Усе сёння ведаюць, што цяжарнасць павiнна быць запланаваная. Падрыхтоўка да яе мусiць пачынацца як мiнiмум за тры месяцы. Але паводле статыстыкi каля 40 % цяжарнасцяў не запланаваны: жанчыны звяртаюцца да гiнеколага праз некалькi тыдняў пасля зачацця, калi ўжо закладзены многiя органы i сiстэмы плода. Якiя гэта тоiць небяспекi, што павiнны ведаць i якiх рэкамендацый прытрымлiвацца будучыя бацькi, а таксама якiя мiфы iснуюць пра цяжарнасць, расказала ўрач — акушэр-гiнеколаг сеткi цэнтраў медыцынскiх i касметалагiчных паслуг Vеrbа Наталля Яхнавец.
— Раскажыце, навошта планаваць цяжарнасць.
— Сёння тэрмiн, на якiм жанчына звяртаецца да акушэра-гiнеколага, часта складае 7-8 тыдняў, часам i больш. Да гэтага моманту адбылася закладка многiх органаў i сiстэм будучага малога, скончылася фармiраванне нервовай трубкi плода. I парокi развiцця, якiх можна было пазбегнуць дзякуючы прыёму той жа фолiевай кiслаты, мы ўжо не паспяваем скарэкцiраваць. Часам здараецца самаадвольны выкiдыш цi закладваецца цяжарнасць, якая не развiваецца, чаго таксама можна было б пазбегнуць. Часта, не здагадваючыся пра сваё цiкавае становiшча, пацыентка паспявае пагуляць на днi нараджэння, дзе ўжывае спiртныя напоi, прайсцi рэнтгеналагiчнае даследаванне, схадзiць на дэпiляцыю зоны бiкiнi, i потым прыходзiць да гiнеколага з пытаннем: «Што мне за гэта будзе?» Як правiла, гэта не цягне сур’ёзных ускладненняў, але дастаўляе шмат перажыванняў i стрэсу. Iдуць тыднi i месяцы, пакуль пацыентка не пройдзе ў 12 тыдняў скрынiнгавае УГД i не пачуе, што ўсё добра.
На жаль, бываюць i больш сумныя гiсторыi, калi пацыентка, якая лечыць малочнiцу гадамi, не здагадваючыся пра цяжарнасць, пры сiмптомах iдзе ў аптэку, набывае флуканазол, якi заўсёды дапамагаў. А гэты прэпарат валодае эмбрыятаксiчным тэратагенным дзеяннем, i такую цяжарнасць даводзiцца перарываць. Здараецца, пры цяжарнасцях малога тэрмiну ў пацыентак павышаецца тэмпература цела да 37,2–37,3 градуса, i ў гэты няпросты час яны звязваюць свой стан з вiруснай iнфекцыяй i пачынаюць займацца самалячэннем — набываюць у аптэцы антыбiётыкi, супрацьвiрусныя прэпараты. Выкарыстанне многiх такiх сродкаў на раннiх тэрмiнах тоiць небяспеку замерлай цяжарнасцi, фармiравання парокаў развiцця i выкiдышаў.
— Што ўключае падрыхтоўка да цяжарнасцi?
— Гэта комплекс лячэбна-прафiлактычных i дыягнастычных мерапрыемстваў, якiя дапамагаюць пары падысцi да надыходу цяжарнасцi ў найлепшым псiхiчным i фiзiчным здароўi. Яна прадугледжвае карэкцiроўку спосабу жыцця, ужыванне некаторых вiтамiнаў, а таксама комплекс абследаванняў. Падрыхтоўка патрэбна для таго, каб знiзiць мацярынскую смяротнасць i захваральнасць, яна дазваляе зменшыць колькасць заўчасных родаў, самаадвольных выкiдышаў, змяншае частату i колькасць шпiталiзацый у стацыянар на захаванне, што заўжды з’яўляецца стрэсам для пацыентак; дзякуючы ёй можна панiзiць колькасць неабходных медыкаментаў, палепшыць здароўе будучага малога, яго разумовыя здольнасцi, пазбегнуць некаторых парокаў развiцця, якiя можна прадухiлiць прыёмам вiтамiнаў i мiкраэлементаў.
— Якi аптымальны ўзрост будучых бацькоў?
— З пункту погляду медыцыны — з 19 да 35 гадоў, што можна растлумачыць мiнiмальнай колькасцю ўскладненняў. Як у больш юным, так i ў старэйшым ўзросце павялiчваецца iмавернасць прыроджаных парокаў развiцця, колькасць ускладненняў цяжарнасцi, родаў i пасляродавага перыяду. Сёння модна планаваць цяжарнасць у больш познiм узросце. Калi ў 2000-х гадах сярэднi ўзрост першай цяжарнасцi быў 20-21 год, то ў 2017–2018-м ён складаў 30-31 год. Чым старэйшая жанчына, тым большая iмавернасць узнiкнення ў яе тэрапеўтычных захворванняў, расце частата гiнекалагiчных хвароб, такiх як мiёмы, эндаметрыёз, бясплоддзе, паталогii шыйкi маткi, старэе генетычны матэрыял яйцаклеткi, змяншаецца фалiкулярны запас. Важным з’яўляецца той факт, што пасля 35 гадоў запас яйцаклетак прагрэсiўна знiжаецца. Часам для ўзроставых жанчын адзiнай магчымасцю мець дзяцей з’яўляецца выкарыстанне рэпрадуктыўных тэхналогiй з прыцягненнем сурагатнай мацi цi выкарыстанне донарскiх яйцаклетак.
— Гэта значыць, што пасля 40 нараджаць небяспечна?
— Нараджаць можна, але варта планаваць цяжарнасць. У старэйшым узросце яна патрабуе больш стараннай падрыхтоўкi i назiрання. Здараецца, што цяжарнасць надыходзiць у 42-43 гады. Такую жанчыну мы больш старанна абследуем, у тым лiку накiроўваем да генетыка, але не перарываем цяжарнасць.
— Якi перапынак памiж першай i другой цяжарнасцю лiчыцца аптымальным?
— Iнтэрвал памiж цяжарнасцямi складае 24 месяцы. Гэта той мiнiмальны час, якi неабходны для аднаўлення арганiзма жанчыны, яе гарманальнага фону, запасу неабходных вiтамiнаў i мiкраэлементаў. Асаблiва гэта важна для тых, у каго было кесарава сячэнне.
Канешне, падчас практыкi даводзiлася назiраць пацыентак, якiя прыходзiлi з меншым iнтэрвалам. Зразумела, мы не перарываем такую цяжарнасць, а робiм усё магчымае, каб знiзiць колькасць ускладненняў. Але трэба сказаць, што гэта з’яўляецца каласальным стрэсам не толькi для пацыенткi, але i для ўсёй сям’i. Значна часцей узнiкае пагроза перарывання цяжарнасцi, якая патрабуе шпiталiзацыi ў стацыянар. Устае праблема: хто будзе глядзець малога? I часта таты аказваюцца да гэтага не гатовы.
Калi быў самаадвольны выкiдыш, замерлая цяжарнасць цi яна была перарвана па жаданнi пацыенткi, то планаваць наступную варта не раней, чым праз тры—шэсць месяцаў.
— Вы сказалi, што пры падрыхтоўцы да бацькоўства варта змянiць спосаб жыцця...
— Гэта адзiн з ключавых момантаў. Здавалася б, банальная парада — пазбавiцца шкодных звычак, але яна датычыцца не толькi жанчын. Многiя мужчыны не адносяць ужыванне пiва да шкодных звычак. Тым часам яно ўтрымлiвае эстрагенападобныя рэчывы, якiя могуць пагоршыць якасць спермы. Забарона фiзiчных нагрузак для цяжарных — вялiкi мiф. Наадварот: умераныя фiзiчныя нагрузкi дазваляюць жанчыне падысцi да родаў у лепшай фiзiчнай форме. Таксама неабходная нармалiзацыя рэжыму сну, што дазваляе арганiзму правiльна выпрацоўваць гармоны — цяжарнасць настае хутчэй i праходзiць з меншай колькасцю ўскладненняў.
Важным з’яўляецца збалансаванае харчаванне. Вучоныя спрачаюцца сёння наконт карысцi вялiкай колькасцi штучных вiтамiнаў. Абавязковае ўжыванне полiвiтамiнаў — гэта яшчэ адзiн мiф. Варта пастарацца нармалiзаваць харчаванне i лiквiдаваць дэфiцыт мiкраэлементаў за кошт правiльнага збалансаванага рацыёну. Трэба мiнiмiзаваць стрэс i наладзiць рэгулярны рытм палавога жыцця — 2-3 разы на тыдзень.
— Якiя абследаваннi павiнна прайсцi пара пры планаваннi цяжарнасцi?
— Гэты аб’ём iндывiдуальны, ён не павiнен уключаць лiшнiх прызначэнняў. Калi перад намi маладая здаровая пацыентка, мы выконваем УГД органаў малога таза, па паказаннях — малочных залоз, мазок на анкацыталогiю, праводзiм абследаванне на iнфекцыi, якiя перадаюцца палавым шляхам. Абавязкова рэкамендуем пацыентцы наведаць стаматолага, бо дрэнныя зубы — крынiца iнфекцыi ў арганiзме, а лячэнне зубоў падчас цяжарнасцi выклiкае вялiкiя праблемы як у самой пацыенткi, так i ў стаматолага. Гэта звязана як з таксiкозам, так i з немагчымасцю выкарыстання абязбольваючых сродкаў.
30 % жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту маюць анемiю. Таму важна зрабiць агульны i бiяхiмiчны аналiз крывi. I скарэкцiраваць выяўленыя парушэннi да надыходу цяжарнасцi. На сёння ёсць звесткi, што цяжарнасць пры анемii працякае з большай частатой заўчасных родаў, з пагрозай перарывання, часцей нараджаюцца немаўляты з малой вагой, большая рызыка iнфекцыйных ускладненняў падчас цяжарнасцi i пасля родаў. Сёння вучоныя кажуць, што дзецi тых мам, якiя ўсю цяжарнасць прахадзiлi з анемiяй, горш навучаюцца i маюць нiжэйшыя разумовыя здольнасцi.
Калi ў пацыенткi ёсць захворваннi шчытападобнай залозы, цукровы дыябет, атлусценне, неабходна пры падрыхтоўцы да цяжарнасцi падключаць адпаведных спецыялiстаў. Важным з’яўляецца лячэнне такiх паталогiй, як хваробы нырак, сардэчна-сасудзiстыя захворваннi, артэрыяльная гiпертэнзiя. У такiм выпадку пацыенткi могуць шпiталiзавацца ў стацыянар i праходзiць паглыбленае комплекснае абследаванне, iм праводзяцца кансiлiумы, аздараўляецца арганiзм, што дазваляе прымаць меншую колькасць медыкаментаў, а цяжарнасць працякае з меншай колькасцю ўскладненняў i прымаць меншую колькасць медыкаментаў.
— Кажуць, што гемарой i варыкоз лячыць не трэба, бо ўсё роўна яны з’явяцца падчас цяжарнасцi...
— Гэта вялiкi мiф. Iх варта пралячыць, бо пасля радзей узнiкаюць ускладненнi i рэцыдывы названых хвароб.
— Навошта рабiць спермаграму?
— Яна не з’яўляецца абавязковым стандартным абследаваннем пры планаваннi цяжарнасцi. Але можна здаць гэты просты, бязбольны i вельмi iнфарматыўны аналiз. На жаль, здароўе мужчын сёння часам пакiдае жадаць лепшага. Ужыванне спiртнога, курэнне, iнтэнсiўныя фiзiчныя нагрузкi, перагрэў рэпрадуктыўных органаў, а таксама ўздзеянне шкодных фактараў навакольнага асяроддзя прыводзяць да пагаршэння спермаграмы. I ў такiм выпадку вялiкая iмавернасць прыроджаных парокаў развiцця, замерлай цяжарнасцi. Здаровы спосаб жыцця, прыём некаторых медыкаментаў, а таксама пазбяганне празмерных фiзiчных нагрузак дазволяць палепшыць параметры спермаграмы.
— У якiх выпадках пры планаваннi патрэбна кансультацыя генетыка?
— Гэта залежыць ад акушэрскага i сямейнага анамнезу. Пры наяўнасцi ў сямейным анамнезе прыроджаных парокаў развiцця, пры перарываннi цяжарнасцi з устаноўленымi парокамi развiцця, двух запар выкiдышах мы накiроўваем да такога спецыялiста.
— Калi зацяжараць у цяперашнi час, iснуе небяспека захварэць на каранавiрус...
— Жанчыны цяжаралi ва ўсе часы — i падчас халеры, i падчас вайны. Канешне, любая прастуда цi ВРВI на тэрмiне цяжарнасцi да 12 тыдняў можа прывесцi да ўскладненняў. Таму варта прытрымлiвацца мер бяспекi.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/cyazharnasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/cyazharnyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/cyazharnaya
[7] https://zviazda.by/be/tags/shkola-dlya-cyazharnyh
[8] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue-praktychny-padyhod