнне ілюстрацыйнага (дарэчы, многія фатаграфіі сапраўды можна лічыць творамі мастацтва) і даведачнага матэрыялу робяць гэтае выданне адначасова і шыкоўным падарункам, і крыніцай вывучэння беларускага складніка сусветнай спадчыны.
Наталля НАРУТОВІЧ
У Іванаве выдавецтва «Беларусь» прэзентуе кнігу «Беларускі крымінальны вышук. Белорусский уголовный розыск» на беларускай і рускай мовах (аўтар тэксту і ўкладальнік — даследчык у галіне гістарычных навук і археалогіі Ю.У. Кур’яновіч). Выданне прысвечана 100-годдзю беларускага крымінальнага вышуку і падрыхтавана сумесна з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
— Нягледзячы на тое, што сёлета наша выдавецтва прадстаўляе ў Іванаве толькі адну кнігу, яна вельмі важная і маштабная, з багатым гістарычным матэрыялам. Тэма крымінальнага вышуку актуальная для грамадства, бо ўсе любяць дэтэктыўныя сюжэты, а на старонках «Беларускага крымінальнага вышуку» разгортваюцца сапраўдныя дэтэктыўныя падзеі, сустракаюцца незвычайныя людзі і сітуацыі. Плануецца, што ў прэзентацыі выдання возьмуць удзел першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі генерал-маёр міліцыі Іван Падгурскі, начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС палкоўнік міліцыі Анатоль Саковіч, аўтар кнігі Юрый Кур’яновіч, а таксама дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын і прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі. Мы не ўпершыню працуем з Міністэрствам унутраных спраў Беларусі: летась да стагоддзя беларускай міліцыі выдавецтва «Беларусь» падрыхтавала вялікую прыгожую кнігу «Милиция Беларуси: 100 лет. История и современность». Міністэрства ўхваліла якасць нашай працы і працягнула супрацоўніцтва: увосень адзначаюць 100-годдзе беларускага крымінальнага вышуку, і частка святкавання — прэзентацыя кнігі «Беларускі крымінальны вышук», якая выйшла з друку толькі напрыканцы ліпеня. Для выдавецтва «Беларусь» важна прадставіць новае выданне ў Іванаве: на свяце айчыннага пісьменства збіраецца наша мэтавая аўдыторыя — людзі, якія сапраўды любяць кнігу. Дзень беларускага пісьменства вандруе па краіне, штогод ладзіцца ў новых гарадах, і гэта вялікае свята для жыхароў раёна.
Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/author/darya-charnyauskaya
[3] https://zviazda.by/be/author/yana-budovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva