Вера:
— Тата, а ты ведаеш, што выйшаў новы мульцік пра Прастаквашына і там з'явілася маленькая дзяўчынка, якую завуць Вера Паўлаўна?
— Так? А прозвішча ў яе выпадкова не Холад?
— Не ведаю.
Дзеля інтарэсу вырашыў высветліць «радаслоўную» мульцяшнай Веры Паўлаўны:
— Гэта атрымліваецца, што яна дачка Дзядзькі Фёдара, ці што?
— Не, сястра.
Поля няўпэўнена:
— А па-мойму, дачка...
Вера:
— Поля, гэта дакладна яго сястра.
(Калі двайняткі пачынаюць спрачацца, выйсце заўсёды адно: спытацца аб прадмеце спрэчкі ў «Гугла».)
У выніку адпаведнага запыту мы высветлілі, што Вера Паўлаўна і праўда малодшая сястра Дзядзькі Фёдара. Таму, выходзіць, мая Вера Паўлаўна мела рацыю.
Пры гэтым падчас «даследавання» высветліўся іншы цікавы нюанс: згодна з мультфільмам, тату Веры Паўлаўны (і, адпаведна, Дзядзькі Фёдара) чамусьці завуць... Дзмітрый (?!). На гэту невялікую няўвязачку стваральнікі мультфільма ўвагі, відаць, не звярнулі.
Цяпер, каб выправіць прыкрую памылку, яны абавязкова павінны ўвесці ў наступнай серыі новы персанаж: нейкага Паўла, роднага бацьку Веры Паўлаўны. А можа, чым чорт не жартуе, і Дзядзькі Фёдара (нездарма ж ад нас столькі гадоў хаваюць яго імя па бацьку).
А пакуль, згадзіцеся, сямейка атрымліваецца, мякка кажучы, дзіўная: хлопчык па імені Дзядзька Фёдар, малая Вера Паўлаўна і іх тата Дзмітрый (так і хочацца сказаць «Ілжэдзмітрый»).
P. S. У гэтай неаднастайнай кампаніі толькі Шарык з Матроскіным выглядаюць больш-менш нармальнымі людзьмі.
☺☺☺
Двайняткі за кухонным сталом лепяць з пластыліну нейкія фігуркі. Раптам Вера бярэ сальніцу і пасыпае пластылін соллю.
Я, здзіўлена:
— Ты навошта пластылін соліш?
— Каб Ксеня яго не ела.
— А яна яго есць?
— Так.
— Усё роўна не салі, раптам ён з соллю яшчэ смачнейшы будзе?
— А што тады рабіць?
— Проста не давайце ёй пластылін.
Сказаў, а самога так і падмывае пакаштаваць: спачатку з соллю, потым без (ці наадварот). За апошнія сорак гадоў я, сорамна сказаць, зусім забыўся на смак пластыліну.
P. S. Хоць па старой памяці здаецца, што наяўнасць або адсутнасць солі ў гэтым выпадку непрынцыповая.
Павел Холад
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pavel-holad
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/troe-z-prastakvashyna
[4] https://zviazda.by/be/tags/natatki-shmatdzetnaga-tatki