29 студзеня ў НАН Беларусі (праспект Незалежнасці, 66) у 15:00 адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі.
У мерапрыемстве прымуць удзел каля 250 прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя навукоўцы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшых навучальных устаноў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Лепшым вучоным і даследчыкам краіны будуць уручаны ўзнагароды.
Ад НАН Беларусі будуць узнагароджаны лаўрэат звання «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2020», загадчык аддзела Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар, акадэмік Уладзімір Агабекаў і аўтарскія калектывы, работы якіх увайшлі ў ТОП-10 дасягненняў акадэмічных вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2020 год.
З 10 гадзін на двух пляцоўках будзе разгорнута выстава дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.
Рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі, пройдзе з захаваннем усіх супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vuchony-goda-nan-belarusi
[2] https://zviazda.by/be/tags/nan-belarusi