У свой час я напісаў апавяданне «Макар і дарога» — яго надрукаваў штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Будучы ў Мінску, пачуў камплімент ад аднаго з вядомых пісьменнікаў: «У адным апавяданні ты ўмясціў столькі жыцця, што ў мяне склалася ўражанне, быццам я прачытаў раман». З лёгкай, як кажуць, рукі старэйшага таварыша я і пачаў пісаць жыццёвінкі — зусім кароткія творы, на старонку, а то і менш.
Пазней адзін крытык папракнуў мяне, што я «разбазарваю» цікавыя сюжэты, маўляў, з асобных жыццёвінак можна зрабіць не толькі прыстойнае апавяданне, але і аповесць напісаць. Не шкада хіба? Ніколечкі! Затое я эканомлю час паважанага чытача. Пры гэтым, заўважу, калі ўдаецца чарговая жыццёвінка, я на сёмым небе ад шчасця — радуюся, быццам раман напісаў! Так што, паважаны чытач, на сёмым небе я быў ажно 110 разоў! Менавіта столькі жыццёвінак змешчана ў новай кнізе.
Перш чым з'явіўся асобны том, жыццёвінкі ахвотна друкавалі газета «Звязда», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» і часопіс «Полымя», адкуль паведамлялі, што людзі не шкадуюць добрых водгукаў і чакаюць новых жыццёвінак. Гэта натхняла. Цёплае слова, як вядома, ніколі не шкодзіць творчаму чалавеку. Аўтар жыццёвінак не выключэнне.
Ахвотна працягваю працаваць у некалі абраным жанры і спадзяюся, што жыццёвінкі, перш чым стаць другой кнігай (хоць і праз некалькі гадоў, канешне), таксама спадабаюцца чытачам шаноўнай «Звязды» і іншых выданняў.
Ні ў якім разе не стаўлю кропку.
Васіль Ткачоў, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/vasil-tkachou
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyovinki