«Беларусбанк» абвясціў, што з лютага зноў будзе выдаваць крэдыты на жыллё. Але з новымі ўмовамі: стаўка складае 21% (стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка РБ, павялічаная на 13,25 п. п.). Такая інфармацыя з'явілася на сайце [1] банка.
Новы прадукт называецца «Іпатэка Экспрэс». Крэдыт прадастаўляецца на куплю жылых памяшканняў у памеры да 100% кошту набытага жылля тэрмінам да 20 гадоў. Банк прымае рашэнне па заяўцы на крэдыт не пазней за наступны працоўны дзень пасля рэгістрацыі заявы-анкеты. Пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце пачынаецца з наступнага месяца пасля прадастаўлення крэдыту (часткі крэдыту), а пагашэнне працэнтаў ажыццяўляецца за фактычны час карыстання.
Крэдыт прадастаўляецца толькі пад залог (іпатэку) набытага жылога памяшкання, не абцяжаранага правамі трэціх асоб і арыштамі, з улікам норм указа №130 «Аб іпатэчным жыллёвым крэдытаванні».
Нагадаем, у маі 2020-га «Беларусбанк» прыпыніў выдачу крэдытаў на куплю жылля. З тых часоў працавалі толькі партнёрскія праграмы з некаторымі забудоўшчыкамі. Акрамя таго, з 15 кастрычніка мінулага года банк прымаў заявы на выдачу жыллёвых крэдытаў з выкарыстаннем субсідыі на іх пагашэнне па 240-м указе «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў».
Спасылкі
[1] https://belarusbank.by/ru/33139/press/bank_news/37270
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarusbank-2
[3] https://zviazda.by/be/tags/kredyt
[4] https://zviazda.by/be/tags/ipateka