10 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца творчае мерапрыемства «Барадулін у нашых сэрцах», прымеркаванае да 85-годдзя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара НББ Алег Суша.
Асноўнымі ўдзельнікамі сустрэчы стануць юныя чытачы з розных куточкаў Беларусі, якія бралі ўдзел у конкурсе [1] да 85-годдзя Рыгора Барадуліна. Падчас яго дзеці чыталі вершы і выбіралі цытаты з творчай спадчыны паэта, стваралі плакаты з улюбёнымі ўрыўкамі і пісалі эсэ.
«Праведзены конкурс паказаў, што сучасным дзецям цікавая нацыянальная паэзія, яны адчуваюць глыбіню мастацкага вобразу, створанага на роднай мове, імкнуцца выказаць сябе, свае пачуцці ва ўласных тэкстах па-беларуску, — адзначыў Алесь Суша. — Сустрэча ў бібліятэцы дасць магчымасць дзеткам яшчэ раз далучыцца да багатай творчай спадчыны Рыгора Барадуліна — глыбока нацыянальнай, пранікнёнай і вельмі шчырай».
Юныя аўтары пачытаюць эсэ, у якіх раскрылі сваё разуменне слова паэта, ўласныя асэнсаванні і перажыванні. Пераможцы конкурсу атрымаюць узнагароды.
На сустрэчы плануюць прысутнічаць жонка Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна, яго сябры і паплечнікі, вядомыя артысты і іншыя знакамітыя госці.
Мерапрыемства адбудзецца па адрасе: пр. Незалежнасці, 116, галерэя «Лабірынт», 3-ці паверх. Пачатак у 12:00.
Спасылкі
[1] https://www.nlb.by/content/news/national-library-of-belarus/laureaty-konkursa-k-85-letiyu-rygora-borodulina/
[2] https://zviazda.by/be/tags/rygor-baradulin
[3] https://zviazda.by/be/tags/tvorchae-merapryemstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka