Дзярждума Расіі на пасяджэнні ў сераду аднагалосна ратыфікавала ўнесенае прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пагадненне аб падаўжэнні да 5 лютага 2026 года Дагавора паміж РФ і ЗША аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, паведамляе ТАСС [1].
У мінулы аўторак амерыканскі і расійскі бакі абмяняліся нотамі аб падаўжэнні ДСНУ. У сваёй ноце пасольства ЗША ў РФ прапанавала ў адпаведнасці з палажэннямі дагавора падоўжыць тэрмін яго дзеяння «на перыяд у пяць гадоў да 5 лютага 2026 года». Расійскі МЗС са свайго боку пацвердзіў «прымальнасць гэтай прапановы для Расійскай Федэрацыі».
«Падаўжэнне дагавора адпавядае нацыянальным інтарэсам Расійскай Федэрацыі, дазваляе захаваць транспарэнтнасць і прадказальнасць стратэгічных узаемаадносін Расіі і ЗША, падтрымаць стратэгічную стабільнасць у свеце», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы. У ёй адзначаецца, што выйграны ў выніку пралангацыі дагавора час можна выкарыстоўваць для комплексных двухбаковых перамоваў аб далейшым кантролі над ракетна-ядзернымі узбраеннямі «з абавязковым разглядам усіх фактараў, якія ўплываюць на стратэгічную стабільнасць».
За ратыфікацыю пагаднення прагаласавалі ўсе думскія фракцыі.
Прэв’ю: duma.gov.ru
Спасылкі
[1] https://tass.ru/politika/10557891
[2] https://zviazda.by/be/tags/zsha
[3] https://zviazda.by/be/tags/rasiya