У сучасным свеце амаль кожны падлетак марыць аб татуіроўцы, каб вылучыцца і самавыявіцца, але з-за свайго ўзросту не можа яе зрабіць. У такіх сітуацыях на дапамогу прыходзіць мастацтва мехендзі. Многія лічаць, яго навінкай у індустрыі прыгажосці, але гэта не так. Роспіс цела спецыяльнай фарбай з'явіўся яшчэ ў старажытныя часы ў Індыі. Мы пагаварылі з майстрам у гэтай справе Марыяй Бародзіч і высветлілі ўсе падрабязнасці такога занятку.
— Дзе зараз мехендзі карыстаецца попытам?
— На сённяшні момант найбольш шырока гэтае мастацтва распаўсюджана ў арабскім свеце, краінах Паўночнай Афрыкі і ў Індыі. Але не так даўно яно набыло папулярнасць і ў Еўропе. У асноўным малююць узоры або арнаменты, якія прымяркоўваюць да свят, вяселляў. Варта ўлічваць, што ў розных краінах ёсць свае асаблівасці пры нанясенні малюнка.
— А якія матэрыялы выкарыстоўваюцца?
— Галоўным з'яўляецца хна — фарба з высушанага лісця лаўсоніі некалючай. Яе некалькі відаў: натуральная, хна з дабаўленнем фарбавальнікаў і іншыя. Гледзячы на эскіз кожнага малюнка, майстар сам выбірае, з якой яму будзе зручней і да месца працаваць. Набыць матэрыял для мехендзі не праблема, нават у нас у Мінску можна купіць якасную хну. Таксама я часта замаўляю фарбу з Расіі ці наўпрост з Індыі.
— Як вы навучаліся гэтаму майстэрству?
— Раней я наогул не ведала пра яго, проста хацела зрабіць сабе тату, таму вырашыла паспрабаваць пахадзіць спачатку з часовым малюнкам. Знайшла ў сацыяльных сетках дзяўчыну, якая малюе хной, прыйшла да яе, зрабіла эскіз на целе, і мне спадабалася. Потым наведала мерапрыемства, дзе былі запрошаны мастакі, якія працуюць з хной, пагутарыла з імі, і мяне вельмі зацікавіла іх работа. Праз нейкі час я рашылася і пайшла на курсы. Цяпер ні кроплі не шкадую аб сваім учынку, займаюся любімай справай і нават адкрыла ўласныя курсы па мастацтве мехендзі ў двух фарматах — анлайн і ўжывую, дзе дапамагаю ўсім ахвотным асвоіць сакрэты майстэрства.
— Хто часцей за ўсё звяртаецца?
— Ёсць людзі, якія цікавяцца Індыяй ці арабскімі краінамі, яны часта робяць малюнкі хной, каб паглыбіцца ў культуру гэтых народаў. Але часцей за ўсё гэта кліенты, якія хочуць зрабіць татуіроўку, але сумняваюцца, ці ў сілу свайго ўзросту занадта малыя для сапраўднай. Ну і, вядома ж, робяць малюнкі хной для розных тэматычных фотасесій, але гэта даволі рэдка.
— А ці не шкодная такая размалёўка на целе для дзяцей?
— Рабіць часовыя «татуіроўкі» можна, але гадоў з трох, не раней, таму што малыя не заўсёды ўседлівыя і будзе складана нанесці на іх скуру прыгожы і роўны арнамент. Акрамя гэтага варта ўлічваць такі момант, як індывідуальная непераноснасць — алергію на хну. Гэта датычыцца як дзяцей, так і дарослых. У інтэрнэце можна ўбачыць шмат розных фота з апёкамі ад фарбы, але ў сваёй рабоце, на шчасце, з такімі наступствамі не сутыкалася.
— Адкуль чэрпаеце ідэі для эскізаў?
— Звычайна кліенты самі прыносяць тое, што яны хочуць, гэта вельмі зручна і не адымае часу падчас работы. Тым больш мне трэба загадзя ведаць, колькі прыкладна спатрэбіцца часу на чалавека, каб арыентаваць астатніх кліентаў. Калі чалавек зусім не ведае, чаго хоча, то я заўсёды дапамагу яму вызначыцца, і мы разам выберам аптымальны для яго варыянт з мноства прыкладаў.
— Як доўга трымаецца малюнак хной?
— Гэта ўсё вельмі індывідуальна, часцей за ўсё залежыць ад часткі цела, на якой ён размешчаны. Напрыклад, на кісці рукі «тату» трымаецца пяць — сем дзён, бо мы ж ёй усё робім, да таго ж мыем, асабліва часта цяпер у мэтах бяспекі. На нагах малюнак захаваецца даўжэй, чым на іншых месцах, прыкладна на два тыдні. Час на выкананне самога малюнка таксама індывідуальны. Усё залежыць ад складанасці эскіза, аб'ёму і наяўнасці ценяў на ім. І, вядома, пры рабоце з кліентамі я заўсёды адводжу час на прасушку «татуіроўкі» фарбай, для гэтага павінна прайсці мінімум хвілін пятнаццаць — дваццаць.
— З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся?
— Самае складанае ў маёй прафесіі, гэта абвяргаць міфы, напрыклад, пра небяспеку хны. Ну і, вядома, фізічны складнік, мая работа сядзячая, таму ёсць нагрузка на спіну. Калі няправільна маляваць, то, адпаведна, будуць балець пальцы і рукі. Але ўсе гэтыя дробныя праблемы не параўнаюцца з плюсамі майго занятку. Галоўнае — ты бачыш удзячнасць за сваю работу ад кліентаў, бачыш, як робіш іх больш шчаслівымі і на крок бліжэйшымі да мары.
Кацярына Андрэйчык, вучаніца 7 класа СШ № 36 г. Мінска
Фота дадзена гераіняй
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/mehendzi-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/tatuirouka
[5] https://zviazda.by/be/tags/hna