Беларусь шырока святкавала Дзень Вызвалення і Дзень Незалежнасці — у Купальскую пару
Лад, суладнасць, зладжанасць, згарманізаванасць… У любым здаровым арганізме адбываюцца штохвілінна тысячы розных мікрапрацэсаў — і ўсе падпарадкаваныя адной вялікай мэце: жыць. Іх зладжанасць і ёсць гарантыя таго, што на хісткай кладачцы паміж быццём і небыццём — выжывем, ацалеем. Гэтак і ў велізарным грамадскім арганізме ў святы, святочныя даты адбываецца гарманізацыя калектыўнай нашай свядомасці. Каб супольна ўсім нам развівацца й жыць далей.
Магчыма, многія заўважылі цікавыя “супадзенні” ў лёсе, гісторыі Беларусі. Менавіта 22 чэрвеня 1941‑га, у пару найвысокага сонца — Купальскую пару! — прыняла яна першы бой са смяротна небяспечным ворагам. І роўна праз тры гады, 23 чэрвеня 1944‑га, пачалася беларуская наступальная аперацыя “Баграціён”, якая завяршылася 29 жніўня. Гісторыкі кажуць: гэта была самая маштабная ваенная аперацыя Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе яе й быў вызвалены Мінск ад нацыстаў: 3 ліпеня. Па сутнасці, у Купальскую пару. А яе, мяркую, акрэсліваюць даты: ад 22 чэрвеня да 7 ліпеня. Ад астранамічнай даты пачатку летняга сонцастаяння да хрысціянскага паслякупальскага Дня Святога Яна.
Вельмі сімвалічна, што й Сонца нашай Незалежнасці мы цяпер таксама ўшаноўваем у Купальскую пару: 3 ліпеня. Але ж памятаем пра важны юбілей: што 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. 30 гадоў таму БССР была прызнана як самастойная дзяржава. І з 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята — Дзень Незалежнасці — адзначаўся 27 ліпеня, быў прымеркаваны да тае даты. А на рэспубліканскім рэферэндуме 1996 года народ прыняў рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня, калі адзначаецца Дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў. І нібыта тры святы сышліся ў адно. Іх, скажам так, энергетычны зарад значна ўзмацніўся.
Купалле, Вызваленне, Незалежнасць — вось якая магутная тройца стаіць над нашым Святам! Купалле — як знак таго, што мы ўбіраем у сябе жыццядайныя рытмы Сусвету ў пару найвышэйшага гадавога росквіту Прыроды. Вызваленне — як памяць пра выхад Беларусі з палону “карычневай чумы”. Незалежнасць — як знак усведамлення таго, што маем права мы пад гэтым сонцам, на гэтым белым свеце жыць у сваёй суверэннай краіне. Без чужое апекі.
За гады Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адладзіліся й святочныя, можна сказаць, рытуальныя дзеі, што паўтараюцца штогод з невялічкімі ўдакладненнямі 3 ліпеня. Урачыстасці ў сталіцы пачынаюцца з патрыятычнага шэсця “Беларусь помніць!”. Так было й сёлета. Як заўсёды, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаў у народным шэсці, а разам з ім і тры яго сыны, ветэраны, воіны-інтэрнацыяналісты. Ішлі па Праспекце Незалежнасці да Плошчы Перамогі кіраўнікі дзяржорганаў, прадстаўнікі культуры, спорту, медыйнай супольнасці, выхаванцы Мінскага кадэцкага вучылішча й піянеры, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзі, працоўных калектываў і духавенства.
Прыгожыя людзі. Каштоўная традыцыя. Сімвалічнае свята!
Іван Ждановіч
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy