Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi. Пра гэта гаворыцца ў летнiм прагнозе Еўракамiсii. Згодна з iм, эканомiка еўразоны ў 2020-м скароцiцца на 8,7 працэнта. Уплыў пандэмii на гаспадарчую дзейнасць акажацца больш значным, чым меркавалася дагэтуль, у сувязi з тым, што зняцце каранцiнных мер адбываецца больш павольнымi тэмпамi, чым ацэньвалася ў вясновым прагнозе. Еўрапейскiя ўлады падрыхтавалiся да найцяжэйшага эканамiчнага крызiсу. Як Стары Свет аднаўляецца ад глабальнага ўдару COVID-19 і чаго чакаць надалей?
Кволыя лакаматывы
Еўропа пагасiла хвалю пандэмii каранавiруса, зняла каранцiн i рыхтуецца адкрыць межы. Мэта — вярнуцца да нармальнага жыцця i запусцiць заглухлую эканомiку, мiж iншым, другую па памерах у свеце пасля амерыканскай. Стадыя абвалу завершана, дзелавая актыўнасць ажывае, але эканамiсты i палiтыкi толькi пачынаюць прыкiдваць, колькi спатрэбiцца часу i грошай на выхад з найбуйнейшага крызiсу стагоддзя, адзначае Бi-бi-сi.
У агульнай змрочнай карцiне ёсць пэўныя станоўчыя моманты. Днямi ЕС падвёў першыя вынiкi распачатага ажыўлення. Статыстыка аказалася абнадзейлiвай. Рост беспрацоўя ў найбуйнейшым палiтычным саюзе планеты з насельнiцтвам 450 мiльёнаў чалавек амаль спынiўся, а бiзнес i насельнiцтва зноў паверылi ў магчымасць зарабляць: рост шырокага iндэкса дзелавых настрояў, якi пачаўся ў маi, рэзка паскорыўся ў чэрвенi i ўжо адыграў амаль трэць каранцiннага падзення.
Лакаматывам ажыўлення выступаюць найбуйнейшыя еўрапейскiя эканомiкi, якiя моцна пацярпелi ад каранавiруса. Францыя адчыталася аб амаль поўным аднаўленнi iндэкса настрояў спажыўцоў, а Iспанiя — аб нябачаным росце рознiчных продажаў — амаль на 20 працэнтаў. «Найгоршае ззаду», — ацанiла сiтуацыю кiраўнiк еўрапейскага цэнтрабанка Крысцiн Лагард. «Але самае складанае — наперадзе», — адразу ж папярэдзiла яна. Эканамiчны крызiс толькi пачынаецца, пагадзiўся з ёй новы прэм'ер-мiнiстр Францыi Жан Кастэкс, якi прызначаны на пасаду ў канцы мiнулага тыдня. У сваiм першым выступленнi ў новай якасцi ён сказаў, што вiдавочныя адпаведныя «праявы ў эканомiцы i сацыяльнай сферы. Мы павiнны падрыхтаваць да крызiсу краiну».
Чаканнi насуперак рэальнасцi
Зрэшты чэрвеньская статыстыка абнадзейвае не ўсiх. Еўрапейская эканомiка, падобна, дасягнула дна i пачынае патроху ўсплываць. Але шлях да паверхнi зойме не адзiн месяц, i чым даўжэй яна будзе пазбаўленая кiслароду, тым больш пацерпiць, заўважае Бi-бi-сi. Каб прадухiлiць адмiранне тканак i органаў, эканомiку прыйдзецца падключыць да сiстэмы жыццезабеспячэння. Іншымі словамі, напампаваць яе грашыма.
Вядома, працягласць крызiсу мае вырашальнае значэнне: чым хутчэй свет выйдзе з яго, тым менш потым вяртаць па крэдытах на лячэнне за кошт павышэння падаткаў i зацягвання паясоў. «Тое, што мы адштурхнулiся ад дна, вядома, не можа не радаваць. Але гэты факт сам па сабе нiчога не кажа нам аб тым, якiм менавiта будзе аднаўленне», — папярэдзiў адзiн з кiраўнiкоў еўрапейскага цэнтрабанка Фiлiп Лэйн.
Паколькi ўсё будзе залежаць ад галоўнай невядомай велiчынi, якая пакуль не паддаецца прагназаванню, — ад таго, як далей стане паводзiць сябе вiрус. «Мы ў сваiх сцэнарыях улiчваем частковыя перабоi ў гэтым i наступным годзе. Таму што сiтуацыя можа развiвацца па сцэнарыi «крок наперад, два — назад», калi нiбыта ўсё паляпшаецца, але раптам з'яўляюцца лакальныя праблемы», — заўважыў Лэйн, вядомы эканамiст i колiшнi кiраўнiк цэнтрабанка Iрландыi.
Запуск двух галоўных рухавiкоў эканамiчнага росту — спажывання i iнвестыцый — немагчымы да таго часу, пакуль людзi i кампанii апасаюцца другой хвалi пандэмii i адкладаюць выдаткi i ўкладаннi. «Менавiта таму мы лiчым, што поўнае аднаўленне эканомiкi будзе доўгае. Бо яно залежыць не толькi ад хуткасцi i паўнаты зняцця каранцiну, але i ад таго, як часта даводзiцца звяртацца да новых абмежаванняў у эканомiцы», — падкрэслiў Фiлiп Лэйн.
Мiж тым заказы ад пакупнiкоў тавараў i паслуг у чэрвенi працягвалi знiжацца — як на ўнутраным еўрапейскiм рынку, так i з-за мяжы. Гэта значыць, чаканнi некалькi апярэджваюць рэальнасць, адзначае Бi-бi-сi.
Зомбi-работнiкi
З беспрацоўем таксама складанасцi: няхай яно i перастала расцi, але ўсё было б нашмат горш, калi б не гiганцкая дзяржпадтрымка: у многiх краiнах зарплаты ў прыватным сектары на час каранцiну наўпрост выплачвалiся з казны. За кошт падаткаплацельшчыкаў такiм чынам штучна падтрымлiваецца i аплачваецца працаўладкаванне больш чым 40 мiльёнаў тых еўрапейцаў, якiя, няхай i вымушана, сядзяць дома. Гэта кожны трэцi работнiк у найбуйнейшых краiнах: Германii, Францыi, Iталii i Iспанii.
Да восенi гэтыя датацыi вычарпаюцца, i Еўропа можа адправiцца па амерыканскiм шляху, дзе беспрацоўе з-за каранцiну ўзляцела з 3,5 да 15 працэнтаў. У ЕС жа гэты вызначальны паказчык вырас усяго на дзясятыя долi працэнта — з 6,4 % да 6,7 %. «Практычна непрыкметны рост беспрацоўя ў еўразоне адлюстроўвае поспех кароткатэрмiновай палiтыкi падтрымкi занятасцi i скарачэнне працаздольнага насельнiцтва за кошт тых, хто часова пазбавiўся магчымасцi шукаць работу. Абодва гэтыя фактары хутка сыдуць у мiнулае, i беспрацоўе рэзка павялiчыцца ў найблiжэйшы год або каля таго», — не спяшаецца радавацца чэрвеньскiм даным аналiтык Джэсiка Хiндс з Capital Economics, перадае Бi-бi-сi.
Многiя з тых, хто цяпер сядзiць дома i атрымлiвае зарплату ад дзяржавы, рызыкуе па заканчэннi гэтай праграмы разам з дзяржпадтрымкай пазбавiцца i работы: фiрмы будуць скарачаць персанал, як толькi iм давядзецца зноў плацiць са сваёй кiшэнi. Такая доля пагражае ў еўразоне прыкладна 9 мiльёнам чалавек, падлiчылi эканамiсты страхавой кампанii Allianz. «Мы называем iх зомбi-работнiкамi. Каб пазбегнуць адкладзенага масавага беспрацоўя, прыйдзецца прымаць экстранныя меры», — падкрэслiваюць эксперты. Да канца года, паводле ацэнак еўрапейскага цэнтрабанка, беспрацоўе можа дасягнуць 10 працэнтаў.
Глабальны паказчык у развiтых краiнах можа перасягнуць нават часы Вялiкай дэпрэсii. Вярнуцца да дакрызiснага ўзроўню ўдасца не раней за 2022-і. Такi прагноз утрымлiваецца ў дакладзе Арганiзацыi эканамiчнага супрацоўнiцтва i развiцця (АЭСР). «Пандэмiя звяла на нiшто ўвесь прагрэс, дасягнуты на рынку працы за апошняе дзесяцiгоддзе», — заявiў кiраўнiк АЭСР Анхель Гурыа.
Дзве хуткасцi
I нават калi аднаўленне еўрапейскай эканомiкi будзе iсцi па плане, не перарываючыся на другую хвалю пандэмii, вяртанне да ранейшых тэмпаў росту будзе нераўнамернае. Адны краiны выйдуць з крызiсу хутчэй, у iншых гэта зойме больш часу, папярэдзiў вiцэ-прэзiдэнт еўрапейскага цэнтрабанка Луiс дэ Гiндас. «Няма нiчога незвычайнага ў тым, што эканомiка аднаўляецца, калi здымаюць каранцiн. Як няма нiчога незвычайнага i ў тым, што мы не ведаем, што здарыцца, калi скончыцца лета, — заўважыў ён. — Нас больш трывожыць iншае: падобна на тое, мы бачым прыкметы аднаўлення на двух розных хуткасцях».
Эканомiкi прытармазiлi ва ўсiх краiнах, але некаторыя ўсё ж пазбеглi сур'ёзнага падзення, i яны хутчэй вернуцца да стварэння нацыянальнага багацця, паступова адрываючыся ад партнёраў па эканамiчным i валютным саюзе. Гэта турбуе цэнтрабанк, якi адказвае за фiнансавую стабiльнасць у ЕС, заўважыў дэ Гiндас. I зусiм не абавязкова тыя краiны, на якiя прыйшлася асноўная смяротнасць ад каранавiруса, панясуць самыя сур'ёзныя страты.
Адзiны рынак ЕС аб'ядноўвае 27 дзяржаў, таму спад спажывання, iнвестыцый i гандлю прыносiць агульныя эканамiчныя цяжкасцi ўсiм яго ўдзельнiкам незалежна ад таго, як яны справiлiся з медыцынскай праблемай. Славакiя, напрыклад, адной з першых увяла каранцiн, i ў вынiку смяротнасць на душу насельнiцтва там аказалася ў сотнi разоў нiжэйшай, чым у найбольш пацярпелых Iспанii, Iталii i Францыi, i ў дзясяткi разоў нiжэйшай, чым у Германii. Аднак спад эканомiкi i ўсплёск беспрацоўя ў Славакii — нароўнi, калi не горшы, чым у тройкi аўтсайдараў, i нашмат перавышае нямецкiя паказчыкi.
Пазбеглi залiшняй смяротнасцi i Харватыя з Грэцыяй, аднак яны моцна залежаць ад турызму, i iх аднаўленню вельмi перашкодзiлi закрытыя межы. Паводле ацэнак Еўракамiсii, яны страцяць амаль 10 працэнтаў аб'ёму эканомiкi, тады як iншыя абыдуцца знiжэннем на 6—7 %. На шляху ажыўлення бiзнесу i спажывання паўстаюць не толькi страта даходаў, але i вымушаныя выдаткi. Iспанiя, напрыклад, нядаўна папярэдзiла, што ёй прыйдзецца павялiчыць падаткi, паколькi без гэтага не выправiць кепскае становiшча медыцыны, якое, дарэчы, яскрава выявiў каранакрызiс, — у краiне найгоршыя паказчыкi смяротнасцi ў Еўропе.
I нават Германiя на вачах страчвае колiшнi аптымiзм. Найбуйнейшая еўрапейская эканомiка аднаўляецца, аднак далёка не тымi тэмпамi, на якiя разлiчвала. Яшчэ месяц таму iнстытут Ifo, якi замярае «тэмпературу» нямецкай эканомiкi, прадказваў налета рэкордны 10-працэнтны рост. А цяпер ён чакае павелiчэнне ВУП толькi на 6,4 %. Мiнiстр эканомiкi Германii Петэр Альтмаер даў яшчэ больш сцiплыя ацэнкi: сёлетнi спад на 6 % i рост на 5 % у 2021-м. Аднаўленне пачнецца ў лепшым выпадку ў кастрычнiку, а занятасць не вернецца на дакрызiсны ўзровень да канца 2022-га.
Гранты i «друкавальны станок»
«Эканамiчны эфект каранцiну будзе мацнейшы, чым чакалася першапачаткова», — заўважыў выканаўчы намеснiк старшынi ЕК, якi курыруе эканомiку, Валдзiс Дамброўскiс. Еўропа запусцiла «друкавальны станок» на фоне пандэмii каранавiруса, каторая выклiкала наймацнейшы крызiс у рэгiёне з часоў Другой сусветнай вайны, пiша Bloomberg. Еўрапейскi цэнтральны банк (ЕЦБ) у чэрвенi выдаў больш як 700 мясцовым банкам танныя крэдыты больш чым на 1,3 трыльёна еўра. ЕК з пачатку чэрвеня запусцiла праграму экстраннага крэдытавання на 540 мiльярдаў еўра. Таксама Еўракамiсiя абмяркоўвае стварэнне доўгатэрмiновага стабiлiзацыйнага фонду, аднак дасягнуць дамоўленасцяў пакуль не ўдалося. План аднаўлення прадугледжвае, што ЕС зойме на рынках капiталу пад агульныя гарантыi 750 мiльярдаў долараў i раздасць iх у выглядзе крэдытаў i грантаў. На апошнiя прыйдзецца дзве трацiны ўсёй сумы.
Еўрапейскiя ўрады прызналi, што адмовiцца ад мер стымулявання эканомiкi i падтрымкi бiзнесу ўдасца не хутка, паведамiў Bloomberg. Да таго ж рэгiструюцца новыя ўспышкi заражэння каранавiрусам. У шэрагу краiн уладам прыйшлося вярнуць адмененыя раней абмежаваннi. Мiж тым, як паказаў час, да такiх мер варта ставiцца з вялiкай асцярожнасцю. Аб чым, прынамсi, сведчыць вопыт Швецыi. Гэтая скандынаўская краiна нават у такi няпросты час не толькi не страцiла пазiцыi, а нават атрымала эканамiчную выгаду. За апошнiя тры месяцы курс нацыянальнай валюты вырас — з 11,2 кроны за еўра ў сярэдзiне сакавiка да 10,4 у пачатку лiпеня.
Зусiм хутка — плануецца, што ўжо ў сярэдзiне лiпеня — лiдары ЕС упершыню за доўгiя месяцы пандэмii збяруцца на асабiстую сустрэчу ў Бруселi i паспрабуюць усё ж узгаднiць сучасны аналаг пасляваеннага «плана Маршала», заклiканы забяспечыць аднаўленне, рывок у будучыню i перавод эканомiкi на «зялёныя» рэйкi. Задача — забяспечыць Старому Свету месца ў новай посткавiднай эры.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty