Дапаможам птушкам зімой!
Класная гадзіна
(Рэкамендавана для правядзення ў 1–4 класах)
ЗАДАЧЫ: паглыбіць веды вучняў аб зімуючых птушках, пазнаёміць з разнастайнасцю кармоў для іх; пашыраць кругагляд дзяцей і развіваць уменне вызначаць прычынна-выніковыя сувязі ў прыродзе; выхоўваць жаданне аказваць пасільную дапамогу птушкам, беражлівае і клапатлівае стаўленне да ўсяго жывога.
АБСТАЛЯВАННЕ: мультымедыйны праектар, запісы галасоў птушак і завеі, выявы птушак, карткі да задання “Птушкі”, элементы касцюмаў птушак, кармушкі, буклеты з малюнкамі ласункаў для зімуючых птушак, эмблемы “Сябар птушак”.
ХОД КЛАСНАЙ ГАДЗІНЫ
Дзеці зачытваюць верш Аляксея Пысіна “Пісьмо птушак”.
(Гучыць запіс гукаў завеі, на экране дэманструюцца выявы дзікіх птушак: на плоце, на дарозе, на двары ў вёсцы разам са свойскім птаствам.)
Лёг сняжок пушысты,
Белы, як папера,
А на снезе птушкі
У каляровым пер’і.
Снегіры, сініцы,
Галкі-забіякі
На паперы гэтай
Пакідаюць знакі.
Цэлую гадзіну
Дзеці прастаялі,
Што гэта за знакі –
І не адгадалі.
Падышоў дзядуля,
Акуляры – у рукі:
– Зараз адгадаем,
Дарагія ўнукі.
Гэта ж пішуць птушкі:
У іх няма кармушкі,
Просяць хоць бы трошкі
Зерняў, хлебных крошак.
Настаўнік: – Адкажыце на пытанні:
Зіма – гэта час вясёлых забаў і шумных гульняў для вас, дзеці. Але не ўсім цяпер добра і ўтульна. Ёсць жывыя істоты, якія пакутуюць ад голаду і холаду. (Вучні разглядаюць выявы птушак на экране.)
Настаўнік: – Часта можна бачыць птушак, якія пералятаюць з дрэва на дрэва, з кусціка на кусцік, з даху на плот. Здаецца, яны цікавяцца, ці хутка мы запросім іх у птушыныя сталоўкі? Як вядома, галодныя птушкі не спяваюць. А вось калі іх жывоцікі напоўняцца смачнай ежай, дык нават сярод зімы зацырыкаюць спраўныя вераб’і, зацінькаюць, зачароўваючы слых, жаўтагрудыя сінічкі. Каб крылатыя сябры радавалі нас спевамі, трэба любіць іх і клапаціцца аб іх у час зімовай бяскорміцы. Паслухайце ў запісы, як спяваюць птушкі. Цуд, дый толькі!
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КАРМУШАК
Настаўнік: – Два тыдні таму вы атрымалі заданне: разам з бацькамі зрабіць птушыныя сталоўкі і падзяліцца з аднакласнікамі, якія матэрыялы выкарысталі, праверыць надзейнасць сваёй кармушкі ў час завеі. Раскажыце, калі ласка, які корм падсыпаеце, ці зручна птушкам яго есці, ці не нашкодзіць ён здароўю крылатых гасцей. Прыступаем да абароны работ.
ПЕРШАЯ ГРУПА: – Для вырабу кармушкі нам спатрэбілася пяцілітровая ёмістасць з-пад вады і каляровы шпагат. У бутэльцы мы прарэзалі дзве адтуліны-уваходы. Абрабілі іх кусочкамі мяккай тканіны, каб птушкі не пашкодзілі свае цельцы. Усю бутэльку шчыльна абцягнулі шпагатам. Дах “сталоўкі” таксама зрабілі з некалькіх слаёў шпагату, потым упрыгожылі старымі магнітамі, якія дадалі цяжару, бо пластыкавая бутэлька лёгкая, моцны вецер яе разгойдвае, і корм высыпаецца. (Дэманстрацыя кармушкі.)
ДРУГАЯ ГРУПА: – Для кармушкі мы ўзялі самыя простыя матэрыялы. Нядаўна ў нас дома быў рамонт. Пасля яго засталося шмат кавалкаў фанеры, брусочкі, дошчачкі. З іх атрымалася выдатная птушыная сталоўка. Каб сняданак не здула ветрам і птушкі не засталіся галоднымі, мы зрабілі кармушку з борцікамі. (Дэманстрацыя кармушкі.)
Настаўнік: – Чым вы корміце зімуючых птушак?
(Вучні дэманструюць буклеты з фатаграфіямі зімуючых птушак і корму, які тыя з ахвотай ужываюць.)
ПЕРШАЯ ГРУПА: – На кармушцы часта можна ўбачыць сініц. Яны ніколі не адмовяцца ад несалёнага сала ці мяса. Семечкі сланечніка, кавуна і дыні – найлепшыя ласункі для жаўтагрудых. Яны любяць таксама ягады рабіны, якія адшчыпваюць маленькімі кавалачкамі. Кожны дзень заўважаем вераб’ёў, якія прылятаюць цэлымі чародкамі. У іх вельмі добры апетыт. Ядуць насенне сланечніка, аўсяную крупу, проса, ягады рабіны і каліны.
Можна сустрэць ля кармушкі і галубоў. А вось галкі звычайна прылятаюць апошнімі. Яны асцярожна аглядаюцца, а потым падбіраюць корм, рассыпаны на снезе.
ДРУГАЯ ГРУПА: – Да нас на кармушку часта садзяцца прыкметныя снегіры. З вялікай ахвотай яны раздзёўбваюць ягады рабіны. Але, у адрозненне ад сінічак, снегіры з’ядаюць толькі насенне, а лупіны і мякаць кідаюць уніз. Плады каліны і глогу, семечкі – наш пачастунак для чырванагрудых прыгажуноў. Яшчэ з лета мы нарыхтоўваем насенне крапівы, ясеня і клёна. На іх таксама накідваюцца галодныя снегіры.
Настаўнік: – Малайцы! Акрамя гэтых птушак, хто яшчэ бывае на вашых кармушках?
(Адказы дзяцей: “Дзятлы, сойкі, чыжы, амялушкі”. Паказ відэа.)
Настаўнік: – Як паказвае відэа, галоўнай у час снядання пачуваецца сойка. Яе пабойваюцца дробныя птушкі. Яны здаюцца нам выхаванымі. А сойка выглядае вялікай ненажэрай.
– Пра якія прысмакі для птушак вы забыліся? (Паказ фота.)
– Таўстадзюбы вельмі любяць вішнёвыя костачкі. Улетку не выкідвайце іх: падсушыце і пакладзіце ў скрыначку да зімовых халадоў. А чарвівыя грыбы? Іх таксама можна высушыць, а зімой падавіць – і на кармушку. З вялікім апетытам птушкі падсілкуюцца сушанымі чарвячкамі і лічынкамі насякомых.
– Дык якая задача стаіць перад намі зімой у дачыненні да крылатых?
(Вучні прыходзяць да высновы: зрабіць так, каб птушкі не галадалі, не гінулі, не сумавалі, не трывожыліся аб сваіх таварышах.)
Настаўнік дадае: – Напрыклад, калі гіне снягір, то яго суродзічы сумуюць, трывожна свішчуць, доўга не пакідаюць месца смерці сябра.
– А якой будзе падзяка ад птушак за дапамогу? (Адказы дзяцей.)
Настаўнік: – Правільна! Самая вялікая падзяка – дружная абарона зялёных насаджэнняў ад шкоднікаў, а таксама чароўныя спевы вясной.
Інсцэніроўка “Падслуханая размова”.
Настаўнік: – Зараз паслухайце птушыную размову. Ваша задача: знайсці памылкі.
(Дзеці выступаюць у ролях птушак.)
– Ой-ой, як холадна. Хоць бы хто несалёным сальцам пабалаваў, – забедавала невялікая жаўтагрудая птушка.
– Не цінькай. Я б лепш ягадкі рабіны ці каліны пакаштаваў.
– Так-так, добра было б чарвячка замарыць, – ціха прамовіла даўганогая птушка, якая любіць хадзіць у чырвоных ботах па балотах.
– Як жа цяжка: маразы, завеі, снегапады амаль штодня. Адно мяне радуе: з-пад кары можна дастаць жучкоў, а таксама знайсці шышку і паляцець у сваю “кузню” яе дзяўбсці. А ты, сусед, чаму так радуешся?
– Весялюся, бо ў мяне з’явіліся на свет маленькія птушаняткі. Якія ж яны міленькія!
– А з голаду яны не загінуць? – умяшалася ў размову спрытная птушка, якая лазіць па дрэве вострай дзюбай уніз.
– Ды не, ежы нам хапае. Мама грэе іх, як грубка. Мы таксама яловымі галінкамі ўцяплілі гняздо.
– А ў мяне і хатка ёсць, але ж дзетак зімой не выседжваю, – пачуўся голас са шпакоўні і паказалася чорная галава.
Настаўнік: – Якія птушкі гутарылі? Ці ўсіх удзельнікаў размовы можна сустрэць у нас зімой? (Адказы дзяцей.)
– Малайцы, вы добра засвоілі назвы птушак і іх ласункаў, а таксама ведаеце мясціны, дзе яны зімуюць.
– Птушкі – не толькі лекары для дрэў і нашых душ. Іх яшчэ лічаць прадказальнікамі надвор’я. Калі выпраўляешся ў падарожжа, на экскурсію, да вадаёма, пажадана ведаць прагноз надвор’я, каб ад нечаканай непагадзі не сапсаваўся настрой, не сарваўся адпачынак. У старажытныя часы, калі не было ні радыё, ні тэлевізараў, ні камп’ютараў са смартфонамі, людзі назіралі за раслінамі і жывёламі і зрабілі цікавыя высновы.
Гульня “Сіноптыкі”. Вучні па чарзе называюць прыкметы, звязаныя з птушкамі.
– Калі варона хаваецца ў галлі, назаўтра чакай марознага дня з завірухай. І наадварот: калі яна сядае на вершаліну дрэва, ранкам будзе ясна і цёпла.
– Вераб’і сярод зімы раптам збіраюць каля куратнікаў пух і пер’е – праз некалькі дзён стукнуць маразы.
– Вераб’і сядзяць на дрэвах або збудаваннях ціхенька, моўчкі – будзе снег без ветру, а калі дружна цырыкаюць – чакай пацяплення. Залазяць пад страху ці хаваюцца ў ламачча – да марозу або перад завірухай.
– Сінічка зранку крычыць – да марозу.
– Вялікі стракаты дзяцел частымі ўдарамі дзюбы аб сухі сук узімку вітае будучае пацяпленне.
Настаўнік: – Вельмі цікавая інфармацыя! Запомніце гэтыя прыкметы і дапамагайце птушкам – прадказальнікам надвор’я.
Праца ў парах
Настаўнік: – Вашай увазе прапануецца табліца “Птушкі”. Знайдзіце назвы птушак і зафарбуйце рознымі колерамі. Выберыце сярод іх зімуючых.
С |
Я |
Л |
Ю |
Ц |
Е |
Л |
С |
А |
Р |
А |
В |
А |
З |
Я |
Ц |
К |
О |
Л |
О |
О |
Е |
Л |
Я |
З |
Я |
Ш |
Й |
А |
К |
Д |
Р |
О |
З |
Д |
Р |
У |
К |
В |
А |
Л |
А |
С |
Т |
А |
Ў |
К |
А |
Е |
Э |
О |
Б |
І |
Н |
І |
Ц |
А |
К |
Й |
С |
Ч |
Е |
Л |
У |
К |
Т |
Ч |
А |
П |
Л |
А |
Й |
К |
А |
Б |
Ж |
К |
З |
Ш |
Я |
С |
П |
Ы |
Ж |
У |
Р |
А |
В |
Е |
Л |
Х |
О |
Р |
Т |
С |
Е |
Л |
В |
І |
Ь |
(Сава, зязюля, цецярук, сарока, салавей, сойка, ластаўка, верабей, дрозд, сініца, чапля, шпак, чайка, журавель, бусел.)
ВЫНІКІ: значэнне птушак у прыродзе і для чалавека.
Настаўнік: – На экране – словы-апоры. На іх аснове складзіце аповед пра значэнне птушак у прыродзе.
УПРЫГОЖВАЮЦЬ, РАДУЮЦЬ, АБАРАНЯЮЦЬ, ЗНІШЧАЮЦЬ, РАСПАЎСЮДЖВАЮЦЬ
Настаўнік: – Спыніцеся на слове распаўсюджваюць. (Адказы вучняў.)
– Так, паміж высокіх таполяў часам можна ўбачыць не зусім звыклае для Беларусі дрэва – грэцкі арэх. Як ён тут апынуўся? Гэта варона знайшла дзесьці арэх, узляцела на высокае дрэва і скінула плод уніз, каб ён раскалоўся. Але арэх аказаўся надта цвёрдым і не паддаўся. Такім чынам сярод таполяў праз некалькі гадоў і вырасла арэхавае дрэва.
– Лясныя арэхі ды жалуды хаваюць пра запас сойкі. Часам яны губляюць па дарозе свае знаходкі або забываюць пра хованкі. Так птушкі дапамагаюць рассяленню дзікарослых раслін.
Настаўнік: – На заканчэнне – некалькі жартоўных пытанняў ад нашых навучэнцаў.
Настаўнік: – Вось і завяршаецца наша класная гадзіна. Што вам найбольш запомнілася? Што здзівіла і ўразіла? Якія высновы зрабілі вы для сябе? (Выказванні дзяцей.) На памяць аб нашай сустрэчы кожны з вас атрымае ў падарунак эмблему ”Сябар птушак”.
– Запомніце правілы для сяброў птушак: ціхутка назірайце за птушкамі, якія наведваюць кармушкі; насыпайце корм патроху, каб ён не замярзаў і не псаваўся, каб вашы госці паспявалі ўсё з’есці. Галоўнае – карміць крылатых сяброў трэба штодзённа!
Таццяна ПАШАЛЮК, настаўніца пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ДУА “Пагост-Загародская сярэдняя школа імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія” Пінскага раёна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ekapedagogika
[2] https://zviazda.by/be/tags/klasnaya-gadzina
[3] https://zviazda.by/be/tags/ptushki