27 лістапада Савет Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў прыняў рашэнне аб прысуджэнні беларускаму пісьменніку Уладзіміру Гніламёдаву прэміі імя Чынгіза Айтматава. Заснавана прэмія ў 2012 г. па ініцыятыве Жагарку Кенеша (парламента) Кыргызскай Рэспублікі ў гонар выдатнага пісьменніка і з’яўляецца формай заахвочвання грамадзян дзяржаў СНД. Прысуджаецца яна раз на год за дасягненні ў галіне літаратуры, выдатныя арыгінальныя творы і шматгранную літаратурную дзейнасць.
У розныя гады яе лаўрэатамі станавіліся такія вядомыя і аўтарытэтныя на постсавецкай прасторы асобы, як галоўны рэдактар расійскай «Литературной газеты» Юрый Палякоў, азербайджанскі пісьменнік, рэжысёр і сцэнарыст Анар Рзаеў, армянскі дзяржаўны дзеяч, паэт, філолаг-перакладчык, дырэктар Інстытута старажытных рукапісаў Матэнадарана імя Месропа Маштоца Грач’я Тамразян і інш. Летась узнагароду атрымаў народны паэты Таджыкістана, драматург, кінасцэнарыст Мухамад Гаіб.
Кандыдатуру Уладзіміра Гніламёдава прадставіла да ўзнагароджання Камісія па культуры, інфармацыі, турызме і спорце МПА СНД за дасягненні ў галіне літаратуразнаўства і шматгранную літаратурную дзейнасць.
Доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гніламёдаў — патрыярх беларускай навукі і культуры, выдатны беларускі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, арганізатар навуковага жыцця, празаік. Пад яго кіраўніцтвам і пры яго непасрэдным удзеле на аснове новых сучасных тэарэтыка-метадалагічных прынцыпаў і каштоўнасцей і з улікам усяго магчымага спектра факталагічных даных, якія адкрыліся на этапе найноўшай гісторыі, ажыццяўляліся такія фундаментальныя навуковыя праекты агульнарэспубліканскага значэння, як «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4 тамах 6 кнігах, «Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў» у 2 тамах, «Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова XVIII стагоддзя» ў 2 тамах, вялася распрацоўка Збору твораў Якуба Коласа ў 20 тамах, Збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах, Збору твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў 2 тамах, Збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах, шматлікіх калектыўных манаграфічных выданняў і інш.
Даследаванні самога У. Гніламёдава тычацца гісторыі, тэорыі і метадалогіі беларускага літаратуразнаўства і прысвечаны вывучэнню самых складаных і актуальных праблем айчыннай літаратуры. Яны ўражваюць багаццем факталагічнага зместу, смеласцю і арыгінальнасцю тэарэтыка-метадалагічнага мыслення, аналітычным асэнсаваннем ідэйнамастацкіх з’яў, падкрэсленай важкасцю ацэнак і заключэнняў. Варта заўважыць тую акалічнасць, што ўсе найбуйнейшыя літаратуразнаўчыя работы вучонага адразу па іх выхадзе атрымлівалі высокую ацэнку навуковай грамадскасці.
Пра многае гавораць адны толькі назвы некаторых рэцэнзій на манаграфіі Уладзіміра Васільевіча, напрыклад, І. Сачанкі на кнігу «Як само жыццё» — «Каштоўны скарб», Л. Гарэлік на даследаванне «Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» — «Талент — быць асобай», А. Марціновіча на працу «Ад даўніны да сучаснасці: нарыс пра беларускую паэзію» — «З энцыклапедычным падыходам» і інш. Ён з’яўляецца вядучым тэарэтыкам і філосафам у сучаснай беларускай навуцы пра літаратуру, галоўным знаўцам творчасці Я. Купалы, І. Мележа, М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, без перабольшання, — усёй сучаснай беларускай паэзіі, а таксама літаратуры беларускага замежжа, у прыватнасці беларускай літаратуры ў Польшчы і інш.
Усяго вучонаму належыць больш за 1000 навуковых работ, у тым ліку каля 30 кніжных выданняў. Высокую ацэнку літаратуразнаўцаў і грамадска-культурнай супольнасці атрымалі яго манаграфіі «Традыцыі і наватарства» (1972), «Упоравень з векам» (1976), «Як само жыццё» (1980), «Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983), «Іван Мележ: нарыс жыцця і творчасці» (1984), «Ля аднаго вогнішча» (1984), «Класікі і сучаснікі» (1987), «Праўда зерня: Паэзія Васіля Зуёнка» (1992), «Янка Купала: новы погляд» (1995), «Ад даўніны да сучаснасці» (2001) і інш. На апошняе манаграфічнае даследаванне У. Гніламёдава «Літаратура. Гісторыя. Свядомасць: гісторыка-літаратурны нарыс» (2017), напісанае сумесна з аўтарам гэтых радкоў, станоўчымі рэцэнзіямі адгукнуліся такія аўтарытэтныя рэспубліканскія выданні, як часопісы «Беларуская думка», «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Весці НАН Беларусі», газеты «Літаратура і мастацтва», «Навука», «Культура» і іншыя. Гэтае фундаментальнае навуковае выданне прысвечана вывучэнню вызначальных праблем айчыннай літаратуры ў цеснай сувязі з вядучымі парадыгмамі сацыяльнагістарычнага развіцця і працэсам фарміравання нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
У. Гніламёдаў з’яўляецца суаўтарам арыгінальнага праекта «Поэзия русского слова: антология» ў 2 тамах (2019), дзе ўпершыню ў гуманітарыстыцы і культуры распрацаваны тэарэтыка-метадалагічныя прынцыпы і канцэптуальныя асновы анталогіі сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі як ідэйнамастацкай сістэмы, выяўлены сюжэталагічная эндаскапія і структурна-кампазіцыйная парадыгма анталогіі, раскрыты ідэйна-эстэтычная спецыфіка і грамадскакультурны феномен сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі. Уладзімір Васільевіч быў навуковым кіраўніком і адным з выканаўцаў праектаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў «Рускамоўная паэзія Беларусі мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў: традыцыі, духоўны вопыт, мастацкія прыярытэты», «Беларуская паэзія ў сістэме сучасных сацыякультурных працэсаў», «Нацыянальны тып свядомасці ў беларускай літаратуры: ідэйна-эстэтычная спецыфіка» і інш.
Вучоны кажа, што наша спецыяльнасць — літаратуразнаўства — патрабуе не толькі прафесіяналізму, вялікага досведу і глыбіні пазнанняў, але і душэўных высілкаў, эмацыянальнага ўдзелу, пачуццёвых адносін, суперажывання герою. Каб авалодаць ёю, трэба ўмець максімальна наблізіцца да пісьменніка, трапіць у яго светапогляд, духоўную прастору, разгадаць асновы прафесійнага рамяства. Навуковы метад У. Гніламёдава грунтуецца на выяўленні суадносін традыцыйнага і наватарскага ў мастацкім творы, на раскрыцці таго, як ідэйнае, тое, што заключана ў яго змесце, рэалізуе сябе ў паэтыцы і стылі. Якраз тут і павінен сцвярджаць сябе індывідуальна-аўтарскі пачатак.
Сёння мала хто ведае, што на маладым таленавітым крытыку У. Гніламёдаве некалі вывяраў-апрабоўваў многія свае наватарскія літаратурнакрытычныя канцэпцыі і сістэмныя погляды знакаміты даследчык, выдатны знаўца паэтаў і паэзіі Рыгор Бярозкін, што па самых складаных і актуальных праблемах вывучэння слоўнага мастацтва даволі часта з ім раіўся яго былы выкладчык, аўтарытэтны літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Калеснік.
Дзелавыя, прафесійныя і чалавечыя якасці Уладзіміра Васільевіча высока цанілі выдатныя беларускія пісьменнікі і паэты Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Андрэй Макаёнак, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін і іншыя. Напрыклад, даведаўшыся пра тое, што навуковым кіраўніком маёй дысертацыйнай працы з’яўляецца У. Гніламёдаў, падчас адной з нашых сустрэч і гутарак у маі 1993 года Максім Танк заўважыў: «Ну, гэта і крытык цікавы, і чалавек, па-мойму, вельмі харошы. Ён сочыць за літаратурай, за навінкамі ўсімі. Так што можна вас павіншаваць з такім кіраўніком…»
Віншуем Уладзіміра Васільевіча з высокай узнагародай і жадаем новых поспехаў на ніве літаратуразнаўства і мастацкай творчасці!
Мікола МІКУЛІЧ
На Юравіцкіх сцяжынах
На пачатку 80-х гадоў прамінулага стагоддзя паклікаў Уладзімір Гніламёдаў мяне, тады літаратурнага пачаткоўца, падацца разам на малую радзіму Івана Мележа. З вялікай радасцю адгукнуўся на гэтае запрашэнне. І вось мы ў гістарычна вядомых Юравічах на старажытнай стаянцы, азіраем з гары паселішча і недалекаватую берагавіну і водную гладзь ціхаплыннай Прыпяці. Уладзімір Васільевіч як бы позіркам шукае адказы на ўласныя пытанні: адкуль ён, выток, мележаўскай эпапеі?.. Якім ён бачыцца на гэтым геаграфічным абсягу? Потым і ў саміх Юравічах, і ў Глінішчы, дзе нарадзіўся Іван Мележ, і ў Каранёўцы, якой выпала стаць у «Палескай хроніцы» сусветна вядомымі Куранямі, даследчык творчасці Мележа будзе чуйна ўслухоўвацца ў дыялектна адметную мову палешукоў. Потым выйдзе ў свет кніга «Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці». Чытаючы яе, зноўку прайдуся роднымі палескімі сцежкамі.
А ў рамане «Праўда жыве пасярэдзіне», змешчаным у сёлетнім «Полымі», зноў бачыў яго, слыннага майстра слова, на юравіцкай стромай гары. Як жа далёка і глыбока ён глянуў з яе гістарычна-родавай вышыні на сваю, бачную сэрцу, Камянеччыну ў той дзень! Як і тысячы прыхільнікаў таленту выдатнага празаіка, я радуюся з усёй шчырасцю прысуджэнню Уладзіміру Васільевічу Міжнароднай літаратурнай прэміі МПА СНД імя Чынгіза Айтматава. Гэтым падкрэслена значнасць сённяшняй айчыннай прозы на міжнародным узроўні.
Мікола МЯТЛІЦКІ
Радуюся, віншую!
У знешнім выглядзе Уладзіміра Гніламёдава ёсць нешта ад Льва Талстога. Статная постаць, засяроджана-мудры позірк… Ды і як празаік ён шмат у чым набліжаецца да аўтара неўміручай «Вайны і міру». У рэшце рэшт, ён і напісаў сваю «Вайну і мір». Серыя раманаў, створаных ім, — таксама эпапея жыцця народа на віхурных паўстанках гісторыі. Які раман ні возьмеш, у ім тая праўда жыцця і мастацтва, якую ўважліва падгледзець і надзіва шматгранна адлюстраваць можа толькі той, у каго вялікі талент удала спалучаны з працалюбствам, мацуецца на дэталёвым веданні законаў творчасці. Раманы «Валошкі на мяжы», «Уліс з Прускі», «Расія», «Вяртанне», «Вайна», «Пасля вайны», «Праўда жыве пасярэдзіне» таму і нарадзіліся, што Гіламёдаў-празаік, пішучы іх, шмат у чым адштурхоўваўся і ад Гніламёдава-даследчыка. Не было б яго больш чым 300 даследчыцкіх публікацый (сярод якіх 11 манаграфій), наўрад ці нарадзілася б і эпапея. Прысуджэнне ж Уладзіміру Гніламёдаву прэміі імя Чынгіза Айтматава — не толькі ў радасць шматлікім прыхільнікам нацыянальнага прыгожага пісьменства, якія добра ведаюць яго творчасць, — гэта робіць гонар усёй беларускай літаратуры.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Адметнасць даследчыка
Уладзімір Гніламёдаў працягвае даўнюю традыцыю, плённа сумяшчаючы ў адной асобе даследчыка літаратуры і пісьменніка. Традыцыя сапраўды даўняя, калі згадаць імё- ны Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага, Івана Навуменкі і Алеся Адамовіча… І ўсё ж маецца ў гэтым выпадку пэўная адметнасць: больш выразна, чым у іншых, акрэсліваюц- ца перыяды, калі ўвага аддавалася пераважна аднаму з відаў творчасці — спачатку навуковай, а пазней мастацкай. Зрэшты, цалкам адасобіць літаратуразнаўчую і літаратурную дзейнасць і тут немагчыма. Засяродзіўшыся апошнім часам у асноўным на стварэнні цыкла рама- наў — своеасаблівага эпічнага наратыву, Ула- дзімір Гніламёдаў не пакідае займацца даслед- чыцкай аналітыкай. Галоўным прадметам яго зацікаўленняў як літаратуразнаўцы і крытыка па-ранейшаму застаецца нацыянальная паэзія. Таму хочацца нагадаць пра здабыткі Уладзіміра Гніламёдава менавіта ў галіне паэталогіі, сярод якіх такія знакавыя кнігі, як «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны пра- цэс» (1983), «Ад даўніны да сучаснасці» (2001) і многія іншыя.
Яўген ГАРАДНІЦКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura