Група міжнародных навукоўцаў высветліла, што птушкі і млекакормячыя з'яўляюцца носьбітамі да 850 тысяч вірусаў, якія могуць патэнцыяльна выклікаць пандэмію, паведамляе Daіly Maіl.
Даклад быў створаны 22 экспертамі ў галіне біялогіі, экалогіі і вірусалогіі і прадстаўлены на семінары Міжурадавай навукова-палітычнай платформы па біяразнастайнасці і экасістэмных паслугах (ІPBES).
Спецыялісты падкрэслілі, што кажаны, грызуны і прыматы могуць мець каля 540-850 тысяч вірусаў, якія перадаюцца людзям. У такім выпадку ёсць рызыка ўзнікнення прыкладна пяці новых хвароб у год, кожная з якіх можа мець пандэмічны патэнцыял.
Пры гэтым навукоўцы адзначаюць, што было б няправільна вінаваціць дзікую прыроду ва ўзнікненні гэтых хвароб. На іх думку, пандэміі, у тым ліку COVІD-19, выкліканы дзейнасцю чалавека і ўздзеяннем людзей на навакольнае асяроддзе.
«Тыя ж віды дзейнасці чалавека, якія выклікаюць змену клімату і страту біяразнастайнасці, таксама ствараюць рызыку пандэміі з-за свайго ўздзеяння на наша навакольнае асяроддзе», — гаворыцца ў дакладзе.
Раней стала вядома, што спецыялісты Расспажыўнагляду выявілі каранавірусы ў кажаноў у Расіі. Пра пачатак даследаванняў было заяўлена ў жніўні. Адзначалася, што праект закліканы дапамагчы ацаніць магчымыя шляхі распаўсюджвання інфекцыі і эпідэмічныя рызыкі.
Упершыню ўспышку каранавіруса SARS-CoV-2 зафіксавалі ў снежні 2019 года ў кітайскім горадзе Ухань. Улады ЗША абвінавачваюць Пекін у распаўсюджванні інфекцыі па ўсім свеце. Выказвалася меркаванне, што каранавірус стаў распаўсюджвацца ад кажаноў, якія прадаюцца на адным з рынкаў горада.
Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва падчас дыеты знаходзяцца ў стрэсавым стане і пасля яе завяршэння зноў набіраюць вагу. Пра гэта паведаміла загадчыца Нацыянальнага цэнтра анкалогіі рэпрадуктыўных органаў Маскоўскага навукова-даследчага анкалагічнага інстытута імя Герцэна, прэзідэнт Расійскай асацыяцыі мамолагаў Надзея Ражкова.
«Атлусценне — гэта вельмі дрэнны фактар, ён сапраўды спрыяе развіццю раку. Але я не прыхільнік таго, каб прытрымлівацца нейкіх дыет. Шмат розных, яны ўсе вельмі складаныя», — сказала Ражкова ў эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква».
Яна адзначыла, што любімыя прадукты можна есці рэгулярна, але ў невялікіх колькасцях. Паводле слоў спецыяліста, гэта самы просты спосаб, пры якім жанчына не будзе адчуваць сябе няшчаснай з-за абмежаванняў.
Надзея Ражкова дадала, што доўгае знаходжанне ў стрэсе і ў выніку змена гарманальнага фону папярэднічаюць з'яўленню злаякасных новаўтварэнняў. Псіхаэмацыянальна няўстойлівыя жанчыны больш схільныя да анкалагічных захворванняў, падкрэсліла яна.
Незадоўга да гэтага амерыканскія навукоўцы прывялі вынікі даследавання, якое даказала карысць дыеты з высокім утрыманнем тлушчаў для прадухілення сардэчнай недастатковасці, звязанай з парушэннямі метабалізму.
Сістэма будзе аўтаматычна выяўляць і класіфікаваць дэфекты на дарожным палатне, а таксама своечасова выпраўляць іх.
Ліверпульскі ўніверсітэт абвясціў аб адкрыцці стартапа Robotіz3d Ltd, які скіраваны на прымяненне тэхналогій АІ і робататэхнікі для вырашэння праблемы рамонту дарог.
Як паведамляецца на сайце ўніверсітэта, кампанія будзе выкарыстоўваць запатэнтаваныя распрацоўкі ўніверсітэцкай лабараторыі робататэхнікі. Чакаецца, што робаты сур'ёзна палепшаць працэс выяўлення і ліквідацыі дэфектаў на дарогах — у тым ліку ямін і расколін. Адзначаецца, што за апошняе дзесяцігоддзе барацьба з ямінамі на дарогах абышлася брытанскаму бюджэту больш чым у мільярд фунтаў стэрлінгаў.
Сярод заснавальнікаў Robotіz3d Ltd — дактары Паола Паалеці і Себасцьян Фічэра, якія маюць шырокі вопыт даследаванняў у гэтай галіне. Яны распрацоўваюць і тэсціруюць тэхналогію аўтаномнага рамонту на працягу апошніх чатырох гадоў.
Як расказаў Паалеці, прапанаваная імі сістэма будзе аўтаматычна выяўляць і класіфікаваць дэфекты на дарожным палатне, а таксама своечасова выпраўляць іх, каб расколіны не ператвараліся ў выбоіны.
Фічэра, у сваю чаргу, адзначае, што сучасныя метады рамонту дарог патрабуюць інтэнсіўнай нагрузкі. Яны вядуцца павольна, небяспечныя і абыходзяцца нятанна. Новая тэхналогія зробіць рамонт дарог хутчэйшым і таннейшым.
Прапанаваная сістэма атрымала назву ARRES. У яе ўваходзіць невялікі гусенічны робат з катком.
Гэты смачны напой у рацыёне чалавека здольны зніжаць артэрыяльны ціск і скарачаць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. Пра гэта паведаміла выданне Raі Al Youm са спасылкай на вынікі даследавання навукоўцаў Такійскага медыцынскага і стаматалагічнага ўніверсітэта.
Удзел у даследаванні прынялі 184 мужчыны і 297 жанчын. На працягу аднаго года яны павінны былі піць несалёны таматны сок у неабмежаваных колькасцях. У выніку ў 94 паддоследных з гіпертаніяй зафіксавалі значнае зніжэнне крывянога ціску. У 125 добраахвотнікаў скараціўся ўзровень ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці («дрэннага халестэрыну»). Атрыманы эфект у аднолькавай ступені назіраўся ў мужчын і жанчын, а таксама ў прадстаўнікоў розных узроставых груп.
Паводле даных навукоўцаў, іх работа з'яўляецца першым даследаваннем, якое вывучыла ўплыў ужывання таматаў або таматных прадуктаў на рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых хвароб.
Ракетна-касмічная карпарацыя «Энергія» атрымала патэнт на квадракоптар, які зможа атрымліваць энергію ад лазернага праменя, згенерыраванага на зямлі, у паветры ці космасе. Пра гэта гаворыцца ў патэнце, які распаўсюдзіў Федэральны інстытут прамысловай уласнасці.
Паводле патэнту, згенерыраванае электрамагнітнае выпраменьванне «збіраецца» сістэмай фарміравання і навядзення ў лазерны пучок з зададзенымі параметрамі і з дапамогай сістэмы пошуку, сачэння і навядзення накіроўваецца на корпус квадракоптара.
Выпраменьванне лазернага пучка праз фотаэлектрычныя ператваральнікі і фотаэлементы пераходзіць у фотаэлектрычны ток, які затым становіцца пераменным і рухае вінты квадракоптара.
Вынаходка адносіцца да беспілотных авіяцыйных прылад з тэхналогіяй вертыкальнага ўзлёту і пасадкі. Квадракоптар прызначаны для правядзення навуковых даследаванняў, аэрафатаграфавання, відэаназірання, а таксама дастаўкі грузаў, піша ТАСС.
Сяргей СТАРЫНАЎ
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-starynau
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/zamore