Як гэта — быць часткай аднаго з найлепшых студатрадаў краіны? Дваццацігадовая Дар'я КІРЫЛАВА, студэнтка-трэцякурсніца спецыяльнасці «Аўтаматызацыя харчовых працэсаў і вытворчасцяў» Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, на гэтае пытанне можа адказаць дакладна. На працягу двух гадоў яна была камандзірам сэрвіснага атрада імя двойчы Героя Савецкага Саюза І. І. Якубоўскага, а таксама штаба працоўных спраў БРСМ свайго ўніверсітэта. І столькі ж гэты атрад вызначаўся як найлепшы ў краіне ў сваёй намінацыі падчас традыцыйнага Усебеларускага з'езда студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Рамантыка». Мы пагутарылі з Дар'яй і дазналіся пра атрыманы ёю вопыт.
— Я даведалася пра магчымасць такой падпрацоўкі на першым курсе. Тады студэнтам прапанавалі паехаць у санаторый «Нарач» Мядзельскага раёна. Безумоўна, захацелася. Тым больш я вельмі люблю гатаваць, гэта для мяне — заспакаенне і асаблівы від медытацыі. Дзякуючы таму што я актыўна брала ўдзел у грамадскай дзейнасці ўніверсітэта, у якасці камандзіра абралі мяне.
Перад тым як прыступіць да працы, студэнты прайшлі пэўныя іспыты...
— Усіх нас чакала навучанне, якое доўжылася некалькі месяцаў. У каманду трапілі не ўсе — толькі самыя працавітыя і адказныя. Ужо пазней, як камандзір, я самастойна арганізоўвала сустрэчы, каб настроіць калектыў на прадукцыйны працоўны семестр, які распачаўся ў ліпені. На аб'екце мы выконвалі абавязкі афіцыянтаў і памочнікаў кухараў з дзесяці да пяці гадзін вечара на працягу месяца, — кажа Даша.
На другім курсе суразмоўніца таксама «загарэлася» летняй працай у студатрадзе. Здаўшы датэрмінова залікі і экзамены, яна апынулася ў складзе сэрвіснага атрада на ІІ Еўрапейскіх гульнях.
— Наша каманда з дваццаці чатырох чалавек абслугоўвала спартсменаў, мы гатавалі і падавалі ім стравы. Рабілі гэта на розных аб'ектах. Хтосьці адказваў за выдачу гарачага, нехта наліваў супы, накладваў салаты. Або працаваў непасрэдна на кухні, напрыклад, гатаваў пасту або соусы. Я дапамагала су-шэфу на станцыі халодных страў і закусак. Рытм быў шалёны. Чарга спартсменаў выстройвалася на кіламетр усяго за некалькі хвілін, таму гатаваць і падаваць усё трэба было максімальна хутка. Нядзіўна, што часам сіл на забавы, кшталту паходаў у кіно, проста не хапала. Прыходзіш пасля змены ў інтэрнат — адразу ў душ і спаць. Але гэта выхоўвала такія прафесійныя і чалавечыя якасці, як стрыманасць, адказнасць, цярплівасць. Атрымала каласальны вопыт!
Хоць «сіл на кіно не хапала», але ўсё ж такі каманда сэрвіснага атрада паспявала атрымліваць пазітыўныя эмоцыі не толькі ад працы, але і ад адпачынку. «Часам увечары ў выхадныя дні гулялі ў спартыўныя гульні, прагульваліся па парку і наведвалі тэатр», — успамінае гераіня.
Дар'я прызнаецца: паміж студэнцкімі атрадамі звычайна пануе дух канкурэнцыі, які матывуе на далейшую работу над сабой.
Каманда сэрвіснага атрада.
— Штогод на розных мерапрыемствах сустракаемся з іншымі камандамі, і кожная хоча паказаць сябе з найлепшага боку. Аднак заўсёды ёсць месца і сяброўству. Напрыклад, летась на традыцыйным злёце «Час руху» мы спявалі разам на працягу прыкладна шасці гадзін — было весела!
Дзяўчына расказвае, што яе вопытам работы ў студэнцкім атрадзе зацікавіліся аднагрупнікі і знаёмыя. Хоць некаторыя дагэтуль не разумеюць, «як можна выбраць працу летам замест адпачынку»...
— На такія каментарыі не звяртаю ўвагі, проста раблю тое, што падабаецца. Галоўнае, што мяне падтрымліваюць бацькі. Многія са студэнтаў ідуць у атрад, каб падзарабіць. Але пасля таго, як яны праходзяць хоць праз адзін працоўны семестр, пачынаюць разумець, што атрымліваюць нашмат больш. Гэта і новыя знаёмствы, і развіццё сваіх здольнасцяў... Таму кажу хлопцам і дзяўчатам: усе дзверы адчынены, галоўнае — не сядзець на месцы!
Увогуле лічу, што жыццёвы вопыт трэба набываць як мага раней, і студэнцтва для гэтага вельмі падыходзіць. Цяпер атрымліваю паралельна дзве адукацыі — тэхнічную і эканамічную, у нашым універсітэце ёсць такая магчымасць. Спадзяюся, летам сітуацыя з каранавірусам зменіцца ў лепшы бок, і тады змагу паехаць у складзе студэнцкага вытворчага атрада ў якасці камандзіра на «Атлант». Цікава паспрабаваць свае сілы і ў гэтым кірунку, — падзялілася дзяўчына.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота з архіва гераіні
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/studatrad
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyouski-dzyarzhauny-universitet-harchavannya
[6] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-na-marshy