У Дзяржаўным музеі Кітая прайшла цырымонія перадачы бронзавай статуі галавы каня ў пекінскі палацава-паркавы комплекс Юаньмін’юань. Гэтая рэліквія была страчана і знаходзілася за межамі Кітая больш за 100 гадоў. У гэтым годзе культурны помнік быў упершыню прадстаўлены ў парку, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [3].
Бронзавая статуя галавы каня з’яўляецца адным з асноўных элементаў фантана з бронзавымі фігурамі 12 жывёл усходняга календара ў парку Юаньмін’юань. У 1860 годзе войскі брытанскай і французскай кааліцыі ўварваліся ў Пекін, імператарскі парк быў разрабаваны і спалены. 12 бронзавых фігур, у тым ліку і статуя галавы каня, былі выкрадзены і вывезены з Кітая.
Бронзавая галава каня была спраектавана італьянскім майстрам Джузэпэ Кастыльёне, скульптура спалучае ў сабе мастацкія канцэпцыі і стылі Усходу і Захаду. Помнік быў зроблены прыдворнымі майстрамі падчас кіравання імператара дынастыі Цын Цяньлуна. Скульптура дэманструе высокі ўзровень майстэрства і з’яўляецца выдатным творам старажытнага кітайскага мастацтва.
У жніўні 2007 года Дзяржаўны камітэт па ахове культурнай спадчыны КНР атрымаў інфармацыю пра тое, што бронзавая статуя галавы каня з парку Юаньмін’юань будзе прадавацца на аўкцыёне Sotheby’s у Сянгане. Ведамства адразу ж выказала намер спыніць адкрытыя таргі, каб вярнуць рэліквію ў Кітай. Кампанія Sotheby’s у Сянгане прадаставіла актыўную падтрымку.
У верасні кітайскі прадпрымальнік, інвестар і філантроп Хэ Хуншэн ахвяраваў сродкі на выратаванне гэтага згубленага культурнага помніка. Пасля гэтага бронзавая галава коня на працягу доўгага часу выстаўлялася ў Сянгане і Аамэне. Пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па ахове культурнай спадчыны КНР у лістападзе 2019 года Хэ Хуншэн прыняў рашэнне афіцыйна бязвыплатна перадаць гэтую статую ведамству.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya