Пандэмія паўплывала на жыццё практычна кожнага чалавека. Але найбольш яна закранула пажылых. Людзі старэйшага пакалення, у якіх шмат суправаджальных хвароб, вымушаны спыніць або звесці да мінімуму кантакты са знешнім светам. Ім вельмі не хапае жывых зносін з сябрамі, блізкімі, суседзямі. Карэспандэнт наведала Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва (ТЦСАН), што на Міншчыне, і паглядзела, як тут працуюць са сваімі падапечнымі ў сённяшніх няпростых умовах.
Дамашні ўніверсітэт
— Мы зрабілі ўсё неабходнае, каб пажылыя грамадзяне не адчувалі сябе забытымі, незапатрабаванымі. З гэтай мэтай укараняем новыя формы работы. Апраўдала сябе, у прыватнасці, такая дыстанцыйная форма, як «Дамашні ўніверсітэт», — кажа дырэктар установы Святлана Маліноўская.
— У нашым аддзяленні налічваецца 59 чалавек, у тым ліку 6 мужчын. Узрост наведвальнікаў ад 60 да 86 гадоў. Тут функцыянуюць чатыры гурткі і сем клубаў па інтарэсах, тры школы. У сувязі з санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкай мы адкрылі школу дыстанцыйнага навучання «Дамашні ўніверсітэт». А пачыналі з таго, што спачатку пагутарылі з кожным, хто жадае сюды запісацца. У выніку далі згоду 30 чалавек. Кожнаму з іх мы накіравалі пісьмовае паведамленне, што ён залічаны ў школу. У гэтым дакуменце прапісаны ўсе этапы, кірункі, па якіх будзем працаваць. Гэта — гісторыя Капыля і раёна, лекавыя расліны, здаровы спосаб жыцця, — расказвае загадчыца аддзялення забеспячэння дзённага пражывання пажылых грамадзян тэрытарыяльнага цэнтра Валянціна Нікалаеня.
Навучэнцы праходзяць выпрабаванне на веданне гісторыі рэгіёна, сваёй малой радзімы. Напачатку работнікі цэнтра раздалі ім неабходную інфармацыю па тэме і тэсты да яе з пытаннямі, на якія трэба адказаць. Першы этап стартаваў 6 лістапада і завершыцца 22 снежня. Затым удзельнікам школы ўручаць сертыфікаты аб заканчэнні школы дыстанцыйнага навучання, а пераможцаў чакае ўзнагароджанне. Разам з тым супрацоўнікі ТЦСАН правялі апытанне сярод пажылых людзей, ці падабаецца ім займацца ў дыстанцыйнай школе, якія тэмы, на іх думку, варта ўнесці ў далейшы курс навучання. І атрымалі шмат прапаноў.
Дадам, што з дапамогай сацыяльнай пошты забяспечваюцца ўсе меры засцярогі ад заражэння ковідам, як сярод пажылых, так і работнікаў. Спецыялісты разносяць паведамленні па паштовых скрынях, дзе жывуць адрасаты.
— Кожная тэма прадугледжвае дзесяць пытанняў. За правільны адказ налічваецца адзін бал. На наступным тыдні будзе ўручэнне сертыфікатаў. Акрамя таго, дзякуючы спонсарам кожны з удзельнікаў атрымае аднаразовыя маскі і пальчаткі, — тлумачыць Валянціна Іосіфаўна.
Тым часам заглядваю ў сшытак з адзнакамі «студэнтаў».
— Дык у вас адны выдатнікі! Як жа вызначыць пераможцаў? — здзіўляюся.
— Справа ў тым, што ўсе вельмі адказна падышлі да справы, — падтрымала размову спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ала Грыгарэвіч. — Спачатку запісвалі адказы ў апытальніку алоўкам і чакалі прыезду дзяцей, каб упэўніцца, што ўсё зрабілі правільна. І толькі тады контуры літар абводзілі ручкай. — Нашы падапечныя прынялі вельмі актыўны ўдзел у дыстанцыйнай школе. Напрыклад, адна 84-гадовая жанчына тэлефануе паведаміць, што выканала заданне, маўляў, забярыце. А ёй толькі ўчора яго прынеслі. У пятніцу з нецярпеннем яны чакаюць каля акна, бо ведаюць, што ў гэты дзень у вызначаны час прыйдуць нашы супрацоўнікі з чарговым заданнем.
— Што дае гэтая праграма для састарэлых? — цікаўлюся ў суразмоўнікаў.
— Гэта магчымасць заняць сябе падчас пандэміі. Не на апошнім месцы тут і фарміраванне здаровага спосабу жыцця, актыўнага даўгалецця. Акрамя таго, яны чэрпаюць для сябе новыя веды, карысную інфармацыю. Напрыклад, возьмем лекавыя травы. Мы даём ім звесткі, якімі ўласцівасцямі валодае кожная зёлка, якую карысць і нават шкоду прыносіць арганізму. Здаровы спосаб жыцця ўключае шмат момантаў — здаровы сон, якаснае і правільнае харчаванне, актыўная дзейнасць.
Не страцілі сувязі з пажылымі
— Пандэмія каранавіруса не перашкодзіла рабоце з пажылымі грамадзянамі, мы не страцілі з імі сувязі, — запэўніла Святлана Маліноўская. — У гэтым аддзяленні людзі знаходзяцца пад асаблівым патранатам, кантролем і ўвагай. Спецыялісты тэлефануюць ім кожны дзень, цікавяцца станам іх здароўя, што ім патрэбна. Дарэчы, у цэнтры арганізавана «гарачая» тэлефонная лінія, выконваем заяўкі па ўсім раёне, дастаўляем лекі, прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці, санітарна-гігіенічныя сродкі.
Падчас першай хвалі каранавіруса ў нашых падапечных была паніка, яны адмаўляліся наведваць заняткі, гурткі, прызнаецца Святлана Станіславаўна. Цяпер, дзякуючы адукацыйнай праграме, людзі разумеюць, што ў прынцыпе жыццё не спынілася, працягваецца, што ўрачы ведаюць, як змагацца з новай хваробай. Але мы пастаянна ім нагадваем, што перш за ўсё неабходна захоўваць меры засцярогі. Ні адзін пажылы чалавек нават да ўвядзення абавязковага масачнага рэжыму не выходзіў на вуліцу без рэспіратара.
У цёплую пару года работнікі цэнтра практыкавалі мерапрыемствы на вуліцы. Напрыклад, разам з супрацоўнікамі мясцовага музея праводзілі экскурсіі па вуліцах горада для аднаго-двух чалавек. Ім расказвалі аб гісторыі ўзнікнення канкрэтнай вуліцы, у гонар каго яна названая, якія гістарычныя падзеі тут адбываліся, якія помнікі гісторыі і архітэктуры тут знаходзяцца. Нават калі эпідэміялагічная сітуацыя не зменіцца, такую практыку плануюць працягваць, а дыстанцыйнае навучанне пяройдзе ў іншую форму.
Сацыяльны работнік — крыху псіхолаг
— У аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома налічваецца 116 сацыяльных работнікаў, якія ахопліваюць паслугамі 1104 пажылых грамадзян. Работа сацыяльных работнікаў падчас пандэміі, зрэшты, не памянялася. Яны наведваюць сваіх падапечных, дапамагаюць ім з дамашнімі клопатамі, гатуюць ежу, прыносяць лекі, прадукты харчавання, бытавыя тавары. Ёсць пытанні, якія не ўваходзяць у іх абавязкі. Напрыклад, як нешта адрамантаваць у хаце, перакрыць дах. У гэтым выпадку яны садзейнічаюць у падборы неабходнага спецыяліста.
— У нас ёсць чатыры сацыяльныя пункты ў чатырох вёсках раёна. Тут працуюць інспектары, якія кантралююць работу сацыяльных работнікаў на ведамаснай тэрыторыі і забяспечваюць даступнасць аказання паслуг. Калі ўзнікаюць складаныя, экстранныя сітуацыі, нам не трэба туды ехаць, усе пытанні вырашыць інспектар, — адзначае загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Вольга Саковіч. — У Грозаве сфарміравана пэўная сістэма сацыяльнай абароны. Акрамя сацыяльнага пункта, у 2017 годзе адкрыты дом сумеснага пражывання для пажылых грамадзян, разлічаны на шэсць чалавек. Пры крытычнай сітуацыі тут можам размясціць да 11 чалавек. Штодня сюды прыходзіць сацыяльны работнік, прыбірае, гатуе.
Усе сацработнікі забяспечаны веласіпедамі, сродкамі індывідуальнай аховы, вытрымліваюць рэжым змены масак, кожны разумее, што не мае права падвяргаць рызыцы здароўе састарэлых людзей.
Сацыяльныя работнікі заўсёды былі крыху псіхолагамі, тым больш цяпер. Яны рэгулярна праводзяць гутаркі з пажылымі, якія знаходзяцца на абслугоўванні, наконт захавання правіл бяспекі, нашэння масак і пальчатак, калі выходзяць на вуліцу і нават калі прыязджаюць дзеці. Просяць нагадваць пра гэта і дзецям, і ўнукам. Акрамя таго, яны супакойваюць людзей, каб у іх не ўзнікалі дэпрэсія, панічны настрой. Тлумачаць, што ў іх ёсць надзейныя памочнікі, што з любой сітуацыі яны дапамогуць знайсці выхад. Сацыяльныя работнікі выконваюць не толькі заяўкі тых, хто стаіць на абслугоўванні ў цэнтры. Тэлефануюць ім усе, каму патрэбна дапамога, і яны нікому не адмаўляюць. Напрыклад, званок аднаго з грамадзян быў як крык душы, маўляў, усе дамашнія захварэлі, няма каму прынесці прадукты харчавання.
— Мы нікога не пакінулі сам-насам са сваімі праблемамі, — кажа Святлана Станіславаўна. У нас не ўзнікаюць пытанні, як паступіць у той ці іншай сітуацыі, прапрацаваны ўсе маршруты, выхады з цяжкага становішча. Калі ёсць складанасці па дастаўцы лекаў камусьці, то нас аб гэтым інфармуе бальніца. Інакш кажучы, плячо ў плячо мы працуем з нашымі сацыяльнымі партнёрамі. Не пакідаюць нас без увагі грамадскія арганізацыі, такія як раённыя аб'яднанні Беларускага саюза жанчын, Беларускага Чырвонага Крыжа.
У цэнтры клапоцяцца не толькі аб старых. Ёсць занепакоенасць і аб сваіх работніках. «Мы, як ніхто іншы, павінны быць ў страі. Калі ўзнікнуць складаныя сітуацыі, мы мусім дапамагчы людзям. На сённяшні дзень у нашай установе разведзены патокі людзей, каб яны не перасякаліся паміж сабой. Для гэтага прызначаны розныя ўваходы і выхады. Акрамя таго, кожную раніцу праводзім тэрмаметрыю. Восенню нашы супрацоўнікі робяць прышчэпкі ад сезоннага грыпу. Цесна мы ўзаемадзейнічаем і з раённым аддзелам МНС, унутраных спраў, установамі аховы здароўя. Найлепшыя нашы сябры і сельскія Саветы», — падагульніла Святлана Маліноўская.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/sacyyalnaya-padtrymka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kapylski-rayon