У шэрагу паэтычных тэм, якія лічацца традыцыйнымі, каханне займае асаблівае месца. Калі родную зямлю і пейзажы можна лёгка абмінуць у творах, то каханне так ці інакш хаця б адным вершам прасочваецца ў творчую біяграфію большасці аўтараў. Або часам здараецца так, што вершамі пра каханне выглядаюць тыя, якія аўтар задумваў абсалютна па-іншаму. Больш універсальнай за інтымную застаецца, напэўна, толькі філасофская лірыка. Але філасофская лірыка — нават не тэма, а агульная назва для мільёна розных тэм, адасобленых і кропкава раскіданых па агромністым палатне паэзіі.
Іншымі словамі, даволі цяжка ўявіць сабе зборнік канкрэтна філасофскай лірыкі, які на сто адсоткаў адпавядаў бы заяўленаму жанру і быў максімальна цэласны. Са зборнікамі любоўнай лірыкі куды прасцей. Адзін з іх — «Я і Ты» Міколы Шабовіча (Мінкапрынт, 2019).
Уплыў гендарных стэрэатыпаў на сучасную паэзію варты асобнага падрабязнага разгляду, але з кнігай «Я і ты» выпадае разгледзець адзін з даволі цікавых аспектаў гэтай з’явы. Здавалася б — вершы пра каханне, ну якія тут стэрэатыпы. Тэзіс «пра каханне шмат пішуць толькі жанчыны» тут ужо не спрацоўвае. Але сама канцэпцыя кнігі выглядае дзіўна. Напэўна, няма нічога асаблівага ў тым, каб за столькі гадоў творчай дзейнасці назапасіць 150 вершаў пра каханне. У анатацыі заяўлена, што зборнік склалі і новыя, і старыя творы, але гады напісання нідзе не прастаўлены. І гэта бянтэжыць. Пры такой заяве хацелася б разгледзець нейкую аўтарскую дынаміку ў тэме, але ў дадзенным выпадку з’яўляецца адчуванне, што яе няма. Увесь зборнік чытаецца як адзін вялікі тэкст пра каханне з адпаведным вакабулярам і рытмам, які крыху змяняецца ад верша да верша, з абсалютна статычнай вобразнасцю. Іншымі словамі, прачытаць гэты зборнік адразу цалкам даволі складана — ёсць рызыка трапіць у пастку паэтычнай плыні і страціць вастрыню ўвагі.
Калі начытацца сучаснай паэзіі ў інтэрнэце, прызвычайваешся да таго, што любоўная лірыка або вобразная, або наратыўная. Калі начытацца шмат, то ўсе гэтыя бытапісанні, маналогі і казачныя персанажы надакучваюць праз падабенства. У Міколы Шабовіча наадварот — кожная Джаконда (якіх у зборніку штукі чатыры ў розных вершах), Дульсінея ці Джульета, што раптам выскоквае на чытача з патоку эмацыйнай патакі, асвяжае тэкст, прымушае перачытаць яго. Кожны раз, калі верш становіцца пэўным эскізам сюжэту, гэта выбівае яго з лірычнай інерцыі.
У такім аспекце яшчэ і кампазіцыя кнігі выглядае ўдалай, бо многія тэксты быццам бы сплятаюцца паміж сабой і утвараюць мікрасюжэты. Кшталту такога: у адным з тэкстаў аўтар сумуе па развітанні, у наступным заклікае жанчыну да новай сустрэчы, а ў трэцім ужо сустракае яе на вакзале.
Нібы цэлая вечнасць — мой дзень без цябе...
Да фантазій тваіх ва ўспамінах імкнуся.
Развітанне з табой — як даніна журбе,
Бо калі ў тыя мроі на хвілю вярнуся.
Аўтар строга трымаецца рытму, зусім не блытаецца ва ўласнай вобразнасці. Зададзеная лінія спакойна цягнецца ў сваім накірунку — расстанні, сустрэчы, мімаходзь прамоўленыя падазрэнні аб «другім» і бясконцае захапленне жанчынай, шчасце быць побач. Хаця і нельга сказаць, што тэксты абсалютна аднолькавыя па настроі — некаторыя з іх гучаць больш драматычна, у некаторых прабіваецца песенная задумлівасць, часам — легкадумнасць, даволі часта — заўважны эратызм.
Паэт карыстаецца прыгожай і насычанай беларускай мовай, час ад часу гуляе са словамі, стварае з іх своеасаблівыя «канцэнтраты настрою» кшталту белаквеці, светлаказкі і срэбрамузыкі. Улюбёнымі вобразнымі сродкамі Міколы Шабовіча з’яўляюцца поры году. «Вясна» ледзь не самае частае слова ў зборніку. Яно і зразумела. Каханне — вясна душы, маладосць пачуццяў — першы шэраг асацыяцый. Другое месца па ўжывальнасці займае восень, якая адсылае ўжо да ўзросту лірычнага героя. Зіма часцей з’яўляецца ў тэксце проста абазначэннем сезону.
Праз тое, што гады напісання тэкстаў не пазначаны, узнікае блытаніна з лірычнай гераіняй — «Яе Вялікасцю Жанчынай», дакладней яе ўзростам. У некаторых вершах ёй дзевятнаццаць гадоў, дзесьці яна асацыіруецца з вясной, дзесьці — разам з героем сустракае восень жыцця, часам яна — забытае і зноў сустрэтае першае каханне, а ў адным месцы аўтар у шэрагу інтэртэкстуальных параўнанняў называе яе Лалітай... Цалкам верагодна, што гэта розныя жанчыны. Але такая блытаніна лішні раз падкрэслівае асноўную хібу зборніка.
Я п’ю тваю зямную прыгажосць,
Хаця яна бадай што незямная.
Цябе свавольнік-вецер распранае
Ці ты сама усім вятрам на злосць
Падносіш свету і плячэй авальнасць,
І журавінкі спелыя грудзей
І ўсё-ткі, не пакінуўшы надзей,
Вяртаешся ў забытую астральнасць.
На працягу ўсіх 150 вершаў аўтар ніводнага разу так і не паказаў тую, што ён усхваляе. Канешне, у тэкстах хапае і пяшчотных рук, і плячэй, і вачэй, і грудзей, і ўсяго астатняга. Але ўсе рысы і ўсе тытулы, якімі паэт надзяляе сваю музу, пакідаюць яе вобраз абсалютна абстрактным. «Незнаёмка», «князёўна», «царыца», «незямная прыгажосць» — гэта ўмоўныя абазначэнні нейкага ідэальнага вобраза, за якім практычна немагчыма разгледзець сапраўдную жывую жанчыну. Мы вяртаемся да пачатку гэтага тэксту — да гендарных стэрэатыпаў. Аўтар, вядома ж, не пасылае сваю музу на кухню і не кажа, што яе прызначэнне — нараджаць дзяцей. Але ён пакідае яе аб’ектам, ідэалам без адметнасцей і без волевыяўлення.
З іншага боку, хто забароніць паэту засяроджвацца на сваіх пачуццях больш, чым на тых, хто іх выклікае?
Дар’я СМІРНОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka