Пытанні ўдасканалення дзейнасці органаў мясцовага самакіравання на прыкладзе Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў, што на Міншчыне, разгледзелі падчас выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі.
Як адзначыла спікер верхняй палаты парламента Наталля КАЧАНАВА, практыка выязных пасяджэнняў дае свой плён, таму двойчы на месяц кіраўніцтва Савета Рэспублікі, дзяржаўных органаў кіравання будуць наведваць рэгіёны, каб разглядаць пытанні, што хвалююць людзей на месцы.
— Сёння мы разглядалі пытанні і задачы, якія былі пастаўлены Прэзідэнтам Беларусі для дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў. Мы разумеем, што гэта вельмі важная задача, каб у людзей вырашаліся пытанні добраўпарадкавання, каб у іх была якасная пітная вада, каб з жыхарамі праводзілася работа па зваротах і рэагаванні на праблемы грамадзян. Ёсць пытанні, якія неабходна вырашаць на больш высокім узроўні. І вельмі важна ўлічваць некаторыя з іх пры распрацоўцы калі не заканадаўчых, то нарматыўных актаў. Галоўнае, каб усе напрацоўкі і дакументацыя давалі максімальны эфект для людзей, — падкрэсліла спікер у размове з журналістамі.
Два ў адным
Смілавіцкі сельсавет, акрамя аднайменнага гарпасёлка, сёння абслугоўвае яшчэ 18 населеных пунктаў, у якіх жыве амаль 10 тысяч чалавек — немалая колькасць для тэрытарыяльнага органа дзяржкіравання. Што ён сабой уяўляе? Сельскі выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў у адной адзінцы са штатам у шэсць чалавек. Усе адміністрацыйныя працэдуры, якія суправаджаюць чалавека ад нараджэння да апошняга дня жыцця, знаходзяцца ў кампетэнцыі гэтых спецыялістаў.
— Мы працуем на дабрабыт нашых грамадзян, каб наш пасёлак быў малады і квітнеючы, — абазначыла сутнасць дзейнасці сельсавета яго кіраўнік Ірына МАРЦІНОВІЧ.
Сапраўды, моладзі тут шмат, бо ўплывае блізкасць сталіцы: шмат жыхароў Чэрвеньскага раёна ездзяць на працу ў Мінск, а месцам свайго жыхарства абіраюць невялічкія экалагічна чыстыя населеныя пункты. У самім гарпасёлку тры школы, столькі ж садкоў, аграрны каледж і ліцэй. На тэрыторыі сельсавета добрая інфраструктура: бальніца, два ФАПы, баня, аптэка і многае іншае. Актыўна будуецца жыллё. Летась быў здадзены 40-кватэрны жылы дом, сёлета рыхтуюцца да здачы ў эксплуатацыю яшчэ два такіх жа, а налета запланавана будаўніцтва трох такіх дамоў. Акрамя таго, спорна ідзе і будаўніцтва індывідуальнага жылля — людзі актыўна купляюць участкі на аўкцыёнах, атрымліваюць на падставе патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Старшыня сельсавета агучыла цікавы факт узаемадзеяння мясцовай улады і жыхароў: маладыя бацькі прапанавалі пабудаваць дзіцячыя пляцоўкі, ім вылучылі зямлю, а яны «скінуліся» і купілі абсталяванне. Такім чынам ужо з'явіліся дзве пляцоўкі — на вуліцы Навасёлаў і ў вёсцы Шасціснопы, на падыходзе трэцяя — у вёсцы Карзуны.
Знесці ці прадаць?
Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ акрэсліла тэмы, якія ўзнімаюць людзі перад дэпутатамі рэгіёна на сустрэчах, справаздачах перад выбаршчыкамі, асабістых прыёмах. Што хвалюе найбольш?
— Асноўныя пытанні звязаныя з утрыманнем жыллёвага фонду і работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі (33 % ад агульнай колькасці), землекарыстаннем і «зямельнымі» спрэчкамі (17,4 %), транспартам, у тым ліку рамонтам і ўтрыманнем дарог (11,8 %), і з архітэктурай і будаўніцтвам (11,7 %), — паведаміла яна. — Мы ўвесь час абагульняем звароты, выяўляем праблемы пры фарміраванні бюджэту, інвестыцыйных праграм, уключаем мерапрыемствы, то-бок працуем на апярэджанне.
Яшчэ адным вельмі важным кірункам работы Саветаў усіх узроўняў, лічыць Наталля Якубіцкая, з'яўляецца навядзенне і падтрыманне парадку на зямлі, у тым ліку скарачэнне колькасці старых і пустуючых дамоў, мэтавае і рацыянальнае выкарыстанне зямельных участкаў, падтрыманне належнага санітарнага стану тэрыторый. На Міншчыне шмат робіцца ў гэтым плане. Як паведаміла старшыня аблсавета, па стане на 1 ліпеня ў рэгіёне выяўлена 8150 пустуючых і старых дамоў. Прычым акцэнт у рабоце з такой нерухомасцю быў перанесены ў бок падрыхтоўкі такой маёмасці да продажу. Нагадаем, раней перавага надавалася зносу. На гэта паўплывала сустрэча кіраўніка дзяржавы з актывам Міншчыны, дзе Прэзідэнт падкрэсліў, што свой кавалак зямлі павінен быць у кожнага беларуса. Каб выканаць гэтае даручэнне, Мінаблсавет дэпутатаў правёў сумесную нараду ў Камітэце па маёмасці. Галоўным падчас абмеркавання стала пытанне магчымасці спрашчэння працэдуры продажу пустуючых дамоў, прыдатных для пражывання.
Між іншым, з пачатку года было знесена 349 старых і непрыдатных для пражывання вясковых хат за сродкі спадчыннікаў гэтай маёмасці і 331 — за бюджэтныя сродкі. Найбольшы маштаб зносу назіраўся ў Клецкім, Капыльскім, Салігорскім і Стаўбцоўскім раёнах. Для Смілавіцкага сельсавета гэтая тэма не з ліку актуальных, бо штогод такіх пабудоў выяўляецца не больш 13, патлумачыла яго старшыня Ірына Марціновіч.
Старшыня Старадарожскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый ДАВЫДАЎ звярнуў увагу, што ў раёне колькасць закінутых хат расце. Таму за апошнія тры гады знесены 305 дамоў, сёлета — 64.
Вызваленая зямля можа быць уведзена ў сельгаскарыстанне, выдзелена на будаўніцтва жылля тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ці прададзена з аўкцыёну.
Дарэчы, апошні варыянт прынёс у бюджэты раёнаў Міншчыны 29 мільёнаў 368 тысяч рублёў, што амаль на 40 % больш, чым у аналагічны леташні перыяд.
Вярнуць фінансавую самастойнасць
Такую работу трэба матываваць, упэўнена Наталля Якубіцкая, а дзеля гэтага прапануе частку сродкаў пакідаць у бюджэтах сельсаветаў, каб тыя былі зацікаўленыя ў прыцягненні дадатковых грошай. Бо менавіта на сельсаветы кладзецца асноўны цяжар работы са старым і пустуючым жыллём.
Трэба сказаць, што на сенняшні дзень у бюджэтах гэтых тэрытарыяльных адзінак фактычна засталося фінансаванне толькі на зарплату супрацоўнікам, аплату камунальных паслуг і транспартнае абслугоўванне. Усе грошы, запланаваныя на добраўпарадкаванне, акумулююцца ў раёне. Атрымліваецца парадокс: заказчыкам работ сельвыканкам не выступае (то-бок не надта можа ўплываць на вядзенне работ), а вось работай па добраўпарадкаванні займаецца непасрэдна. Тым больш што запатрабаванасць у грамадстве такога роду работ узрастае ўсё больш. Як патлумачыла Ірына Марціновіч, закладзеныя на гэтыя мэты сродкі ўжо заканчваюцца, а год яшчэ не завяршыўся. Такая ж сітуацыя не толькі ў Смілавіцкім сельсавеце.
— Для павышэння аўтарытэту і прэстыжу органаў дзяржаўнай улады першаснага ўзроўню неабходна ўнесці змены ў дзеючае заканадаўства і вярнуць сельвыканкамам магчымасць самастойна арганізоўваць работы па добраўпарадкаванні тэрыторый, — упэўнена Наталля Якубіцкая.
На чыім балансе могілкі?
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў звярнула ўвагу яшчэ на адзін аспект работы сельвыканкамаў — навядзенне парадку на землях агульнага карыстання, а таксама могілках разам з тэрытарыяльнымі органамі грамадскага самакірвання. Сёння на Міншчыне больш за 2,2 тысячы грамадзянскіх могілак, разам з людзьмі іх даглядаюць сельсаветы. Фактычна, як патлумачыла старшыня Смілавіцкага сельвыканкама, могілкі засталіся адзіным аб'ектам, які ўтрымліваецца на іх балансе. Ёсць звароты па дарозе, што вядзе да могілак, а ўласніка ў яе няма... Карацей, пакуль гэтыя пытанні вырашаюцца талакой.
Між іншым, гэтыя прабелы ўжо даўно вырашаны на Віцебшчыне. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ патлумачыў прысутным, што балансаўтрымальнікамі грамадскіх могілак сельвыканкамы ўжо не выступаюць, усе аб'екты перададзены ЖКГ.
— Вельмі важна заахвоціць людзей і прыцягнуць іх да самастойнага вырашэння некаторых праблем, каб не было бясконцага чакання дапамогі ад улады, — перакананы Дзмітрый Давыдаў. — Вялікая роля тут належыць старастам вёсак. Менавіта дзякуючы ім у нашым раёне набыў размах рух па добраўпарадкаванні і агароджванні вясковых могілак сіламі і сродкамі мясцовых жыхароў.
У прыватнасці, жыхары аграгарадка Шчыткавічы сабралі 25 тысяч рублёў на ўстаноўку 720 метраў жалезабетоннай агароджы на могілках. Таму ён прапануе нарматыўна вызначыць статус старастаў як прадстаўнікоў самакіравання і прадугледзець крыніцы аплаты іх работы.
Яшчэ адной прапановай стала дэлегаванне Саветам першаснага ўзроўню права прымаць рашэнні па зямельных участках да 30 сотак самавольна занятых фізічнымі асобамі на сельскагаспадарчых землях для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і ўзвядзення гаспадарчых пабудоў. Дзмітрый Давыдаў перакананы, што гэтая мера стане адным з дзейсных рычагоў вырашэння шэрагу пытанняў і паспрыяе ўмацаванню аўтарытэту мясцовай улады.
Між іншым, своеасаблівую зямельную «амністыю», якая разняволіць дзелавую ініцыятыву, спросціць механізм вяртання зямельных участкаў, агучыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый МАТУСЕВІЧ. Па яго словах, праект дакумента зараз рыхтуецца і знаходзіцца на разглядзе ў некалькіх ведамствах. Яго прыняцце зможа зняць шматлікія пытанні, агучаныя ў тым ліку і на цяперашнім пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі. Сенатары выказалі намер далучыцца да экспертызы дакумента, каб усе патрабаванні часу і людзей былі ў ім улічаны.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/parlament
[5] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/garadski-pasyolak-smilavichy
[7] https://zviazda.by/be/tags/smilavichy