Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
— Рашэнне аб увядзенні санкцый абсалютна незаконнае і неабгрунтаванае. І пакутуюць ад яго ў першую чаргу звычайныя працаўнікі. Прычым не толькі тых арганізацый, якія трапілі ў санкцыйны спіс. Але і многіх іншых. Калі абмяжоўваецца праца аднаго прадпрыемства, гэта ў любым выпадку адлюстроўваецца і на іншых. Парушаюцца вытворчыя ланцужкі, скарачаюцца паступлення ў бюджэт. І самае галоўнае, у выніку людзі могуць застацца без работы і зарплаты. Гэта, фактычна, эканамічная вайна супраць простых беларусаў, — цытуе лідара нацыянальнага прафцэнтра прэс-служба ФПБ.
Трэба сказаць, што самая масавая арганізацыя краіны — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — ужо звярнулася ў Савет па правах чалавека ААН са скаргай на дзеянні Еўрасаюза. Паколькі ў рэзалюцыях ААН не раз падкрэслівалася, што санкцыі заўсёды аказваюць сур’ёзнае ўздзеянне на эканамічныя і сацыяльныя правы людзей і ўшчамляюць права на працу.
— Ствараецца ўражанне, што еўрапейскія чыноўнікі бачаць толькі тое, што хочуць бачыць. І проста ігнаруюць міжнароднае права. Пры гэтым яны маніпулююць грамадскай думкай. Прыкрываюцца тым, што нібыта нашы работнікі самі выступаюць за абмежаванне свайго права на працу. Мы запыталіся ў людзей, ці гатовыя яны застацца без працы, без зарплаты і іншых выплат. Як гэта, напрыклад, здарылася ў выніку санкцый з работнікамі беларускага санаторыя ў Літве (у Друскінанкае — «Зв.»). 26 студзеня мы апублікавалі калектыўны адкрыты ліст аб нязгодзе працоўных Беларусі з увядзеннем эканамічных санкцый. Літаральна за тры дні 1 113 000 работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый з усёй краіны з розных галін эканомікі падпісалі гэты ліст. Важна адзначыць, што працоўныя выказалі салідарную падтрымку пры зборы подпісаў у 21 тысячы першаснай прафсаюзнай арганізацыі, — падкрэсліў старшыня ФПБ. — Цяпер мы фарміруем спісы і ў бліжэйшы час маем намер адправіць усе сабраныя подпісы ў Савет Еўрапейскага саюза. Каб нагадаць еўрапейскім палітыкам, што ніхто, у тым ліку Еўрасаюз, не мае права пазбаўляць людзей работы і заробку.
Як нагадалі ў ФПБ, пазіцыю гэтай арганізацыі па выкарыстанні санкцый падтрымліваюць калегі з замежных прафсаюзаў. Заяву аб недапушчальнасці санкцыйнай палітыкі і абмежаванні права на працу ўжо прынялі больш за дзясятак найбуйнейшых міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў СНД і Еўропы. Адпаведныя лісты аб салідарнасці і падтрымцы работнікаў беларускіх прадпрыемстваў працягваюць паступаць у адрас Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/mihail-orda-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/fpb