Сёлета форум упершыню адбыўся ў анлайн-фармаце. Але гэта зусім не перашкодзіла абмеркаванню, перш за ўсё, сумесных эканамічных праектаў і заключэнню новых кантрактаў. Без перабольшання, форум стаў эфектыўнай пляцоўкай, на якой разглядаліся ў цэлым актуальныя пытанні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, выпрацоўваліся падыходы да іх вырашэння, умацавання партнёрскіх адносін. Між іншым, аб’ядноўвае народы дзвюх краін не толькі эканоміка, але і агульная памяць, гістарычная спадчына Вялікай Перамогі. Гэтым пытанням, дарэчы, было прысвечана пленарнае пасяджэнне форуму. З відэазваротамі на ім выступілі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пленарным пасяджэнні VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у прыватнасці, адзначыў, што фармат такога рэгіянальнага ўзаемадзеяння вельмі эфектыўны. За шэсць гадоў падпісана больш за 300 пагадненняў, заключана кантрактаў на суму звыш двух мільярдаў долараў.
«Упэўнены, цяперашні саміт па ўсіх пазіцыях не саступіць папярэднім, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Гісторыя пацвярджае, што толькі разам нам удаецца дабівацца значных вынікаў. Па праве ганарымся тым, што беларусы і расіяне разам з іншымі народамі СССР унеслі вырашальны ўклад у перамогу над фашызмам. Таму мы сёння ўспамінаем святую для ўсіх нас падзею — 75‑годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на той вайне нашы народы панеслі каласальныя страты. Толькі ў Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. За гады акупацыі германскія захопнікі разбурылі 209 з 270 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў, знішчылі амаль дзве тысячы вёсак. «Мы змагаліся за кожны кавалачак роднай зямлі, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — У краіне разгарнуўся ўсенародны рух супраціву. З фашыстамі змагаліся нават дзеці. У выніку ў канцы 1943 года пад кантролем народных мсціўцаў знаходзілася прыкладна 60 працэнтаў тэрыторыі краіны».
Відавочна, што ў Беларусі і Расіі трапятліва ставяцца да памяці аб той вайне. Нават у самай маленькай вёсачцы стаіць абеліск з чырвонай зоркай. Ні адзін з іх не закінуты і не знік з твару зямлі. «Мы і сёння ўзводзім манументы, — нагадаў Прэзідэнт Беларусі. — Напрыклад, пад Мінскам, на месцы, дзе знаходзіўся нацысцкі канцлагер, узведзены мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Па колькасці знішчаных людзей гэта чацвёртая фабрыка смерці ў Еўропе пасля Асвенцыма, Майданэка і Трэблінкі. Яе ахвярамі сталі больш за 200 тысяч чалавек. Таму мы не можам спакойна назіраць за спробамі асобных краін перапісаць гісторыю, прымяншаючы подзвіг савецкага народа, ставячы пад сумнеў вырашальны ўклад Савецкага Саюза ў перамогу над фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскім калегам за праяўленую на пляцоўцы Міжпарламенцкага саюза ініцыятыву прызнаць перамогу ў Другой сусветнай вайне Сусветнай спадчынай чалавецтва, а помнікі барацьбітам з нацызмам ва ўсіх краінах — сусветным мемарыялам чалавецтва.
Відавочна, што фальсіфікацыя гісторыі з’яўляецца рэальнай пагрозай стабільнасці грамадства, нясе ў сабе рызыкі нацыянальнага, сацыяльнага, канфесійнага расколаў. Таму, як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, выключна важна, што на форуме абмяркоўваліся сумесныя меры па супрацьдзеянні скажэнню праўды пра вайну: «Мы разам павінны актывізаваць працу па падрыхтоўцы праекта новай рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН «Барацьба з гераізацыяй нацызму, неанацызмам і іншымі відамі практыкі, якія спрыяюць эскалацыі сучасных формаў расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці».
Але ўсе намаганні будуць марнымі, калі не перадаць моладзі эстафету памяці. Часам выкарыстоўваючы самыя сучасныя тэхналогіі, падрастаючаму пакаленню спрабуюць навязаць ілжывыя каштоўнасці: культ спажывання, індывідуалізм, сацыяльную безадказнасць. «Гэта непрымальна традыцыям і светапогляду нашых народаў, у аснове якіх — адзінства, згуртаванасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу адзін аднаму, — зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка. — З задавальненнем адзначаю, што гэтая праца знаходзіцца пад самай пільнай увагай саюзных парламентарыяў. Створаная пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі маладзёжная палата актыўна далучае маладых людзей у арбіту двухбаковага супрацоўніцтва. Але гэтай дзейнасці неабходна дадаць больш канкрэтыкі, напорыстасці, выніковасці».
Сёння вядучыя ВНУ дзвюх краін рэалізуюць шэраг сумесных адукацыйных і навуковых праектаў, агульнымі намаганнямі выдаюць навучальныя дапаможнікі. Каля 11 тысяч беларусаў навучаюцца ў расійскіх ВНУ і больш за паўтары тысячы расіян — у Беларусі. Між тым, супрацоўніцтва ў сферы адукацыі можна развіваць яшчэ больш актыўна ў рамках студэнцкіх абменаў, стажыровак, форумаў і канферэнцый, студэнцкіх атрадаў. З 2000 года рэалізавана больш за 50 праграм Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі. Наладжаны дыялог паміж Паркам высокіх тэхналогій у Мінску і расійскім інавацыйным цэнтрам «Сколкава». І не здарма першараднай задачай становіцца захаванне сітуацыі, яе дынамікі. Відавочна, што ў рамках бліжэйшых форумаў іх удзельнікі павінны больш увагі надаваць пытанням супрацоўніцтва ў інфармацыйнай прасторы і забеспячэнню інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў чэрвені 2020 года падпісана Пагадненне аб узаемным прызнанні віз, рэалізацыя якога дасць магчымасць павысіць транзітную, турыстычную, інвестыцыйную прывабнасць дзвюх краін. Урадам удалося знайсці кампрамісы ў пытаннях паставак нафты ў гэтым годзе, будаўніцтва БелАЭС, змены ўмоў дзяржаўнага крэдытавання. Разам з тым яшчэ нямала задач чакаюць свайго рашэння. Адна з асноўных — стварэнне роўных умоў для беларускіх і расійскіх суб’ектаў гаспадарання. «Мы гатовыя абмяркоўваць усе прапановы, якія ўмацуюць агульную эканамічную бяспеку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак важна памятаць, што нам не дамагчыся сур’ёзных зрухаў, калі не будзем паслядоўна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. Пазіцыя Беларусі была і застаецца стабільнай і прадказальнай, яна арыентаваная на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Упэўнены, у дадзенай сітуацыі голас форуму пачуюць ўрады абедзвюх краін, і ён будзе спрыяць вырашэнню гэтых задач. Мяркую, што саміт унясе важкі ўклад у нашу агульную высакародную справу адстойвання гістарычнай праўды, захавання і прымнажэння традыцыйных каштоўнасцяў і ідэалаў. Глыбока перакананы, беларуска-расійскія адносіны і надалей будуць развівацца паслядоўна і дынамічна. Менавіта ў гэтым зацікаўлены нашы брацкія народы».
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваім прывітанні ўдзельнікам пленарнага пасяджэння VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі адзначыў, што Расія і Беларусь не толькі паслядоўна паглыбляюць шматпланавыя двухбаковыя сувязі, але і мэтанакіравана рэалізуюць Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Краіны таксама актыўна праяўляюць сябе ў дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Мы разам вырашаем пытанні абароннага будаўніцтва, процідзеяння вострым сучасным выклікам і пагрозам, у тым ліку ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, — падкрэсліваў Кіраўнік расійскай дзяржавы. — І цяпер — з улікам той няпростай сітуацыі, у якой апынулася Рэспубліка Беларусь, у тым ліку ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску пасля прэзідэнцкіх выбараў, — хацеў бы яшчэ раз паўтарыць: адносіны Расіі і Беларусі не падуладныя ні часу, ні кан’юнктуры, маюць пад сабой трывалы падмурак, бо нашы дзяржавы аб’ядноўваюць культурныя і духоўныя сувязі, якія сыходзяць каранямі ў стагоддзі, шырокія роднасныя і сямейныя повязі, агульная сумесная гісторыя. Уяўляецца вельмі важным і лагічным, што сёлета значэнне гістарычнай спадчыны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў год 75‑гадовага юбілею стала лейтматывам пленарнага пасяджэння вашага форуму. Мы ніколі не забудзем, як нашы бацькі і дзяды абаранялі родную зямлю, вызвалялі Еўропу, цвёрда адстойвалі і будзем адстойваць гістарычную праўду пра тую вайну, яе прычыны, вынікі і ўрокі…».
Падкрэсліў Уладзімір Пуцін і той факт, што на форуме па традыцыі разглядаецца ўвесь спектр пытанняў узаемадзеяння Расіі і Беларусі: у палітыцы, эканоміцы, у прамысловай кааперацыі, высокіх тэхналогіях, у культурна-гуманітарнай сферы. І ўсё ж, на яго думку, прыярытэтнымі абласцямі супрацоўніцтва расійскіх і беларускіх рэгіёнаў з’яўляюцца гандаль і інвестыцыі: «Кожны год падчас форуму заключаюцца шматлікія дамоўленнасці і падпісваюцца кантракты на сотні мільёнаў долараў. Як вынік, у мінулым годзе наш узаемны тавараабарот склаў 35,5 мільярда долараў…».
Выступаючы на пленарным пасяджэнні форуму, Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падкрэсліў, што сёння робяцца спробы перагляду, рэвізіянізму і фальсіфікацыі гісторыі і вынікаў Вялікай Айчыннай вайны:
— Знаходзяцца ахвочыя перарабіць і падзяліць сучасны свет па-новаму, пасеяць узаемны недавер і варожасць, раз’яднаць людзей. Супраць Беларусі і Расіі ідуць лютыя інфармацыйныя атакі. Нас, нашчадкаў герояў-пераможцаў, хочуць прымусіць адчуваць віну, ледзь не апраўдвацца за сваіх бацькоў і дзядоў, якія цаной уласнага жыцця забяспечылі свет для чалавецтва. І гэта — частка спланаванай палітыкі: не проста па рэвізіі гістарычнай памяці, а па калектыўнай ментальнасці народа.
Для чаго гэта робіцца? Меркаванне Рамана Галоўчанка такое:
— Каб разбурыць памяць, зламаць ўнутраны стрыжань — а затым з дапамогай разладу і хаосу паставіць, магчыма, пад знешняе кіраванне нашы краіны. Многім не падабаецца самастойнасць Беларусі. Нас разгойдвалі не год і не два, «спрабавалі на зуб», ужывалі самыя розныя методыкі «каляровых рэвалюцый». Беларусь сутыкнулася не проста з ціскам, па сутнасці, са спробамі знутры падарваць наша грамадства.
Супрацьстаяць гэтым нападам звонку можна толькі разам. У тым ліку праз умацаванне гуманітарнага складніка Саюзнай дзяржавы. Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка на гэты конт заўважыла:
— Гэты эфект бачны і важкі: паглыбленне ўзаемаразумення і даверу паміж нашымі народамі, узаемнае духоўнае ўзбагачэнне, наладжванне сяброўскіх сувязяў і кантактаў паміж людзьмі. Саюз нашых дзяржаў абапіраецца на трывалую аснову. Яна надзейна супрацьстаіць любым спробам яе расхістаць, запусціць працэс дыстанцыявання Беларусі і Расіі. Важна разам супрацьстаяць спробам скажэння гісторыі, захаваць праўду аб вайне, перадаць яе будучым пакаленням. І тут расійскі і беларускі народы на адной хвалі.
Віцэ-Прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка перакананы: тэматыка Вялікай Айчыннай вайны павінна захаваць найважнейшае значэнне ў дзяржаўнай моладзевай палітыцы дзвюх краін.
— Неабходна прыняць меры па ўдасканаленні падачы тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў адукацыйным працэсе па наступных напрамках: мадэрнізацыя вучэбных дапаможнікаў, шырокае ўкараненне інтэрактыўных тэхналогій, уключэнне ў навучальныя праграмы і планы абавязковага наведвання знакавых памятных месцаў, звязаных з падзеямі вайны.
У пытаннях удасканалення патрыятычнага выхавання моладзі варта ў поўным аб’ёме задзейнічаць патэнцыял Міжнароднай асацыяцыі музеяў Другой сусветнай вайны і Міжнароднага камітэта пры музеі Перамогі на Паклоннай гары. Больш актыўна варта выкарыстоўваць патэнцыял памятных месцаў Беларусі і Расіі. Новы імпульс патрэбны і сумеснай пошукавай працы на месцах гібелі воінаў Чырвонай Арміі і мірных жыхароў. Акрамя таго, вялікая важнасць зносін з ветэранамі, рэзюмаваў Ігар Петрышэнка:
— Зносіны з імі — найкаштоўнейшая крыніца для моладзі. Гэтую інфармацыю трэба зафіксаваць і захаваць.
Бадай, самая жыццесцвярджальная і пранікнёная прамова была ў Валянціны Баранавай. 96‑гадовага ветэрана слухалі стоячы і некалькі разоў перарывалі апладысментамі. Валянціна Пятроўна расказала аб дзейнасці ветэранскай арганізацыі ў Гродне і падзялілася парадай, як дажыць да яе гадоў: «Паменш адпачывайце».
Ветэран успомніла выпускны вечар напярэдадні 22 чэрвеня 1941 года і мары аднакласнікаў пра будучыню. Валянціна Баранава адзначыла, што ішла на фронт за адну велізарную дзяржаву. Ёй, якая вызваляла Украіну, Польшчу і дайшла да Берліна, да гэтага часу памятаюцца словы з мітынгу ў канцы вайны: савецкі салдат не ваюе з жанчынамі, дзецьмі, са старымі, хворымі, параненымі.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Іванец канстатаваў, што ў апошнія гады з’явілася нямала публікацый, у якіх асноўным матывам служаць не жаданне паглыбіць наша веданне аб тым гераічным і адначасова трагічным перыядзе, а толькі імкненне да агульнага ачарнення, перагляду гістарычных падзей: «Дзяржавы павінны здаць тэст на цывілізаванасць, разумеючы ўсю глыбіню подзвігу тых, хто выратаваў чалавецтва ад карычневай чумы. Наша задача — не дапусціць перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, забыцця вялікай місіі савецкага народа».
Аб бяспецы, але ўжо інфармацыйнай, казаў і Міністр інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі. Ён заклікаў з усёй сур’ёзнасцю падысці да гарантавання інфармацыйнай бяспекі ў медыясферы Саюзнай дзяржавы. На ягоную думку, прыйшоў час не мірна будаваць, а рашуча абараняцца і контратакаваць: «Мы гатовыя абмяркоўваць пытанні фарміравання поля агульнай бяспекі ў сферы масавай інфармацыі, перш за ўсё ў кантэксце адлюстравання замежнай інфармацыйнай агрэсіі і медыйнай падтрымкі адзін аднаго».
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, пералічыўшы асноўныя дасягненні Саюзнай дзяржавы ў эканоміцы, сацыяльнай, працоўнай сферах, навуцы, падкрэсліў, што трэба рухацца далей:
— Мы жывём у імклівым свеце, які змяняецца. Гаворка ідзе ўжо аб пятай тэхналагічнай рэвалюцыі, тэхналогіях 5G, паўсюднай цыфравізацыі, штучным інтэлекце. І ад таго, наколькі эфектыўна мы ў Саюзнай дзяржаве зрэагуем на гэтыя працэсы, ці не выпадзем з іх, ці не апынемся ў ролі даганяючых дзяржаў, будзе залежыць наша будучыня.
Аб’яднальнымі праектамі на перспектыву, на думку Рыгора Рапоты, могуць стаць будаўніцтва скарасной чыгуначнай магістралі, якая злучыць Санкт-Пецярбург і Мінск з выхадам у Еўропу, аўтамагістралі «Мерыдыян» (з Кітая ў Еўропу праз Расію і Беларусь. — Аўт.), засваенне Арктыкі і шэраг іншых ідэй.
Найбуйнейшым інтэграцыйным праектам стала будаўніцтва ў Беларусі АЭС, адзначыў намеснік старшыні Урада Расіі Аляксей Авярчук:
— Гэты праект разлічаны на дзесяцігоддзі, ён сімвалізуе асаблівы, даверны характар расійска-беларускага супрацоўніцтва. Нараўне з прамой задачай — забеспячэнне беларускай эканомікі электраэнергіяй — АЭС стане каталізатарам узаемадзеяння ў высокатэхналагічных галінах, прасоўвання сучасных даследчых распрацовак як у прыкладной, так і ў фундаментальнай навуцы.
Гаворачы аб супрацоўніцтве ў эканоміцы, Аляксей Авярчук звярнуў увагу, што Беларусь займае першае месца сярод знешнегандлёвых партнёраў Расіі ў СНД:
— У 2019 годзе аб’ём тавараабароту перавысіў 35,5 мільярда долараў. Вядома ж, пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы ў гэтыя паказчыкі. Але ў нас ёсць усе магчымасці для таго, каб да канца года вярнуць нашы эканамічныя адносіны на траекторыю росту гандлю.
На рэгіёны Расіі арыентаваны і асноўны вектар знешнеэканамічных і гуманітарных кантактаў Міншчыны. Паводле слоў старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталлі Якубіцкай, 35 працэнтаў экспартуемай прадукцыі Мінскай вобласці пастаўляецца на расійскі рынак (за першае паўгоддзе лічба склала больш за 2 мільярды долараў). Дэпутат падкрэсліла: «Наша будучыня — гэта развіццё кааперацыйных сувязяў і рэалізацыя сумесных праектаў. У сумесных прамысловых і кааперацыйных ланцужках занятыя мільёны расіян і тысячы беларусаў. І гэта вельмі важна, бо гаворка ідзе аб заработнай плаце, працоўных месцах і сацыяльных гарантыях».
На пленарным пасяджэнні бакі падпісалі праект выніковага дакумента, які будзе дапоўнены даручэннямі прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, а таксама шматлікімі ініцыятывамі і прапановамі, якія прагучалі на форуме. На пленарным пасяджэнні былі падпісаны таксама пагадненні паміж урадамі Беларусі і Башкартастана, Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі, Рэспублікі Комі, Самарскай вобласці, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі і адміністрацыяй Курскай вобласці аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-культурнай сферах.
Акрамя таго, узгоднены і зацверджаны план мерапрыемстваў на 2020–2021 гады па рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Стаўрапольскага краю Расіі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве.
Падводзячы вынікі VІІ Форуму рэгіёнаў, Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што было падпісана каля 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў на суму звыш 700 мільёнаў долараў.
Уладзімір Хромаў
Фота KREMLIN.RU і БелТА