Сёння ў Гродне адбыўся мітынг з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Гродна стаў першым абласным цэнтрам, дзе кіраўнік дзяржавы выступіў перад удзельнікамі мітынгу.
Мерапрыемства прайшло на цэнтральнай плошчы горада. Аляксандр Лукашэнка прыехаў сюды пасля наведвання Гожскага палігона [4].
Кіраўнік краіны прыгадаў, што шмат год таму сваю першую перадвыбарчую кампанію пачынаў менавіта з гэтага рэгіёна. І большасць галасоў у яго падтрымку была менавіта адсюль. І зараз новая сітуацыя таксама звязана з горадам над Нёманам. Маўляў, тут склалася непаразуменне.
«Мне многія казалі — там нейкая сітуацыя, нешта не тое. Я кажу — няпраўда. І убачыўшы гэту вялізную шматтысячную масу людзей, я зразумеў, што гродзенская зямля — гэта наша зямля».
Пасля гэтых слоў людзі на плошчы пачалі апладзіраваць і скандзіраваць: «Беларусь!», «Беларусь!»
Далей Прэзідэнт звярнуў увагу на парадак дня, недапушчальнасць раздору і нянавісці. Асабліва ў рэгіёне, які збірае многія народы і нацыянальнасці.
«Сёння нас штурхаюць у бездань раздору. На заходняй мяжы неспакойна. Бразгочуць зброяй, пагражаюць, адкрыта ўмешваюцца ў справы нашай суверэннай дзяржавы».
Між тым на заходніх межах, як нідзе, трэба захоўваць пільнасць. Тыя, хто каардынуе дзеянні альтэрнатыўнай часткі грамадства, таксама знаходзяцца за мяжой.
«Менавіта іх я хачу тут, на апошнім метры нашай зямлі (як памежнік, гэта кажу), папярэдзіць і нагадаць: гэта не толькі наша мяжа, але і мяжа Саюзнай дзяржавы, і гэта мяжа АДКБ. І адказ будзе адпаведны — Беларусь на знявагу нікому не аддадзім».
Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Заходняму аператыўнаму камандаванню ўзяць на жорскі кантроль перамяшчэнне ўсіх ваенных падраздзяленняў дзяржаў-суседзяў, якія ўваходзяць у блок НАТА. Дзяржаўнаму памежнаму камітэту — узмацніць ахову па ўсім перыметры дзяржаўнай мяжы. Ніводны баявік, ніводны патрон не павінен трапіць на тэрыторыю краіны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў аб сітуацыі з пандэміяй каранавіруса, і агучыў важнае кадравае рашэнне аб накіраванні [5] новага губернатара, гродзенца, міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Як зазначыў Алякандр Лукашэнка, усе дэпутаты адзінагалосна падтрымалі гэтае рашэнне. А Уладзімір Каранік стаў першым губернатарам, якога прадставілі на плошчы.
Далей Прэзідэнт спыніўся на тэме забастовак. У Гродне будуецца шэраг знакавых аб’ектаў, у тым ліку важны для рэгіёна анкалагічны цэнтр. І калі гродзенскія будаўнікі забастуюць, сюды будуць накіраваны работнікі з іншых абласцей.
Пасля гэтых слоў удзельнікі мітынга сталі скандзіраваць: «Дзякуй!», «Дзякуй!».
Для зябеспячэння спакойнай абстаноўкі Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству ўнутраных спраў і Камітэту дзяржбяспекі па Гродзенскай вобласці на працягу суботы і нядзелі забяспечыць парадак на вуліцах Гродна і другіх гарадах вобласці.
«Спісы ўсіх падбухторшчыкаў і правакатараў ужо ёсць», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што дзяржава не будзе абыякава назіраць за беспарадкамі.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] http://zviazda.by/be/news/20200822/1598082895-lukashenka-prybyu-na-vaenny-paligon-pad-grodna
[5] http://zviazda.by/be/news/20200822/1598096905-alyaksandr-lukashenka-prynyau-rashenne-pryznachyc-uladzimira-karanika
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/grodna