У 2020 годзе ў дачыненні да членаў ўласнай сям’і здзейснена звыш за 2,2 тысячы злачынстваў, з іх 86 забойстваў і 206 цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ад рук блізкіх загінулі 111 чалавек, паведамілі БЕЛТА [1] ў МУС.
«Адной з асноўных мэтаў распрацоўшчыкаў новых КоАП і ПВКоАП з’яўлялася выпраўленне існуючых недахопаў, замацаванне прынцыпаў і нормаў, якія забяспечваюць найбольш поўнае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін, у тым ліку ў сферы прафілактыкі гвалту ў сям’і», — распавялі ў МУС.
Так, доўгі час правапрымяняльнікі справядліва лічылі, што неабходна пашырыць кола асоб, гвалт у дачыненні да якіх кваліфікуецца як хатні. «Пад гвалтам у сям’і маюцца на ўвазе наўмысныя дзеянні фізічнага, псіхалагічнага, сексуальнага характару члена сям’і ў адносінах да другога члена сям’і, якія парушаюць яго правы, свабоды, законныя інтарэсы і наносяць яму фізічныя або псіхічныя пакуты, — растлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Сяргей Красуцкі. — Пры гэтым заканадавец раней не адносіў да членаў сям’і былых мужа і жонку, у тым ліку тых, якія пражываюць на адной жылой плошчы пасля скасавання шлюбу і не вядуць агульную сумесную гаспадарку. У той жа час факты здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да згаданых катэгорый шматлікія».
Вельмі распаўсюджаная сітуацыя — муж і жонка развяліся, але працягваюць жыць пад адным дахам, гаспадарку сумесную не вядуць. Мужчына падымае руку на былую жонку. І атрымліваецца, што ў супрацоўнікаў міліцыі няма падстаў для прымянення мер агульнай і індывідуальнай прафілактыкі да агрэсара. У тым ліку такі дзейснай і запатрабаванай, як ахоўнае прадпісанне. А ўсё таму, што заканадаўства не адносіла да членаў сям’і былых мужа і жонкі і сужыцеляў.
Па словах Сяргея Красуцкага, новае адміністрацыйнае заканадаўства ліквідуе гэты прабел. З уступленнем у законную сілу яго дзеянне будзе распаўсюджвацца незалежна ад факта сумеснага пражывання і вядзення сумеснага гаспадаркі на больш шырокае кола грамадзян.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/v-2020-godu-v-otnoshenii-chlenov-sobstvennoj-semji-soversheno-svyshe-22-tys-prestuplenij-mvd-425141-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/mus