Як паведамляе афіцыйны сайт групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, у канцы мінулага тыдня, 26 ліпеня, неўстаноўленая дзяўчына ў 15.13 зайшла ў краму «Тавары для дома» ў вёсцы Залессе Чачэрскага раёна.
Там яна прадставілася работнікам абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і паведаміла, што агледзіць гандлёвы пункт на прадмет выяўлення недахопаў. «Праверыўшы» магазін, яна ўказала загадчыцы на быццам бы знойдзеныя «парушэнні» і сказала, што сума штрафу складае 45 рублёў.
Работнік крамы перадала грошы невядомай, і тая выйшла з гандлёвага памяшкання. Якіх-небудзь дакументаў, якія пацвярджалі б факт правядзення праверкі або выплаты штрафу, дзяўчына не пакінула.
Учора днём стала вядома, што аператыўнікі Савецкага РАУС Гомеля ў абласным цэнтры затрымалі падазраваную ў здзяйсненні гэтага злачынства дзяўчыну, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў. Затрыманай аказалася непрацуючая 29-гадовая жыхарка Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
Канстанцін ЛЮТКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kanstancin-lyutkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[5] https://zviazda.by/be/tags/chacherski-rayon