На хвалі часу, у плыні жыцця [1]
Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»
Кузьма Чорны і тэатральнае мастацтва
У гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва важнай датай з’яўляецца 14 верасня 1920 года – дзень урачыстага адкрыцця Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы). Напярэдадні 100-годдзя тэатра мы вырашылі раскрыць тэатральныя старонкі віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” [2], прымеркаванага да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923–1928).
Пісьменнікі-маладнякоўцы не толькі цікавіліся тэатрам, пісалі драматычныя творы, але і прымалі самы непасрэдны ўдзел у тэатральным жыцці Беларусі. Сярод іх быў Кузьма Чорны [3], 120-годдзю якога прысвечаны асобны раздзел праекта. Пісьменнік неаднаразова выступаў у друку па праблемах, звязаных з паляпшэннем жыццядзейнасці беларускіх тэатраў, прымаў актыўны ўдзел у рэспубліканскай тэатральнай дыскусіі канца 1920-х гг. і выказаў свае назіранні ў артыкулах “Заўвагі пра драматургію”, “Тэатр з будучыняй”, “Творчая ўдача тэатра: уражанні гледача” і іншых. Хутка пад уплывам Кузьмы Чорнага многія беларускія празаікі і паэты сталі пісаць творы для сцэны.
Асобныя старонкі творчасці пісьменніка звязаны з яго супрацоўніцтвам з Беларускім дзяржаўным тэатрам (з 1926 г. БДТ-1): рэжысёрам Львом Літвінавым і вядомымі акцёрамі, выканаўцамі галоўных роляў у п’есах Чорнага: Уладзімірам Уладамірскім, Генрыхам Грыгонісам, Ірынай Ждановіч, Леанідам Рахленкам, Глебам Глебавым і іншымі.
Цікавае сцэнічнае жыццё атрымала п’еса Кузьмы Чорнага “Бацькаўшчына”, якая ўпершыню была пастаўлена рэжысёрам Л. Літвінавым 7 лістапада 1932 г. на сцэне БДТ-1.
Спектакль меў поспех у мінчан, а пасля быў паказаны ў Маскве і на Украіне падчас летніх гастроляў тэатра ў 1933 г. Чорнага віншавалі не толькі акцёры, пісьменнікі, але і простыя гледачы. Яго выклікалі на сцэну пасля спектакля і дружна яму апладзіравалі. Ён гаварыў, што такое задавальненне можна мець толькі ў тэатры. Высока ацэньваў Кузьма Чорны майстэрства акцёраў БДТ-1, вельмі падабалася яму выкананне Генрыхам Грыгонісам героя Мазавецкага, Уладзімірам Уладамірскім – Леапольда Гушкі, Глебам Глебавым – Паўла Няміры.
П’есы Кузьмы Чорнага выконваліся і пазней на сцэне БДТ-1. Так, у пачатку 1941 г. гледачы пабачылі пастаноўку “Ірынкі”, але спектакль называўся “У апошнюю ноч”. Пасля смерці пісьменніка неаднаразова ладзіліся тэлеспектаклі яго твораў з удзелам лепшых акцёраў тэатра: Стэфаніі Станюты, Уладзіміра Дзядзюшкі, Здзіслава Стомы, Галіны Макаравай, Генадзя Гарбука і іншых.
Больш падрабязна пра сцэнічнае жыццё твораў пісьменніка чытайце ў матэрыяле “Спадчына Кузьмы Чорнага ў тэатральным мастацтве” [3] ў раздзеле, прысвечаным празаіку ў рамках віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.
Раздзел на беларускай версіі партала, прымеркаваны да 120-годдзя Кузьмы Чорнага, быў прэзентаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў чэрвені, калі мы адзначалі юбілей пісьменніка. Цяпер ён даступны і на рускамоўнай старонцы [4] інтэрнэт-партала бібліятэкі.
Сачыце за навінамі! Да новых сустрэч!
Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/kuzma-chorny-i-teatralnae-mastatstva/ [5]
Спасылкі
[1] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/?back_url_admin=%252Fbitrix%252Fadmin%252Fiblock_list_admin.php%253FIBLOCK_ID%253D66%2526type%253Dprojects_by%2526lang%253Dby%2526find_section_section%253D4604
[2] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/
[3] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/common/351386/
[4] https://www.nlb.by/content/informatsionnye-resursy/elektronnye-informatsionnye-resursy/resursy-natsionalnoy-biblioteki-belarusi/virtualnye-proekty-vystavki-i-kollektsii/virtualnye-proekty-biblioteki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya-/common/358513/
[5] https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/kuzma-chorny-i-teatralnae-mastatstva/