Замарожаныя вітаміны з Віцебшчыны ўсё больш запатрабаваныя як на айчынным рынку, так і ў замежжы.
У прыватнасці, у філіяле «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга» — у гарадскім пасёлку Арэхаўск Аршанскага раёна — увялі ў эксплуатацыю абсталяванне глыбокага замарожвання. Цяпер можна штогод вырабляць мінімум 2-3 тысячы тон ягад і агародніны.
Дарэчы, у гэтай гаспадарцы збіраюць уласныя ўраджаі будучай прадукцыі: ёсць палі для ягад і цяпліцы для гародніны. У выніку філіял фактычна круглы год можа забяспечваць вытворчыя патрэбы ўласнай сыравінай.
Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства Паўла Фамінава, прадукцыя замарожваецца пры тэмпературы прыблізна мінус 40 градусаў. Працэс займае каля сарака хвілін. А ў маразільных камерах можна захоўваць каля 900 тон сыравіны.
Згодна з інвестыцыйным планам, новае абсталяванне дазволіць вырабляць новыя смачныя сумесі — нават з дзесяці кампанентаў.
Паралельна мадэрнізавалі ўчастак кансервавання цэха перапрацоўкі. Што адметна, не адстаюць ад сучасных трэндаў — выкарыстоўваецца шкляная экалагічна чыстая тара.
Што датычыцца, напрыклад, сокаў, то іх выбар, як мовяць, вельмі багаты: ад традыцыйных бярозавага і таматнага да ананасавага, грэйпфрутавага, мангавага... І штогод магчыма вырабляць больш за 85 тысяч бутэлек.
Замена абсталявання дазволіла павялічыць выпуск прадукцыі з высокім дабаўленым коштам. У асартыменце прадпрыемства — таксама агуркі, таматы, квашаная капуста ў вакуумнай упакоўцы.
А яшчэ адзін вельмі перспектыўны кірунак дзейнасці філіяла «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга» — малочная жывёлагадоўля. Нядаўна тут пачаў працаваць комплекс больш чым на 1,2 тысячы галоў. Ферму абслугоўваюць робаты. Агульная сума інвестыцый перавышае 21 мільён рублёў, і прыблізна пятая частка — уласныя ўкладанні. Астатняя сума — крэдытныя рэсурсы.
Нядаўна ўсё гэта агучылі падчас галінавага семінара-пасяджэння па развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці прадпрыемстваў Міністэрства энергетыкі.
Губернатар Мікалай Шарснёў не раз адзначаў, што пры выкарыстанні гаспадарчага падыходу менавіта такія сучасныя фермы і неабходна ўзводзіць. І лепш іх будзе па дзве-тры ў кожным раёне, але яны будуць працаваць эфектыўна.
Сама гісторыя філіяла пацвярджае, што курс у аграрным сектары краіны выбраны правільны. У няпростым 1991 годзе, калі перастаў існаваць СССР, быў створаны саўгас-камбінат «Цяплічны». У снежні 2008 года яго рэфармавалі шляхам далучэння да РУП «Віцебскэнерга». З таго часу сельскагаспадарчае прадпрыемства набірае абароты і лічыцца адным з перадавых ва ўсёй Віцебшчыне.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Прэв'ю: eda-land.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka