Новы фільм з цыкла «100 імён Беларусі» пад назвай «Бенядзікт Дыбоўскі. Таямніцы свяшчэннага мора» выйдзе ў нядзелю 1 лістапада ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3».
Дакументальная кінастужка ад рэжысёра Тараса Вашчанкі раскажа пра даследчыка з цікавым лёсам, які пакінуў свой след у гісторыі адкрыццяў....
Складана паверыць, але ўсяго толькі 150 гадоў таму найбуйнейшае возера планеты лічылася практычна незаселеным. Вучоныя ў адзін голас сцвярджалі, што акрамя омуля ды яшчэ некалькіх біялагічных відаў там ніякага жыцця не існуе, а значыць, і даследаваць няма чаго. Аднак некалькі ссыльных з беларускіх зямель ім не паверылі і ўсё ж пачалі свае пошукі.
Бенядзікт Дыбоўскі нарадзіўся за шэсць тысяч кіламетраў ад Байкала — у Беларусі (у маёнтку Адамарын непадалёк ад Маладзечна). Атрымаў выдатную адукацыю, зрабіў кар'еру, — паколькі ўжо амаль у трыццацігадовым узросце быў прафесарам заалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, едзіў з экспедыцыямі па ўсім свеце, меў узнагароды ды прызнанне ў навуковых колах і добрую перспектыву. Але калі ў 1863 годзе пачалося паўстанне супраць царскага самадзяржаўя, то ён не змог застацца ўбаку. Вынік — арышт, суд і прыгавор — смяротная кара...
На шчасце, па хадайніцтве самога Ота фон Бісмарка той прысуд замянілі на катаргу. Тады здавалася, што на навуковай кар'еры можна ставіць крыж, бо ў суровых сібірскіх умовах толькі б пашчасціла выжыць. Аднак, нават апынуўшыся на лесапавале, Дыбоўскі працягваў займацца навукай. Дзякуючы яму і яго сябрам, якія займаліся вывучэннем Байкала і яго наваколля, свет наноў змог адкрыць гэтае свяшчэннае мора. Вучоны апісаў шмат новых, нават невядомых дагэтуль навуцы рачкоў, адкрыў галамянку і іншую жыўнасць возера...
Сам фільм зроблены ў стылістыцы чорна-белага кіно з інтэрцітрамі для перыяду жыцця Дыбоўскага, калі ён быў у ссылцы, і ў колеры для паказу дзён, дзе вучоны расказвае пра сваё мінулае жонцы. Але, як адзначаў сцэнарыст Барыс Герстэн, у стужку не трапіла шмат чаго, што можна расказаць пра гэтага чалавека. А значыць, у гледача будзе нагода для асабістых даследаванняў пасля альбо напярэдадні прагляду.
Алена ДРАПКО
Прэв’ю: mayaksbor.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-telebachanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen