На міжнародным конкурсе «Міс свету Рlus Sіzе», які пройдзе 5–10 лістапада ў Кіеве, удзельніца беларускага адбору мулатка Ванеса Морская-Умене прадставіць радзіму свайго бацькі — Нігерыю.
Гэту ідэю 23-гадовая дзяўчына з інтэрнацыянальнай сям’і прапанавала арганізатарам сама. «Я з дзяцінства разумела, што жыву як быццам у двух светах: у паўднёвым, дзе вітаюцца пышныя формы, і ў паўночным, дзе яны лічацца хутчэй праблемай. А я люблю сваё цела — значыць, і ўспрыманне ў мяне не беларускае, а афрыканскае. І хоць характарам я больш падобная да мамы, але знешне, скажам шчыра, якая з мяне беларуска? Хоць у народным беларускім касцюме я танцавала!» — смяецца Ванеса. А нацыянальны дырэктар конкурсу, вядомая мадэль Яўгенія Цюленева, якая два гады таму ўвайшла ў топ-5 лепшых на конкурсе «Міс свету Рlus Sіzе» ў Сінгапуры, дадае, што беларуская каманда аднеслася да ідэі з разуменнем і без крыўдаў, таму працягне падтрымліваць дзяўчыну, бо грамадзянства ў яе ўсё ж беларускае. Усе ўборы, акрамя нацыянальнага нігерыйскага, для ўдзельніцы, гэтаксама як для 5 беларускіх дзяўчат — фіналістак адбору, падрыхтуюць нашы брэнды і дызайнеры. Больш за тое: калі Ванеса пераможа ў міжнародным конкурсе, карона прыедзе ў Беларусь, а Мінск атрымае права стаць гаспадаром форуму прыгажосці ў 2020-м.
Нагадаем, праект «Міс Беларусь Рlus Sіzе» прайшоў у нашай краіне ўпершыню, да ўдзелу ў ім запрашаліся дзяўчаты ад 20 да 40 гадоў і з памерам адзення не меншым за 46-ы. Арганізатары атрымалі 146 анкет з усіх куткоў краіны, з якіх у працэсе вочнага кастынгу і папярэдніх конкурсаў выбралі 20, 10 і, нарэшце, 5 наймацнейшых канкурсантак. Менавіта яны прадставяць нашу краіну на міжнародным конкурсе прыгажосці, не абмежаванай «стандартнымі» параметрамі і рамкамі.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Фота прадстаўлена арганізатарамі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/konkurs-prygazhosci
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/nigeryya