У Гродне завяршаецца [4] першы этап рэстаўрацыі Старога замка. У сувязі з гэтым гісторыка-археалагічны музей перамешчаны ў Новы замак і будзе вернуты ў палац часткова.
Справа ў тым, што за час будаўнічых работ музейная скарбонка вельмі папоўнілася, а супрацоўнікі музея павінны будуць стварыць новыя экспазіцыі з сучаснымі рашэннямі.
— Асноўны акцэнт будзе на аўтэнтычныя прадметы, археалагічныя знаходкі, якія захаваліся ў фондах музея, напрыклад, адзенне, ўзбраенне эпохі ХVI-ХVII стагоддзяў, сцягі, друкаваны станок, — распавядае Андрэй ВАШКЕВІЧ, загадчык аддзелам найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. — Дастаткова шмат будзе сучасных камп’ютарных рэчаў, інтэрактыўных, пра што мы не асабліва хочам распавядаць, каб гэта было навіной для людзей, якія прыйдуць у музей.
Пад экспазіцыйную частку адвядуць шэсць залаў. Яны раскажуць пра гісторыю Гродна, пачынаючы з моманту з’яўлення горада і заканчваючы расповедам пра Стэфана Баторыя. Супрацоўнікі музея запэўніваюць, што хоць экскурсія і будзе па стагоддзях, але з выкарыстаннем апошніх музейных навацый.
— Экспазіцыю «амаладзяць» з дапамогай інтэрактыўных элементаў, — раскрывае некаторыя таямніцы Алеся САЎЧУК, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. — У некаторых залах будзе выкарыстаны 3D-мэпінг, дзесьці размесцяцца электронныя даведачныя вітрыны.
Спецыялісты ўпэўнены, што лічбавы фармат дапаможа разгледзець Стары замак больш дэталёва.
Аліса СКІБА
Фота Яна Хведчына
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/arhitektura
[3] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[4] https://zviazda.by/be/news/20201202/1606927764-u-grodne-zavyarshaecca-pershy-etap-restauracyi-staroga-zamka
[5] https://zviazda.by/be/tags/stary-zamak
[6] https://zviazda.by/be/tags/grodna