Адбываецца афіцыйны візіт прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана ў Беларусь.
Сустрэча з прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам адкрыла фармат міжнародных сустрэч лідараў краін, перарваны каранцінам і пандэміяй. Асаблівая гэта сустрэча яшчэ і таму, што гэты візіт кіраўніка ўрада Венгрыі ў Беларусь першы афіцыйны, але не першы ўвогуле. Віктар Орбан двойчы наведваў нашу краіну з прыватнымі візітамі ў якасці гледача футбольных матчаў.
Але тэмы, закранутыя сёння, былі далёкія ад спорту— тавараабарот, пашырэнне ўзаемадзеяння па лініі ЕС — ЕАЭС, наладжванне палітычных і эканамічных кантактаў.
Пачаў перамовы беларускі лідар са слоў віншавання: «Хачу вас павіншаваць, вы адкрываеце ўсяму свету старыя-новыя маршруты пасля гэтай страшнай, як нам здавалася, эпідэміі. І ў сваю чаргу я хачу вам падзякаваць, што гэты маршрут вы адкрылі, прыбыўшы ў Беларусь».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яны з Віктарам Орбанам завочна дастаткова знаёмыя, сустракаліся неаднойчы і на міжнародных канферэнцыях.
«Гэта краіна з вельмі высокім узроўнем развіцця і велізарным патэнцыялам. І той узровень нашых гандлёва-эканамічных, ды і палітычных узаемаадносін абсалютна не адпавядае таму, што мы можам», — упэўнены наш Прэзідэнт.
Тавараабарот у 255 мільёнаў еўра — не тая лічба, якая павінна быць.
«Нам трэба выкарыстоўваць усе магчымасці Венгрыі і Беларусі, каб пашырыць таваарабарот не толькі паміж нашымі краінамі, але і паміж двума магутнымі эканамічнымі арганізацыямі: Еўрапейскім саюзам, з аднаго боку, і Еўразійскім эканамічным саюзам — з другога, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы аб чымсьці дамовімся, Беларусь свята будзе выконваць гэтыя дамоўленасці».
Віктар Орбан: Я прыехаў са шчырамі намерамі аб супрацоўніцтве
Віктар Орбан расказаў, што, думаючы аб замежных паездках пасля пандэміі, заключыў: «Давайце паедзем туды, куды даўно абяцаем. Гэтым візітам мы вам абавязаны ўжо даўно».
Ён адзначыў, што Прэзідэнт Беларусі быў у Венгрыі ў далёкім 1994 годзе.
Прэм’ер-міністр выказаў згоду з кіраўніком нашай краіны: «Вы маеце рацыю, што мы мала з гэтага пачарпнулі. Нашы палітычныя кантакты недастаткова шчыльныя. Мы мала размаўляем адзін з адным, і аб’ём эканамічнага супрацоўніцтва таксама дастаткова сціплы. Хаця мы ў Будапешце ведаем, што Беларусь развітая краіна. Мы заўсёды з вялікай павагай ставіліся да машынабудаўнічай і харчовай прамысловасці Беларусі. Мы высока цэнім культуру вашай краіны і спартыўныя дасягненні. Я вельмі спадзяюся, што наша сённяшняя сустрэча будзе абазначаць значны крок наперад. Я прыехаў са шчырамі намерамі аб супрацоўніцтве».
«Венгрыя з’яўляецца самым блізкім для Беларусі партнёрам у Еўрасаюзе»
Сённяшняя размова, як заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам па выніках сустрэчы, атрымалася вельмі канструктыўнай і паказала, што беларуска-венгерскае супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме. Пацверджанне таму — і падабенства поглядаў па многіх актуальных праблемах.
«Венгрыя з’яўляецца самым блізкім для Беларусі партнёрам у Еўрасаюзе. Як ніхто іншы, разумее нас і спрыяе паглыбленню нашых адносін з Еўрапейскім саюзам. 3а апошнія гады яны значна палепшыліся, сталі больш прагматычнымі, раўнапраўнымі і, самае галоўнае, прадуктыўнымі. Вялікая заслуга ў гэтым нашых сяброў з Будапешта і асабіста Віктара Орбана, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — Нашы краіны зацікаўлены ў развіцці Усходняга партнёрства як стваральнай ініцыятывы, арыентаванай на эканамічны рост. Прычым ініцыятывы, якія не парушаюць нічыіх інтарэсаў».
Беларусь гатовая да далейшага развіцця дыялогу ва ўзаемапаважлівым ключы і на раўнапраўнай аснове ў рамках Паўночна-Атлантычнага альянсу, адносіны з якім у нас становяцца ўсё больш давернымі.
Таксама абмяняліся палітыкі думкамі адносна ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. «Канфлікт, які тлее там, з’яўляецца дэстабілізуючым фактарам еўрапейскай бяспекі і выклікам для ўсяго рэгіёна», — заявіў кіраўнік краіны.
Венгрыя падтрымлівае стратэгію Усходняга партнёрства, удзельнікам якой з’яўляецца Беларусь. «Тут мы кажам аб партнёрстве. Будаваць партнёрства санкцыямі немагчыма. Таму мы лічам, што для Еўрапейскага саюза наступіў момант ануляваць існуючыя санкцыі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь», — адзначыў Віктар Орбан.
Беларусь прапаноўвае Венгрыі кааперацыю ў вытворчасці экалагічнага электратранспарту
Венгрыя — краіна, блізкая Беларусі геаграфічна, гістарычна і культурна. Многія венгерскія брэнды шырока вядомыя ў нашай рэспубліцы. Пастаўлена задача, як запэўніў Аляксандр Лукашэнка, зрабіць, каб і брэнд «Зроблена ў Беларусі» стаў не менш папулярным у Венгрыі.
Прыкладам эфектыўнага супрацоўніцтва ў прамысловасці можна назваць праект беларуска-венгерска-швейцарскай кааперацыі па вытворчасці электрацягнікоў «Штадлер». У Венгрыю пастаўлены вырабленыя ў Беларусі саставы, першыя з іх ужо пратэставаны і хутка выйдуць на лінію.
«З улікам планаў Венгрыі па переходу на «зялёныя» тэхналогіі асабліва перспектыўнай бачыцца кааперацыя ў вытворчасці аўтобусаў, электробусаў, магчыма, і іншай тэхнікі. Пры ўзаемнай цікавасці ёсць усе магчымасці для выхаду на сумесныя маштабныя праекты», — канстатаваў беларускі лідар.
«Беларускі бок не дапусціць, каб хтосьці звонку спрабаваў уплываць на нашу энергетычную палітыку»
Аб’ядноўвае краіны спробы вонкавага процідзеяння рэалізацыі права на развіццё мірных ядзерных праграм, з якімі яны сутыкнуліся.
«Мы дамовіліся, што разам будзем даваць на іх адэкватны, але жорсткі адказ. Беларускі бок не дапусціць, каб хтосьці звонку спрабаваў уплываць на нашу энергетычную палітыку. Разам з тым мы гарантуем, што гэтая палітыка заўсёды будзе арыентавана на максімальную бяспеку, адкрытасць і празрыстасць», — сказаў Прэзідэнт Беларусі і запэўніў, што мы гатовы прыняць экспертаў МАГАТЭ, ЕС, іншых міжнародных структур, каб яны пераканаліся ў тым, што атамная электрастанцыя ў Астраўцы не пагражае ні самім беларусам, ні нашым суседзям.
Краіны пацвердзілі зацікаўленасць у абмене вопытам у ядзерна-энергетычнай сферы, эксплуатацыі АЭС, бяспечнага абыходжання з радыёактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам.
Пра тое, што дзяржавы дамовіліся працягнуць узаемадзеянне ў розных шматбаковых фарматах, расказаў Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў.
Эканамічным пытанням, па словах Аляксандра Лукашэнкі, прысвяцілі значную частку перамоў, але больш падрабязна гэты парадак абмяркуюць ва ўрадзе. Ён лічыць рэальным у два-тры гады павялічыць тавараабарот да паўмільярда еўра. «Мы завоблачныя лічбы не ставім. Пакуль неабходна дасягнуць 500 мільёнаў еўра тавараабароту. І мы будзем лічыць, што першы этап нашых інтэнсіўных кантактаў прынясе адчувальны эфект», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Зацікаўлена Беларусь у венгерскіх будаўніках, сельскай гаспадарцы, фармацэўтах (у Беларусі зарэгістравана 65 прэпаратаў з гэтай краіны), атамнай энергетыцы.
Выказаў Аляксандр Лукашэнка меркаванне пра ціск некаторых краін.
«Мне вельмі спадабаўся гэты выраз (прэм’ер-міністра Орбана — «Зв.»), што нас нахіляюць. Я па-свойму скажу, нас нахіляюць таму, што мы часам залішне цярпліва да гэтага ставімся. Гэта ключавы тэзіс, — дадаў Прэзідэнт. — Пандэмія сапраўды шмат што зменіць. Але ціск не знікне. Мы павінны быць да гэтага гатовыя. Ціснуць будуць з усіх бакоў, і вытрымае толькі моцны. Моцны не толькі ў эканамічным, ваенным, палітычным дачыненні, але перш за ўсё ў маральных адносінах».
Тавараабарот Беларусі і Венгрыі ў 2019 годзе павялічыўся (у 1,3 раза) да 253,6 мільёна еўра. Склалася станоўчае для нашай краіны сальда ў 7,6 мільёна еўра. У першыя тры месяцы бягучага года гандаль таварамі дасягнуў амаль 51 мільёна еўра, адмоўнае сальда з нашага боку — 3,3 мільёна.
У мінулым годзе амаль на 20 працэнтаў павялічаны і абарот паслуг. Найбольш папулярны ў Венгрыі нашы транспартныя і камп’ютарныя паслугі. У студзені–сакавіку 2020-га гэта сфера ўклала ў сумесны тавараабарот 4,5 мільёна еўра (сальда станоўчае ў 3,4 мільёна). У Беларусі заснава восем кампаній з венгерскім капіталам.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/vengryya
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/viktar-orban