У госці да казкі
Гомель. Тры медсястры ў дзвюх установах агульнай сярэдняй адукацыі адчулі сябе ў алагічным Залюстроўі са знакамітай кнігі англійскага пісьменніка Льюіса Кэрала. Працавалі не горш, чым у снежні 2019 года, ды атрымалі ў цэлым на амаль 400 рублёў менш, чым за студзень 2020. У госці да казкі яны трапілі дзякуючы непамятлівасці кіраўнікоў. Тыя забыліся, што пры новай сістэме аплаты працы не толькі скасавалі некалькі нарматыўных актаў, але і не ўвялі стымулюючыя і кампенсацыйныя выплаты.
«Чары» знялі кантралёры. Грошы даналічылі.
Звязалі…
Брэст. Два гараджаніны гандлявалі анлайн вязанымі вырабамі і ў рэшце рэшт звязалі сябе паруках і нагах. З 2016 па 2019 гады праз інтэрнэт-магазін яны набывалі адзенне ў беларускіх вытворцаў і прадавалі расійскім прадпрымальнікам. Тавар афармляліся на фірмы ў краіне-суседцы, прыбытак збіраўся там жа, а кошт прадукцыі ў дакументах заніжаўся ў некалькі разоў.
Клубок незаконных схем разблыталі. Бюджэт недалічыўся звыш 925 тысяч рублёў падаткаў. Узбуджана крымінальная справа. Маёмасць падазроных, у тым ліку два аўтамабілі і пяць аб’ектаў нерухомасці, арыштаваныя.
З ранку і да вечара
Глыбоцкі раён. Кажуць, хто схлусіў раніцой, будзе хлусіць да вечара. Галоўны заатэхнік і загадчыкі фермаў сельскагаспадарчай арганізацыі напачатку прыпісалі каровам неіснуючыя «дасягненні»: у 2017 годзе надоі ўзраслі больш чым на 300 тон, у 2018-м — на 105. Потым, каб схаваць падман, у дакументах «абвінавацілі» цялят: маў-ляў, аказаліся вельмі прагнымі і выпілі за тры папярэднія гады звыш нормы каля адной тысячы тон малака на суму прыблізна 400 тысяч рублёў.
Але прыйшоў вечар… Для прадпрыемства хлусня каштавала амаль шэсць тысяч рублёў: аператары машыннага даення незаконна атрымалі зарплату, і ў дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва былі пералічаны лішнія ўзносы. Палову сумы ўрону ўжо аплацілі, астатняе будзе вернута.
Крымінальнае спаборніцтва
Лідскі раён. Памятаеце анекдот: «Адкат — гэта грашовая ўзнагарода за выбар пэўнай фірмы, а тэндар — гэта чэмпіянат галіны па адкатах»? Згодна з ім начальнік аддзела мясцовага прамысловага прадпрыемства — кіраўнік зборнай па такім крымінальным спаборніцтве. Больш чым год ён дапамагаў прыватнай кампаніі і індывідуальнаму прадпрымальніку выйграваць працэдуры закупак і заключаць потым з яго арганізацыяй дагаворы на аказанне рэкламных паслуг. Апошнія практычна не рабіліся, затое шчодра аплачваліся: удзельнікі злачыннай схемы абнаявілі звыш 200 тысяч рублёў, пералічаных на рахункі падманшчыкаў.
Кар’ера «спартсменаў» скончылася прадказальна: ім пагражаюць турэмныя краты.
Па матэрыялах прэс-цэнтра Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/igolkakterapiya
[2] https://zviazda.by/be/tags/feleton