З нагоды 100-годдзя славутага літаратара сацыякультурны канал падрыхтаваў паказ адрэстаўраванага гульнявога кіно, пастаўленага па яго п'есе, і ўнікальнага запісу творчага вечара Андрэя Ягоравіча, а таксама серыі дакументальнага праекта ўласнай вытворчасці і спецыяльных відэаролікаў. Народны пісьменнік БССР Андрэй Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 года. Напісаў шмат п'ес, вядомы таксама як сцэнарыст фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён» і іншых твораў, якія і сёння ўспамінаюцца і па-ранейшаму гучаць актуальна.
Ужо зараз гледачоў «Беларусь 3» у міжпраграмных перапынках вітаюць вядомыя дзеячы беларускай культуры: Павел Сапоцька, Рыгор Сітніца, Валерый Анісенка і Алесь Суша — у серыі відэазамалёвак «Андрэй Макаёнак. Думкі» яны зачытваюць урыўкі з асабістых успамінаў, дзённікаў і нататак Андрэя Ягоравіча.
Праграма «Запіскі на палях» 12 лістапада распавядзе пра самыя цікавыя і невядомыя факты з творчай біяграфіі пісьменніка, а пасля будзе паказана адна з работ Андрэя Макаёнка ў якасці кінасцэнарыста — экранізацыя п'есы «Лявоніха на арбіце» — народная камедыя Пятра Васілеўскага «Рагаты быстыён», адрэстаўраваная на кінастудыі «Беларусьфільм» у фармаце HD.
На завяршэнне дня «Беларусь 3» прапануе паглядзець унікальны запіс, які захоўваецца ў фондах Белтэлерадыёкампаніі, — творчы вечар Андрэя Макаёнка «Ліра», запісаны ў студыі медыяхолдынга амаль 40 гадоў таму! Гледачы з першых вуснаў даведаюцца, як Андрэй Ягоравіч працаваў у дзяцінстве пастухом, як знакамітая актрыса Галіна Макарава, дзякуючы драматургу, атрымала сваю першую галоўную ролю ў спектаклі і як пісьменнік ставіўся да тэатральных крытыкаў.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2