Пасажыры трэцяй веткі мінскага метрапалітэна змогуць карыстацца галасавой і інтэрнэт-сувяззю МТС на першых чатырох станцыях: «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча». Сувязь будзе даступная як на платформах, так і ў вагонах падчас руху цягнікоў.
Для разгортвання 3G-сеткі выкарыстоўвалася тэхналогія UMTS900 / UMTS2100. На платформах устаноўлены размеркавальныя базавыя станцыі з некалькімі сектарамі.
У тунэлях выкарыстоўваецца спецыяльны кабель, які выпраменьвае мабільны сігнал уздоўж усяго перагону. Ён падлучаны да радыёмодуляў базавых станцый МТС, усталяваных на кожнай платформе і ўнутры тэхнічных памяшканняў перагонаў. Гэта дазволіць раўнамерна ахапіць сігналам кожны метр тунэляў метро і дасць магчымасць здзяйсняць бесперапынныя галасавыя і інтэрнэт-злучэнні.
«МТС гатовы да запуску сувязі на новых ветках мінскага метро. З іх адкрыццём сувязь будзе працаваць і на платформах, і ў тунэлях. Для тунэляў мы выкарыстоўваем рашэнне, якое ўжо працуе на іншых станцыях мінскага метрапалітэна. Падобнае рашэнне выкарыстоўваюць у многіх гарадах свету. Яно дазваляе кліентам на ўсім шляху бесперапынна карыстацца звыклымі сэрвісамі: месэнджарамі, відэа, галасавым кантактамі. Нягледзячы на вялікую колькасць карыстальнікаў у метро, рух цягніка і металічны корпус вагонаў, праект дазваляе забяспечыць высокую прапускную здольнасць нават у гадзіны пік», — запэўнівае кіраўнік тэхнічнага дэпартамента МТС Аляксей Цяжкіх.
Сувязь МТС у тунэлях мінскага метро запусцілі ў маі 2019 года. Зараз абаненты МТС могуць карыстацца 3G і 4G-сеткамі паміж усімі станцыямі сталічнай падземкі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв’ю: azaitsev.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mts
[2] https://zviazda.by/be/tags/suvyaz
[3] https://zviazda.by/be/tags/metro