Сярод кніг, якія Выдавецкі дом «Звязда» будзе прэзентаваць на XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, — зборнік казак Кацярыны ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВОЙ «Казкі прынцэсы Агнэсы», які надзіва прыгожа аформіла мастачка Анастасія БАЛЫШ. Наклад выдання — 1100 экзэмпляраў. Кніга пабачыць свет у адмысловай аўтарскай серыі «Казкі кніжнай феі».
Кацярыну Хадасевіч-Лісавую добра ведае юны чытач Беларусі. А ў апошні час творы яе пачалі перакладацца на іншыя мовы — рускую, казахскую, уйгурскую, туркменскую, а таксама на кітайскую. Выдавецкі дом «Звязда», выдаючы кнігі К. Хадасевіч-Лісавой, прыйшоў да высновы, што добра было б мець адмысловую аўтарскую серыю гэтай пісьменніцы. Як вынік — унікальны праект «Казкі кніжнай феі».
У зборніку «Казкі прынцэсы Агнэсы» — тры творы («Загадка прынцэсы Агнэсы», «Пачастунак для яго Вялікасці», «Шахматная каралева») і гульня «Твой ход!», якія запрашаюць юнага чытача ў дзіўны, прыгожы свет, дзе гаспадараць любоў і дабрыня, шчырасць і справядлівасць. І ніякія зайздрасць, варожасць не здольны іх перамагчы.
«Звязда» і пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая запрашаюць чытачоў на кніжную выстаўку! Нагадаем, што пройдзе яна з 18 па 21 лютага 2021 года па адрасе: Мінск, Пераможцаў, 14. Літаральна кожны дзень у наведвальнікаў будзе магчымасць сустрэцца з аўтарам «Казак прынцэсы Агнэсы», набыць і гэтую, і іншыя яе кнігі, а таксама — атрымаць ад спадарыні Кацярыны аўтограф.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-hadasevich-lisavaya-0