Міністр культуры Анатоль Маркевіч наведаў Прыдзвінскі край, дзе азнаёміўся з ходам будаўнічых работ на шэрагу аб'ектаў, правёў нараду і прыём грамадзян.
У самым старажытным горадзе краіны Полацку ён азнаёміўся з ходам рэстаўрацыйных работ у Спаса-Праабражэнскім храме знакамітага далёка за межамі Беларусі праваслаўнага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Між іншым, гэтую царкву, пабудаваную ў сярэдзіне XІІ стагоддзя, прапануюць унесці ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Анатоль Маркевіч застаўся задаволены ўбачаным і выказаў упэўненасць, што ўсё неабходнае ў пытаннях рамонту і рэстаўрацыі будзе завершана згодна з планамі — у 2024 годзе. Таксама ён падкрэсліў ювелірную і дасканалую працу спецыялістаў.
А вось вынікі дзейнасці будаўнікоў у віцебскім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа нельга ацаніць на «дзесяць балаў». І гэта пры тым, што грошы міністэрствам на рамонт даху вылучаюцца своечасова.
Гэты аб'ект «узяты на аловак»: патрабуе асаблівага кантролю.
У нарадзе ў аблвыканкаме ў рэжыме відэаканферэнцыі бралі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, дырэктары і прадстаўнікі музеяў Віцебска, устаноў культуры, прадстаўнікі кіраўніцтва выканкамаў, аддзелаў культуры.
Кожны мог задаць пытанне.
Вельмі зацікавіла адно з іх. Датычылася яно выхаванцаў дзіцячых школ мастацтваў, якія плануюць звязаць свой прафесійны лёс з творчым захапленнем, каб яны маглі б вучыцца мастацтву ажно да паступлення. А пакуль што на некалькі гадоў страчваюць «сувязь» з мастацтвам да падачы дакументаў у навучальную ўстанову.
Анатоль Ліневіч прапанаваў разгледзець магчымасць спрасціць працэдуры куплі і выкарыстання нерухомасці, якая ўяўляе гістарычную каштоўнасць. Многіх ініцыятыўных і прадпрымальных проста пужае вялікая колькасць бюракратычных працэдур, калі яны хочуць адкрыць пасля рамонту ў стагадовых будынках гатэль, рэстаран, краму і іншае. Столькі ўсяго трэба ўлічваць пры нават дробным рамонце і плаціць за афармленне папер, што лепш, як мовяць, і не ўвязвацца, — такая логіка ў тых, хто мог бы даць другое жыццё старым дамам.
Нямала ўвагі ўдзялялася падчас відэасувязі кадраваму пытанню. У многіх райвыканкамах павінны зрабіць шмат, каб моладзь пасля адпрацоўкі не з'язджала ў вялікія гарады. Галоўныя праблемы: нізкая зарплата і адсутнасць жылля.
Дарэчы, у пачатку наступнага года, дзякуючы ўвядзенню надбаўкі за спецыфіку працы для работнікаў культурна-асветніцкіх арганізацый, заробак многіх прадстаўнікоў сферы павысіцца.
Міністр таксама правёў прыём грамадзян. У прыватнасці, былі агучаны пытанні магчымасці тэндарных дзяржаўных заказаў мастакам, скульптарам, майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/anatol-markevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc