Рост аплаты жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) у сярэднім на пяць долараў штогод (для «двухпакаёўкі» з трыма жыхарамі) ужо стаў звыклы для краіны. Першае павышэнне кошту беларусы адчуюць ужо ў «жыроўцы» за люты. З новага года на 4,2 долара (у цэлым) павялічыцца аплата за тэхабслугоўванне і капрамонт жылля, абыходжанне з адходамі, тэхабслугоўванне ліфта і запорна-перагаворных прылад (дамафонаў). Пабольшае і кошт электраэнергіі, паслуг па газа-, электра- і водазабеспячэнні і водаадвядзенні, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў шматкватэрных дамоў. У другім паўгоддзі (з 1 чэрвеня) на 0,8 долара падаражэе цеплазабеспячэнне на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Зменяцца таксама ўмовы аплаты некаторых ЖКП (па колькасці не жыхароў, а квадратных метраў).
Тэхабслугоўванне, капрамонт, вада
Нагадаем, што тарыфы на ЖКП у Беларусі аплачваюцца ў двух варыянтах: з субсідыяй (жыхар аплачвае частку ад поўнага кошту паслугі) і эканамічна абгрунтаваныя (жыхар поўнасцю пакрывае сабекошт аказанай паслугі).
Плата за тэхнічнае абслугоўванне залежыць ад тарыфу на гэтую паслугу і агульнай плошчы жылля. З 1 студзеня субсідзіруемы тарыф (у жыллі, дзе зарэгістраваны чалавек) падрасце больш як на 11 %: з 0,1187 рубля за м2 да 0,1322 рубля. З 1 чэрвеня, мяркуецца, тарыф зменшыцца да 0,1238 рубля за м2.
Поўнасцю пакрываюцца расходы на тэхабслугоўванне ў жыллі, дзе ніхто не зарэгістраваны ці зарэгістравана прыватнае ўнітарнае прадпрыемства або кватэра здаецца ўнаймы для кароткачасовага пражывання. Такі ж кошт прадугледжаны, калі ў грамадзяніна ва ўласнасці або карыстанні ёсць нежылое памяшканне ў доме або нежылая капітальная пабудова, якая выкарыстоўваецца ва ўласных мэтах (акрамя прадпрымальніцкай дзейнасці) і абсталявана лічыльнікамі адносна камунальных паслуг.
Плата за капітальны рамонт таксама ўносіцца па субсідзіруемых тарыфах і налічваецца ў залежнасці ад метражу агульнай плошчы жылля. Сума павялічылася з 0,13 рубля за м2 (летась) да 0,18 рубля за м2.
Кошт водазабеспячэння для беларусаў падрос на 11,3 %. Цяпер кубалітр вады каштуе 1,0445 рубля (было 0,9384). Плата за водаадвядзенне (каналізацыю) таксама павялічылася да 0,8604 рубля за кубалітр замест былых 0,7749 рубля. Ад колькасці спажытых па гэткіх тарыфах водных літраў, а таксама наяўнасці лічыльніка на ваду залежыць выніковая штомесячная сума за ваду. Нагадаем, што калі лічыльніка няма, плата за ваду і каналізацыю бярэцца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Выключэнне толькі для памяшканняў, дзе тэхнічна немагчыма ўстанавіць лічыльнік. Калі ж у кватэры няма не толькі лічыльнікаў, але і жыхароў, то плата за ваду выводзіцца з нарматываў спажывання і «ўмоўнай колькасці жыхароў»: плошчу кватэры дзеляць на 20 м2 і акругляюць у меншы бок — так атрымліваюць умоўную колькасць людзей.
Электрычнасць
Кошт электраэнергіі вар'іруецца ў залежнасці ад варыянта тарыфу, які прымяняецца ў доме, а таксама ад таго, на што яна скіравана, і сёлета электрычнасць таксама падаражэла.
У дамах з электраплітамі кошт складае 0,1778 рубля за 1 кВт·г згодна з аднаставачным тарыфам. Дыферэнцыраваны па перыядах максімальных нагрузак тарыф залежыць ад часу сутак. З 22:00 да 17:00 электрычнасць налічваецца па 0,1245 рубля за 1 кВт·г, а з 17:00 да 22:00 — па 0,3556 рубля за 1 кВт·г.
Існуе і дыферэнцыраваны тарыф па трох перыядах часу. Найтаннейшы — у перыяд мінімальных нагрузак (З 23:00 да шасці раніцы) — 0,1067 рубля за 1 кВт·г. Самы дарагі, вядома, у час максімальнага спажывання (з 17:00 да 23:00) — 0,3200 рубля за 1 кВт·г. У астатні час сутак — 0,1245 рубля за 1 кВт·г.
Электраэнергія, якая ўжываецца для ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай магутнасцю абсталявання больш за 5 кВт у час мінімальных нагрузак (з 11 ночы да шасці раніцы) каштуе 0,1220 рубля за 1 кВт·г. У астатні час сутак — 0,2266 рубля за 1 кВт·г.
У дамах, дзе няма сістэм цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння, устаноўлены электрапліты і адсутнічаюць прыборы індывідуальнага ўліку, кошт электраэнергіі, у тым ліку на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, залежыць ад пары года. З 1 студзеня да 31 мая — 0,0894 рубля за 1 кВт·г — па аднаставачным тарыфе. Гэты ж перыяд, дыферэнцыраваны па двух перыядах сутак — з 23:00 да 6:00 каштуе 0,0626 рубля за 1 кВт·г, у астатні час — 0,1162 рубля за 1 кВт·г. З 1 чэрвеня да 31 снежня аднаставачны тарыф — 0,0909 рубля за 1 кВт·г. Электрычнасць, размеркаваная па часе сутак, каштуе з 23:00 да 6:00 0,0636 рубля за 1 кВт·г, а ў астатні час сутак — 0,1182 рубля за 1 кВт·г.
У жыллі, у якім няма сістэм цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння, аднак ёсць прыборы індывідуальнага ўліку расходу энергіі, кошт электрычнасці, у тым ліку на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, таксама разлічваецца па перыядзе года. З 1 студзеня да 31 мая — 0,0374 рубля за 1 кВт·г, а з 1 чэрвеня да 31 снежня — 0,0398 рубля за 1 кВт·г. Ва ўсіх астатніх выпадках аднаставачны тарыф на электрычнасць складае 0,2092 рубля за 1 кВт·г. Дыферэнцыраваны тарыф па перыядах сутак у час мінімальных нагрузак (з 22:00 да 17:00) — 0,1464 рубля за 1 кВт·г і ў час максімальных (з 17:00 да 22:00) — 0,4184 рубля за 1 кВт·г.
Газ у балонах і трубах
Тарыфы на газ у Беларусі ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад перыяду года, аснашчэння жылля індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі і індывідуальнымі прыборамі ўліку расходу газу і разлічваюцца ў залежнасці ад сітуацыі па кубаметрах газу, плошчы памяшкання ці колькасці жыхароў.
Прадугледжаны два перыяды налічэння ў дамах, дзе ўстаноўлены індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы: з 1 студзеня да 31 мая і з 1 чэрвеня да 31 снежня. Гаспадары, якія маюць індывідуальныя прыборы ўліку расходу газу, сёлета ў першым паўгоддзі заплацяць за прыродны газ 0,1366 рубля за м3 (было 0,1205 рубля), а ў другім — 0,1406 рубля за м3 (было 0,1271 рубля). Калі ў доме няма індывідуальнага газавага прыбора, то незалежна ад пары года газ будзе каштаваць 0,484 рубля за кубаметр (было 0,4213 рубля).
У жыллі з індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі, але без індывідуальных прыбораў уліку расходу газу ў ацяпляльны перыяд у першым паўгоддзі газ абыдзецца ў 0,5936 рубля за метр агульнай плошчы жылога памяшкання (было 0,5320 рубля). У другім паўгоддзі — 0,6312 рубля за м2 (было 0,5936 рубля). У неацяпляльны перыяд першай паловы года дзейнічае тарыф 0,2226 рубля (было 0,1995 рубля), для другой паловы года кошт складае 0,2376 рубля (было 0,2226 рубля).
Калі ў доме ці кватэры не карыстаюцца індывідуальнымі прыборамі ўліку расходу газу, але тут ёсць газавая пліта і цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне ці ўласны воданагравальнік (за выключэннем газавага), тарыф налічваюць не за кубаметры, а па колькасці жыхароў. Сёлета цана складае 3,87 рубля з чалавека (было 3,7 рубля).
У памяшканнях, дзе ёсць газавая пліта і індывідуальны воданагравальнік, але няма цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння, тарыф стаў 11,13 рубля з жыхара (было 9,69 рубля).
Кошт прыроднага газу ў жыллі з газавымі плітамі, дзе няма цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і індывідуальнага газавага воданагравальніка, сёлета стаў 6,29 рубля з чалавека (было 5,48 рубля).
Звадкаваны газ абыходзіцца спажыўцам даражэй, аднак яго прасцей набыць. У жыллі, дзе ўстаноўлены прыборы індывідуальнага ўліку расходу газу і індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы, у першым паўгоддзі 1 м3 звадкаванага газу падаражэе амаль на 12 %: 2,1884 рубля замест 1,9563 рубля. У другім паўгоддзі гэтае паліва будзе каштаваць больш на 7 %: 2,3142 рубля замест 2,1628 рубля. І гэта кошт у ацяпляльны перыяд. У неацяпляльны час цана на газ будзе 1,3107 рубля за кубаметр. Такі ж тарыф 1,3107 рубля (было 1,1409 рубля) за м3 прадугледжаны для дамоў, дзе няма індывідуальнага газавага ацяпляльнага прыбора.
У дамах, дзе індывідуальны газавы ацяпляльны прыбор ёсць, а прыбора індывідуальнага ўліку расходу газу няма, на аплату звадкаванага газу сёлета ў першай палове года ў ацяпляльны перыяд спатрэбіцца 7,0314 рубля за квадратны метр агульнай плошчы жылля ў месяц (было 6,3021 рубля), а ў другой палове — 7,4757 рубля (было 7,0314 рубля). У неацяпляльны перыяд кошт будзе 1,3107 рубля.
Тарыф за звадкаваны газ у памяшканнях з газавымі плітамі і цэнтралізаваным гарачым водазабеспячэннем ці індывідуальным воданагравальнікам (за выключэннем газавага), дзе няма прыбора індывідуальнага ўліку расходу газу, у першай палове года складае 3,93 рубля з чалавека (было 3,42 рубля). Газ у жыллі з газавай плітой і газавым награвальнікам, але без цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння каштуе цяпер 11,14 рубля (было 9,7 рубля). Тарыф на звадкаваны газ у памяшканнях з газавай плітой, але без газавага награвальніка і цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння складае 5,42 рубля з жыхара ў месяц (было 4,56 рубля).
Больш за ўсё (амаль на 15 %) павялічыўся кошт на газ у балонах. Для гаспадароў, якія карыстаюцца такім палівам, прадугледжаны не толькі тарыфы, але і нормы яго спажывання. На чалавека разлічваецца пяць балонаў вагой да 21 кілаграма ў год. Адзін кілаграм такога газу каштуе 0,93 рубля (было 0,81 рубля), а балон абыдзецца ў 19,5 рубля. І гэта калі ў памяшканні хтосьці зарэгістраваны. Калі ў доме няма зарэгістраваных людзей, кошт значна вышэйшы.
Ліфты і прыборка
З 1 чэрвеня на 6,3 % падаражэе ацяпленне і падагрэў вады. Тарыф за 1 Гкал павялічыцца з 20,6216 рубля да 21,9245 рубля. Кошт ацяплення залежыць ад агульнай плошчы кватэры і паказчыкаў агульнадамавога лічыльніка расходу цеплаэнергіі на ацяпленне. Калі такога лічыльніка ў доме няма, то плата залежыць ад агульнага метражу кватэры і сярэдніх нарматываў расходу цеплаэнергіі на ацяпленне квадратнага метра агульнай плошчы будынка.
А з 1 верасня зменяцца ўмовы аплаты за прыборку пад'езда і тэхабслугоўванне ліфта. Сума будзе налічвацца не па колькасці жыхароў, як зараз, а зыходзячы з агульнай плошчы кватэры.
Дарэчы, згодна з колькасцю жыхароў, цяпер разлічваецца кошт не толькі за тэхабслугоўванне ліфта і прыборку пад'езда і іншых дапаможных памяшканняў, але і за электрычнасць на асвятленне і работу абсталявання ў іх. З 1 верасня плаціць за ўсе гэтыя паслугі трэба будзе ў адпаведнасці з колькасцю метраў кватэры.
Тарыф на тэхабслугоўванне ліфта, які цяпер 1,5 рубля, з 1 чэрвеня плануюць зменшыць да 1,43 рубля. А з верасня сума за тэхабслугоўванне ліфта будзе складацца з колькасці метраў, памножаных на мяркуемы тарыф 0,0584 рубля за кожны з іх.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/paslugi-zhkg