Адкрыццё сучаснага харчовага рынку для продажу экалагічна чыстых прадуктаў адбудзецца 7 лістапада ў Мінскім раёне на плошчах гандлёвага комплексу «Валяр’янава». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Мінаблвыканкама [1].
У вёсцы Валяр’янава на плошчы 20 тыс. м² разгарнуўся шматфункцыянальны чатырохпавярховы комплекс, дзе будзе прадстаўлена прадукцыя як фермерскіх гаспадарак, гастраэнтузіястаў, так і буйных аграрных прадпрыемстваў.
Крыты рынак разлічаны на 140 гандлёвых месцаў. Для прадаўцоў створаны ўсе ўмовы, каб іх сельгаспрадукцыя (мясная, малочная, агароднінная, рыбная; садавіна, грыбы, ягады, зеляніна, яйкі, гастраномія і бакалея) магла быць годна прэзентаваная на прылаўках з захаваннем санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Абсталяваныя таксама зручныя месцы для рэалізацыі фізічнымі асобамі ўласнай прадукцыі.
У дзень адкрыцця на тэрыторыі комплексу пачнуць працаваць і фірмовыя крамы найбуйнейшых вытворцаў Мінскай вобласці: ААТ «ГМЗ № 1», ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», МРУП «Агракамбінат «Ждановічы», ТАА «Вялес-Міт», УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» і ААТ «Барысаўскі мясакамбінат». Менавіта «Дзяржынскі» і «Ждановічы» выступілі інвестарамі аб’екта.
Запланаваны прома-акцыі, дэгустацыі, розыгрышы прызоў, насычаная культурная праграма і вялікі сельскагаспадарчы кірмаш.
Спасылкі
[1] http://www.minsk-region.gov.by/novosti/novosti-oblasti/ekorynok-otkroetsya-v-minskoy-oblasti-7-noyabrya/
[2] https://zviazda.by/be/tags/valyaryanava
[3] https://zviazda.by/be/tags/minski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekarynak
[5] https://zviazda.by/be/tags/rynak
[6] https://zviazda.by/be/tags/kirmash