Група археолагаў знайшла на поўначы Кітая руіны старажытнага грандыёзнага будынка. Як мяркуецца, ён быў узведзены каля 2000 гадоў таму і выкарыстоўваўся для захоўвання збожжа, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [3].
Знаходка была зробленая навуковымі супрацоўнікамі Інстытута культурных рэліквій і археалогіі аўтаномнага раёна Унутраная Манголія і універсітэта імя Сунь Ятсена (правінцыя Гуандун) каля горада Хух-Хота адміністрацыйнага раёна Унутраная Манголія на поўначы Кітая.
Разваліны старажытнага свірна знаходзяцца ў гарадзішчы плошчай 110 тыс. кв. м, якое датуецца перыядам праўлення дынастыі Заходняя Хань (202 г. да н. э. —8 г. н. э.). Будынак, узведзены на платформе з утрамбаванай зямлі, паводле ацэнак спецыялістаў, з’яўляецца найбуйнейшым з выяўленых аналагаў таго перыяду.
Ён складаецца з 32 адсекаў, мае прастакутную форму. Даўжыня — каля 170 метраў, шырыня — 21 м, удакладнілі навукоўцы. У шэрагу скляпоў пад платформай знайшлі шмат проса.
У руінах будынка таксама было выяўлена 16 разор, якія, па словах археолагаў, выкарыстоўваліся для адводу вады і забеспячэння сухасці ў свіране. У якасці будаўнічага матэрыялу ўмельцы таго часу выкарыстоўвалі сасну, якая не толькі эфектыўна абараняла зерне ад шкоднікаў, але і зніжала вільготнасць ўнутры памяшкання.
Мяркуючы па ўсім, гэты склад на працягу каля ста гадоў прымяняўся для захоўвання збожжа, пакуль не згарэў дашчэнту, падзяліўся кіраўнік археалагічнага праекта Лю Ян. У тыя часы ён размяшчаўся ў аддаленай памежнай вобласці ўздоўж Вялікай Кітайскай сцяны, аднак быў спраектаваны і пабудаваны па даволі высокіх стандартах тагачаснага дойлідства, пра што сведчаць яго манументальнасць і чатырохсхільны дах, лічаць навукоўцы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya