Заключаны на маштабным кірмашы ў Шанхаі.
Нягледзячы на пандэмію COVID-19, на трэцім Кітайскім міжнародным імпартным ЭКСПА (CIIE) у Шанхаі былі заключаны здзелкі на рэкордную суму, перасягнуўшы аналагічныя паказчыкі папярэдніх двух мерапрыемстваў. Пра гэта сведчаць афіцыйныя дадзеныя, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [3].
На маштабным кірмашы былі заключаны пагадненні аб намерах куплі на працягу года тавараў і паслуг на агульную суму 72,62 млрд долараў, што на 2,1 працэнта больш у параўнанні з выніковымі паказчыкамі ЭКСПА мінулага года, заявіў намеснік кіраўніка Бюро CIIE Сунь Чэнхай.
Нагадаем, на першай выставе CIIE у 2018 годзе былі падпісаны пагадненні аб намерах куплі тавараў і паслуг на агульную суму 57,83 млрд, а ў ходзе другой выставы CIIE летась аналагічны паказчык склаў 71,13 млрд. долараў.
Нягледзячы на ўведзеныя абмежаванні ў мэтах стрымлівання распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, у гэтым годзе выставачная плошча CIIE склала 360 тыс кв. м, што амаль на 30 тыс кв. м больш, чым летась. Каля 400 тысяч спецыяльных наведвальнікаў з усяго свету зарэгістраваліся для ўдзелу ў мерапрыемстве, адзначыў Сунь Чэнхай.
Амаль 80 працэнтаў прадпрыемстваў з рэйтынгу 500 найбуйнейшых кампаній свету і лідараў той ці іншай галіны, якія ўдзельнічалі ў мінулых двух мерапрыемствах, у гэтым годзе зноў вярнуліся ў Шанхай, дадаў спецыяліст, адзначыўшы, што на трэцяй выставе CIIE было прадстаўлена да 411 новых прадуктаў, тэхналогій і паслуг.
Паводле звестак арганізатараў, дзелавыя сустрэчы інвестараў і ўдзельнікаў выставы ў ходзе ЭКСПА прайшлі прадуктыўна: у анлайн-і афлайн-сесіях, на якіх прысутнічалі 674 экспаненты і 1351 пакупнік, было заключана 861 пагадненне аб намерах супрацоўніцтва.
Натхнёныя магчымасцямі выставы, сотні прадпрыемстваў зарэгістраваліся для ўдзелу ў чацвёртым Кітайскім міжнародным імпартным ЭКСПА, якое адбудзецца ў наступным годзе, сказаў Сунь Чэнхай.
Да адкрыцця трэцяга CIIE амаль 100 удзельнікаў, уключаючы кампаніі Hyundai Motor Group, Shiseido і Michelin, ужо падпісалі з аргкамітэтам дагавор аб удзеле ў выставах у бліжэйшыя тры гады.
Ранняя рэгістрацыя з’яўляецца сведчаннем «прызнання CIIE і даверу да кітайскага рынку», адзначыў намеснік міністра камерцыі КНР, кіраўнік Бюро CIIE Ван Бінань.
Прэв’ю: chinaved.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya