Аб гэтым вялася гутарка на выязным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое адбылося на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Першае сёлета пасяджэнне Прэзідыума было прысвечана абмеркаванню актуальнага пытання – фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму студэнцкай моладзі нашай краіны.
Трэба сказаць, што выбар тэмы абумоўлены роляй моладзі ў лёсе краіны, вызначэнні яе будучыні.
- Сёння на разгляд Прэзідыума Савета Рэспублікі вынесена вельмі актуальная тэма: патрыятычнае выхаванне моладзі і работа па патрыятычным выхаванні ў студэнцкіх аўдыторыях, - акцэнтавала ўвагу ў гутарцы з журналістамі спікер верхняй палаты парламента Наталля КАЧАНАВА. – Мы лічым, што яна павінна абмяркоўвацца на ўсіх узроўнях, таму што яна не можа не хваляваць.
На яе думку, ваенная гісторыя - гэта той фундамент, на якім павінна будавацца патрыятычнае выхаванне моладзі. Кожны ВНУ мае свае праекты, па якіх яны працуюць дастаткова даўно. Неабходна, каб гэтая работа была эфектыўнай і выніковай, і галоўнае, каб у ёй не было фармалізма.
Акрамя таго, важным аспектам з’яўляецца і чалавечы патэнцыял, падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. Таму падрыхтоўка, перападрыхтоўка педагагічных кадраў, з яе пункту гледжання, таксама важны кірунак, на які трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Установам вышэйшай адукацыі важна не толькі перадаваць сучасныя веды, фарміраваць прафесійныя навыкі, але і звяртаць увагу на асобу маладога чалавека, дапамагаць яму ў самаразвіцці лепшых грамадскіх і маральных якасцей, стварэння асяроддзя для паспяховай сацыялізацыі.
Гісторыя супраць фальсіфікацыі
Напачатку мерапрыемства яго ўдзельнікі пазнаёміліся з інтэрактыўнай тэматычнай выстаўкай, якая тычылася грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Напрыклад, Ганна Кароза, загадчык кафедры архітэктуры Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта распавяла пра сумесныя з мемарыяльным комплексам “Брэсцкая крэпасць-герой” праекты для студэнцкай моладзі: ад даследніцкай і навуковай дзейнасці да добраўпарадкавання тэрыторыі мемарыяльнага комплекса. Уладзімір Можар, студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках пазнаёміў з дзейнасцю музея, які дзейнічае на базе навучальнай установы, яго ўнікальных экспанатах, а таксама новых формах работы: квэстах, 3D-экскурсіях, турысцка-краязнаўчых мерапрыемствах.
Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА расказаў на пасяджэнні, як вядзецца сістэмная работа з моладдзю па фарміраванню ў яе грамадзянскасці і патрыятызму.
Па яго словах, работа па патрыятычным выхаванні пранізвае ўсе ўзроўні адукацыі: ад дзіцячага садка да вышэйшай школы. Кожны вучэбны прадмет, кожная дысцыпліна аказвае ўплыў на фарміраванне дзяцей і моладзі, але найбольш істотна, безумоўна, ўплываюць сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны, таму сістэмна надаецца ўвага зместу адукацыйных дысцыплін, якія выкладаюцца на ўсіх ступенях сістэмы адукацыі. Так, на вывучэнне Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны ва ўстановах адукацыі краіны звяртаецца асаблівая ўвага.
- Сёння мы сутыкаемся са спробамі перапісаць гісторыю ў кан’юнктурных палітычных мэтах, абясцэніць унёсак беларускага народа ў сусветную перамогу над фашызмам, - адзначыў міністр. - Менавіта гістарычная навука выступае асновай супрацьстаяння фальсіфікацыі.
Таму для ўстаноў вышэйшай адукацыі распрацавалі праект новай мадэлі цыкла сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, якая ўключае ў сябе дысцыпліну “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”.
Між іншым, на выставе быў таксама прадстаўлены праект “Гонар за Беларусь”, які атрымаў прэмію за Духоўнае адраджэнне, аднаіменныя вучэбныя дапаможнікі і матэрыялы ўжо выкарыстоўваюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй, але і вышэйшай тэхнічнай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі.
- Гэты праект будзе працягнуты, - запэўніў Ігар Карпенка. - Мы амаль завяршылі стварэнне другой кнігі, якая выйдзе ў бліжэйшы час. Ёсць дамова з лінгвістычным універсітэтам аб яе перакладзе на замежныя мовы для выкарыстання ў рабоце беларускіх пасольстваў на тэрыторыі іншых краін. Каб грамадзяне маглі бачыць дасягненні нашай краіны, а не толькі арыентавацца на дэструктыўныя тэлеграм-каналы.
Трэба памятаць
На пасяджэнні адзначалася, што асновай фарміравання патрыятызму беларускай моладзі з’яўляецца захаванне памяці аб подзвігу абаронцаў Радзімы падчас Вялікай Айчыннай вайны. Міністр адукацыі пацвердзіў, што ў апошнія гады вялікую практычную значнасць атрымлівае навукова-даследніцкая дзейнасць навучэнцаў і студэнтаў па тэматыцы патрыятычна кірунку, у тым ліку тэматыка Вялікай Айчыннай вайны.
Дзякуючы сумеснай рабоце БРСМ з дзяржаўнымі органамі і прадпрыемствамі студатрадаўскі рух у нашай краіне выйшаў на якасна новы ўзровень. Занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час, іх удзел у будаўніцтве знакавых аб’ектаў фарміруе дачыненне да рэалізацыі важных спраў для ўсіх беларусаў праектаў, дазваляе атрымаць першыя працоўныя навыкі, зрабіць асэнсаваны выбар будучай прафесіі.
Падчас пасяджэння ўдзельнікі пераканаліся ў тым, што студэнцкае самакіраванне, якое сёння існуе, з’яўляецца ўніверсальным механізмам развіцця ў студэнтаў самастойнасці, атрымання імі першасных арганізацыйных і кіраўнічых навыкаў, а таксама выступае эфектыўным сродкам фарміравання грамадзянска-патрытычных якасцей.
Сустрэчы і асветніцкія праекты
Па выніках абмеркавання праблем грамадзянскага і патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі Прэзідыумам Савета Рэспублікі выпрацаваны комплекс практычных рэкамендацый і парад.
- Я, наогул, лічу – нічога не заменіць жывых стасункаў, - пераканана Наталля Качанава. - Гэта вельмі важна: колькі б мы ні глядзелі тэлебачанне, чыталі газет, глядзелі электронныя мэсэнджэры рознага кшталту, чаты, тэлеграм-каналы, але калі ты маеш стасункі з людзьмі ўжывую – гэта вельмі важна.
З гэтай мэтай члены Савета Рэспублікі наведваюць працоўныя калектывы, удзельнічаюць у рабоце дыялогавых пляцовак і кожны тыдзень вынікі гэтай работы аналізуюцца, у тым ліку і пытанні, якія зараз хвалююць людзей. Цяпер неабходна больш актыўна сустракацца з моладдзю, каб пераканаўча (у лічбах і фактах) тлумачыць тое, што адбываецца.
Міністэрству адукацыі таксама даручана фарміраваць у маладзёжным асяродку прававую і гістарычную культуру, навыкі ацэнкі грамадска-палітычных падзей у нашай краіне і замежных дзяржавах. Для грамадзянска-патрыятычнага выхавання выкарастоўваць сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
У рашэнні падкрэслена, што навукоўцам і даследчыкам неабходна актуалізаваць метадычныя рэкамендацыі па сістэме фарміравання і развіцці грамадзяніна з культурна-гістарычным, духоўнага, ідэалагічнага і іншых кампанентаў.
Таксама прапанавана рэалізоўваць у студэнцкім асяроддзі асветніцкія праекты аб дасягненнях Беларусі, яе выбітных асобах і значных падзеях. Міністэрству культуры неабходна перагледзець падыходы музеяў да работы з маладзёжнай аўдыторыяй.
На пасяджэнні падкрэслена, што рашэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі накіруюць у зацікаўленыя арганізацыі. Савет Рэспублікі будзе кантраляваць іх рэалізацыю.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/adukacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[8] https://zviazda.by/be/tags/mdlu
[9] https://zviazda.by/be/tags/patryyatyzm
[10] https://zviazda.by/be/tags/studenty