Эканамічная сітуацыя ў свеце, праблемы з вытворчасцю прадуктаў харчавання ў розных краінах (ковід, змяненне кліматычных умоў, стыхійныя бедствы...) давалі падставы экспертам яшчэ ўвесну гаварыць пра дэстабілізацыю сусветнага рынку харчавання. І, натуральна, прадказваць рост цэнаў на прадукты. Што, у сваю чаргу, можа падаграваць сацыяльныя канфлікты ў асобных краінах. Таму зразумелая тая вялікая ўвага, якую кіраўніцтва Беларусі сёння надае пытанням харчовай бяспекі.
Вось і 12 лістапада Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Міністра сельскай гаспадаркі й харчавання Івана Крупко ды намесніка Прэм’ер-міністра Аляксандра Cубоціна. У першую чаргу пайшла гаворка пра завяршэнне ўборачнай кампаніі. Аграрыям пастаўлена задача: да 15 лістапада ўсе работы па ўборцы ўраджаю трэба закончыць. «Калі застануцца нейкія хвасты па кукурузным збожжы альбо цукровых бураках, то пажадана 15 га завяршыць уборку гэтых культур, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вельмі нядрэнна спрацавалі сёлета й своечасова прыбралі асноўныя культуры».
Прэзідэнт пацікавіўся вынікамі работы аграсектара за бягучы год, фінансавымі паказчыкамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Потым закранулі тэму захаванасці ўраджаю, паставак прадукцыі ў крамы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што папрасіў прафсаюзы ўзяць на кантроль цэнаўтварэнне ў краіне: «Натуральна, будуць кантраляваць асноўныя пазіцыі. Перш за ўсё гэта прадукты харчавання. Мы дамаўляліся аб тым, што краіна павінна рыхтаваць стабілізацыйныя фонды, зрабіць запасы, каб прадуктаў харчавання хапіла да мая — чэрвеня». Прэзідэнт даручыў віцэ-Прэм’еру жорстка ўзяць на кантроль работу губернатараў, мясцовых органаў улады па пытаннях забеспячэння насельніцтва харчаваннем у зімовы й вясновы перыяд — каб не было ваганняў цэн.
Як далажыў Міністр сельскай гаспадаркі й харчавання Іван Крупко, па выніках працы за 10 месяцаў гэтага года тэмп росту вытворчасці сельгаспрадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў 104,6%, на сельгаспрадпрыемствах — 106,7%. Прычым усе рэгіёны спрацавалі з ростам да ўзроўню мінулага года, прыводзіліся канкрэтныя лічбы. Як адзначыў міністр, станоўчая дынаміка ў вытворчасці, захаванне тэхналагічнай дысцыпліны, зніжэнне выдаткаў на вытворчасць і продаж прадукцыі дазволілі палепшыць фінансавыя паказчыкі сельгасарганізацый. У прыватнасці, сёлета за студзень-жнівень атрымана Br 9,6 млрд выручкі ад рэалізацыі прадукцыі — амаль на 16% больш, чым летась. Прыбытак перавысіў Br 560 млн (126,6%), рэнтабельнасць продажаў вырасла з 5,3% да 5,8%. Прычым рост вытворчасці адбіўся й на развіцці перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія ў сваю чаргу нарасцілі экспарт сельгаспрадукцыі ды харчавання. За студзень-верасень за мяжу прададзена прадуктаў харчавання на $ 4,2 млрд, або 106,1% да аналагічнага перыяду мінулага года.
Па выніках дакладу Прэзідэнту Аляксандр Субоцін заявіў журналістам, што даручэнне кіраўніка дзяржавы па кантролі за цэнаўтварэннем будзе выканана: «Усёй лінейкай прадуктаў па зручнай для нас цане мы будзем забяспечаныя, і будзем тое выразна адсочваць».
Падрыхтаваў Іван Ждановіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy