XXVІ Дзень беларускага пісьменства пройдзе на Гродзеншчыне — у старажытным Слоніме. Да свята прыгожага пісьменства рыхтуюцца не толькі ў вобласці і раённым цэнтры. Падарункі Дню беларускага пісьменства ўжо адзін за адным імкнуцца зрабіць і кніжныя выдавецтвы краіны.
У мінскім «Кнігазборы» выйшла кніга дасведчанага збіральніка гістарычных памятак Айчыны Сяргея Чыгрына «Гістарычная мазаіка Слонімшчыны». Вядомы ў краіне краязнаўчы пісьменнік склаў своеасаблівую міні-энцыклапедыю. Лаканічны аповед выкананы з прывязанасцю да гістарычных адрэзкаў часу. Вось назвы некаторых артыкулаў: «Гісторыя Слоніма пачынаецца з 1036 года»; «Слонімскі замак»; «Пра раскопкі ў Слоніме»; «Першая кніга пра Слонім»; «Італьянская каханка Агінскага»; «Руіны палаца Агінскіх, пачатак XІX стагоддзя»; «Слонімскія габелены Агінскага»; «Мапы Слонімшчыны»; «Вяскоўцы Слонімскага павета, 1860-я гады»; «Такі палац быў у Новадзявяткавічах»... Назвы пераконваюць (і, паверце, змест — таксама), што кніга дазваляе ажыццявіць цікавае, насычанае добрымі сустрэчамі, віртуальнае падарожжа па Слонімшчыне.
З «Гістарычнай мазаікай Слонімшчыны» можна смела ісці на школьны ўрок гісторыі, а мо нават — і не толькі гісторыі. А тое, што кнігу варта смела выкарыстоўваць у арганізацыі краязнаўчай работы ў рэгіёне, дык у гэтым можна не сумнявацца. Ведаючы, як заўсёды ставяцца да зробленага аўтарытэтным гістарычным і краязнаўчым пісьменнікам Сяргеем Чыгрыном, будзьце ўпэўнены, што кніга разыдзецца сярод чытачоў, пакупнікоў яшчэ задоўга да свята. Нагадаем, што наклад яе — усяго 200 экзэмпляраў. Добра было б да XXVІ Дня беларускага пісьменства ўсё ж такі зрабіць перавыданне «Гістарычнай мазаікі Слонімшчыны» Сяргея Чыгрына самым масавым накладам. Гэта будзе добрым прыкладам гісторыка-публіцыстычнай, кнігавыдавецкай руплівасці яшчэ і ў сувязі з тым, што ў 2018—2020 гадах краіна жыве пад знакам Года малой радзімы.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/slonim
[6] https://zviazda.by/be/tags/vydavectva