З архіўнага фотаздымка на нас паглядае падобны на вайскоўца бравы вусаты мужчына. На самай справе гэта выдатны майстар-настройшчык музычных інструментаў у Мінску ў 1900—1930 гады Канстанцін Станіслававіч Багіно. Рэдкую і паважаную прафесію настройшчыка засвоіў у сям’і і яго старэйшы сын Георгій, геніяльны музыкант-настройшчык, якога ведалі ў музычных колах СССР і многіх замежных краін. Памяць пра лёсы, асабліва тых, хто нарадзіўся, жыў і тварыў на нашай роднай зямлі, — неад’емны складнік гісторыі і гонару за Бацькаўшчыну.
Некалькі гадоў таму, падчас работы над укладаннем кнігі «…І бачу пройдзеныя далі» (да 100-годдзя старэйшага сына Якуба Коласа Д. К. Міцкевіча, Кнігазбор, 2014), для мяне сталі адкрыццём новыя імёны, людзі, якія так ці інакш мелі дачыненне да сям’і Якуба Коласа. Звесткі пра іх збіраліся паступова, здаралася адшукаць неабыякавых нашчадкаў.
Так атрымалася і з сям’ёй Багіно. У адным з найцікавейшых лістоў Данілы Міцкевіча да бацькоў і брата, напісаным з толькі што вызваленага Мінска, 18—19 ліпеня 1944 года, усяго некалькі радкоў, якія далі штуршок да далейшых пошукаў: «Учора днём зайшлі… да Багіно. Маці вельмі абрадавалася вестцы, што Жорж і Люся жывы і здаровы. Дом іх спалілі немцы перад адыходам. Яна жыве ў суседнім доме (адрас — стары)».
З дапамогай майго даўняга сябра Генадзя Прыбыткі ўдалося адшукаць у Маскве прадстаўніцу рода Багіно, дачку Люсі — Людмілы Канстанцінаўны — Ірыну Анатольеўну Багіно, якая шчыра падзялілася са мной каштоўнай інфармацыяй. А сёлета ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) пашчасціла натрапіць на асабовую справу Канстанціна Станіслававіча Багіно, што захоўваецца ў фондзе № 42 Наркамасветы. Усяго чатыры аркушы анкетных даных, фотаздымак і цудоўны шчымлівы ліст маскоўскай адрасаткі аднавілі няпростае жыццё гэтай інтэлігентнай творчай сям’і.
На пачатку ХХ стагоддзя К. С. Багіно працаваў у прыватнай фартэпіяннай майстэрні, дзе рабілі рамонт, настройку і выраблялі музычныя інструменты. Выраб у асноўным уключаў зборку з гатовых замежных дэталяў. Майстар высокай кваліфікацыі Канстанцін Станіслававіч працаваў на фабрыках К. Шродэра і Я. Бекера; акрамя раяляў, рамантаваў іншыя музычныя інструменты, напрыклад, папулярныя балалайкі і гітары. Яго майстэрня месцілася на рагу вуліц Падгорнай і Паліцэйскай насупраць Губернатарскага саду (цяпер гэта раён вуліц К. Маркса і Я. Купалы). Нагадаю, што ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі экспануецца раяль фабрыкі І. Фотха (І.Foth, Minsk), зроблены мінскім майстрам К. С. Багіно напрыканцы ХІХ стагоддзя.
Пра жыццё сям’і ў Мінску Ірыне Анатольеўне распавядала бабуля Ксенія Іванаўна Багіно (дзявочае Грышэль, 1885—1974), настаўніца, якая, не сумняваюся, была знаёмая з жонкай Якуба Коласа, таксама настаўніцай, Марыяй Дзмітрыеўнай. У красавіку 1917 года Ксенія Іванаўна і Канстанцін Станіслававіч пабраліся шлюбам, вянчаліся ў Мінскім кафедральным саборы. 25 сакавіка 1918 года ў іх нарадзіўся першы сын Георгій, да 1921 года з'явіўся на свет другі сын, які, відаць, памёр дзіцём, інфармацыі пра яго больш не сустракалася. 28 сакавіка 1923 года нарадзілася дачка Людміла (Люся, 1923—1995). Згодна з рэгістрацыйнай анкетай Наркамасветы, складзенай у 1921 годзе, К. С. Багіно працаваў у аддзеле мастацтваў з 15 верасня 1920 года. Ён займаўся настройкай фартэпіяна і рамонтам клавішных інструментаў як у мінскіх установах культуры і музычных школах, так і ў іншых гарадах рэспублікі, куды яго накіроўвалі ў камандзіроўкі. Канстанціна Станіслававіча ведаў і любіў увесь Мінск. У доме збіраліся сябры, знаёмыя. Мінская інтэлігенцыя адпачывала за кубачкам чаю, гучала гітара, спявалі песні. Утульны дом Багіно з невялікай вежай, вакол якога рос яблынева-бэзавы сад, знаходзіўся на тагачаснай вуліцы Падгорнай, 56.
Безумоўна, Якуб Колас і яго дамашнія ведалі сям’ю Багіно, жылі непадалёку, праз парк. Сярэдні сын народнага паэта Георгій (Юрка) Міцкевіч і Георгій (Жорж) Багіно былі пагодкамі, сустракаліся, захаваўся фотаздымак канца 1930-х гадоў, дзе маладыя людзі на летнім адпачынку з сябрамі і знаёмымі. На сайце «Мінск стары і новы» пра сям’ю Багіно цікава распавядала Вольга Фацініч, унучка стрыечнага дзядзькі Якуба Коласа Адама Юр’евіча Міцкевіча. Напрыканцы 1920-х гадоў Канстанцін Станіслававіч настройваў піяніна яе маці Зоі Адамаўне (нарадзілася ў 1919 годзе). Зоя Міцкевіч, Жорж Багіно і Жэня Канаплін (будучы памочнік Якуба Коласа ў Ташкенце ў 1942 годзе) вучыліся ў адной школе № 4 г. Мінска, толькі хлопцы на клас вышэй за Зою. Пра ігру Зоі на піяніна Жэня казаў так: «Ну што ты там граеш! Вось Жора грае — гэта да!».
Аднак вернемся да анкеты К. С. Багіно. Анкета па савецкім часе — дакумент сур’ёзны, у 1930-я гады любая інфармацыя магла стаць небяспечнай. У анкеце Канстанцін Станіслававіч указаў, што нарадзіўся ў 1872 годзе ў вёсцы Пугачы Ракаўскай воласці; акрамя беларускай валодае польскай мовай, родзічы «адрэзаны» палякамі. Па даносе ў жніўні 1933 года К. С. Багіно быў арыштаваны, беспадстаўна прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў як член нелегальнай Польскай ваеннай арганізацыі (якая ўжо даўно не існавала!) і сасланы ў Варкуту.
Ксенію Іванаўну выслалі з Мінска ў г. Злынка Бранскай вобласці, што за 50 кіламетраў ад Гомеля. Дзеці —15-гадовы Жорж і 10-гадовая Люся —засталіся адны ў Мінску, некаторы час разам з імі пражывала і дапамагала старэйшая кузіна Зінаіда Пятроўна Грышэль, але пасля забралі і яе. Дзяцей Багіно выключылі з навучальных устаноў. Георгій, каб пракарміць сябе і сястру, пайшоў працаваць настройшчыкам. Падчас працы пашкодзіў сабе падушачкі пальцаў. Пазней гэта адбілася на яго кар’еры прафесійнага музыканта-выканаўцы.
Дапамога прыйшла ад настаўніцы музыкі Валянціны Антонаўны Сямашкі, якая дала свайму таленавітаму вучню рэкамендацыйны ліст да прафесара Маскоўскай кансерваторыі Канстанціна Мікалаевіча Ігумнава. Георгій паехаў у Маскву, за год даздаў экзамены за курс музычнага вучылішча і паступіў у Маскоўскую кансерваторыю. У хуткім часе ён забраў да сябе сястру Людмілу, якая скончыла ў Маскве школу і паступіла ў музычнае вучылішча па класе арфы. Перад Вялікай Айчыннай вайной, у 1940 годзе, смяротна хворага на анкалогію Канстанціна Станіслававіча вызвалілі з лагера, ён прыехаў да жонкі ў Злынку і яшчэ паспеў пабачыцца з дзецьмі.
На пачатку вайны Людміла гасцявала ў бацькоў, яе адправілі апошнім цягніком у Маскву. Ксенія Іванаўна і Канстанцін Станіслававіч вырашылі вярнуцца ў родны Мінск — савецкія людзі былі дэзынфармаваны, верылі, што хутка фашысцкіх захопнікаў перамогуць. Напрыканцы чэрвеня 1941 года па дарозе ў Мінск Канстанцін Станіслававіч памёр. Ксенія Іванаўна апынулася ў акупаваным Мінску і нічога не ведала пра лёс сваіх дзяцей на працягу трох гадоў. Добрыя весткі прынёс Даніла Міцкевіч у ліпені 1944 года.
Падчас вайны Георгій і Людміла Багіно былі эвакуіраваны з Масквы ў Саратаў, дзе працягвалі вучобу. Георгію, як сталінскаму стыпендыяту, далі бронь ад прызыву на фронт. Пасля вайны сям’я Багіно ўз’ядналася і асталявалася ў Маскве. Георгій скончыў кансерваторыю, а Людміла — гістарычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.
Георгій Канстанцінавіч Багіно ўсё жыццё займаўся настройкай раяляў, мог настройваць нават без камертона, рыхтаваў інструменты да выступлення зоркам фартэпіяннага мастацтва Святаславу Рыхтэру, з якім, дарэчы, паступаў у кансерваторыю, і Эмілю Гілельсу, ездзіў з імі на гастролі. Працаваў з пераможцам першага Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага ў Маскве Ван Клібернам і многімі іншымі славутасцямі. Акрамя работы ў кансерваторыі ён выкладаў у дзіцячай музычнай школе. У 50 гадоў Георгій Канстанцінавіч даў сольны канцэрт у Вялікай зале Акадэміі музыкі імя Гнесіных. Заўсёды працаваў, не шкадуючы сябе. У 1971 годзе ў Георгія Канстанцінавіча здарыўся цяжкі інсульт, жыццё адмерыла яму яшчэ восем гадоў. З-за хваробы шмат у чым давялося быць абмежаваным, але Г. К. Багіно напісаў кнігу «Гульні-задачы для музыкантаў-пачаткоўцаў» (1974).
Выдатнага майстра не стала ў 1979 годзе, яго пахавалі на Данскіх могілках у Маскве.
«Багіно — настройшчык ад Бога» — так з павагай казалі калегі Георгія Канстанцінавіча. Сусветна вядомыя музыканты высока цанілі яго талент. Музычную дынастыю Багіно працягваюць яго ўнукі. Сярод іх — вядомы піяніст, дырэктар Рымскай акадэміі інтэрнацыянальнай музыкі Канстанцін Георгіевіч Багіно, названы ў гонар свайго дзеда.
Вера МІЦКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura