У свеце 150 мільёнаў людзей без даху над галавой — гэта два працэнты насельніцтва планеты. Яшчэ 1,6 мільярда людзей — 20 працэнтаў папуляцыі Зямлі — пазбаўлены прыдатнага для жыцця дома. Паводле звестак арганізацыі ESRІ, горад з найбольшай колькасцю бяздомных — Маніла на Філіпінах, другі — Нью-Ёрк. У кожнай краіне свету шукаюць спосабы дапамагчы гэтым людзям сацыялізавацца. Але ў той жа час існуе праблема іх непрымання. Так, напрыклад, у Венгрыі ёсць закон, які забараняе бяздомнасць. Чалавека адпраўляюць у прытулак прымусова, а калі ён адмаўляецца, то яму могуць прысудзіць папраўчыя работы. У Сан-Францыска мясцовыя жыхары ставяць на бардзюры валуны, каб бяздомныя не змаглі размясціць там свае палаткі. У нашай краіне грамадзяне выклікаюць міліцыю, калі бачаць у сваім ў пад'ездзе бяздомнага. Іх лічаць алкаголікамі, наркаманамі, «нячыстымі на руку», пераносчыкамі розных захворванняў. Нярэдка яно так і ёсць, але як правіла — гэта вынік бяздомнасці. Людзі паступова страчваюць сваё чалавечае аблічча. У гэтым я пераканалася сама падчас акцыі «Сацыяльны патруль», якая праходзіць зараз у Мінску.
Мэтай акцыі з'яўляецца выяўленне асоб без пэўнага месца жыхарства, аказанне ім сацыяльнай, медыцынскай, гуманітарнай дапамогі, ажыццяўленне мерапрыемстваў, накіраваных на іх сацыялізацыю і інтэграцыю ў працоўную дзейнасць.
У рамках акцыі, якая прадоўжыцца да 28 лютага, прадугледжаны рэйды па месцах знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства — там іх звычайна кормяць гарачым, выдаюць цёплую вопратку, аказваюць медыцынскую, юрыдычную, і нават псіхалагічную дапамогу. Пры неабходнасці дапамагаюць знайсці начлег, спрыяюць усталяванню сувязяў з роднымі і вырашэнню іншых пытанняў.
У склад групы «Сацыяльнага патруля» ўваходзяць супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўленняў унутраных спраў, медработнікі, валанцёры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Да адной такой групы ў Маскоўскім раёне я і далучылася. Збіраліся мы ў ТЦСАН Маскоўскага раёна а 9-й гадзіне раніцы. Загадзя валанцёры ADRA Іnternatіonal забяспечылі групу сацыяльнага патруля прадуктамі і вопраткай для бяздомных. Спецыялісты ТЦСАН паклапаціліся і прыгатавалі для іх гарачы абед. Медсястра з міліцыяй ужо былі на месцы. Заставалася толькі забраць прадуктовыя наборы для падапечных ад Чырвонага Крыжа.
«Акцыя «Сацыяльны патруль» — выдатная ідэя, — упэўнена спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Маскоўскага раёна Валянціна Сілівончык.— Але нам было б значна цяжэй працаваць, калі б не дапамога нашых валанцёраў. Мы працуем з бяздомнымі на працягу ўсяго года. Калі даведваемся пра такога чалавека, то выязджаем да яго, каб высветліць, як так здарылася, што ён аказаўся на вуліцы. Калі трэба, дапамагаем зрабіць дакументы, расказваем аб месцах, дзе можна пераначаваць, некаторым выклікаем хуткую, бо, бывае, чалавек ужо занадта хворы, але не звяртаецца па дапамогу. Вось нядаўна мы знайшлі пажылога чалавека. Мужчына не разумеў, як трапіў у Мінск, толькі гаварыў, што яму вельмі дрэнна. Мы яго пакармілі, выклікалі хуткую. Аказалася, у яго была двухбаковая пнеўманія. Мог памерці ў любы момант».
Садзімся ў старую чырвоную «газель» і выязджаем па прадуктовыя наборы. Даволі хутка справіліся з пагрузкай каробак у машыну і адправіліся ў дарогу.
«Зараз паедзем да Фёдара Міхайлавіча, — гаворыць Валянціна Сілівончык. — Мы яго ўжо ведаем. Робім яму пашпарт і вядзём перамовы з яго роднымі. Яны не хочуць пускаць яго дадому, і таму ён жыве ў пад'ездзе на лесвіцы. Яго родныя сцвярджаюць, што ён заразіў дзяцей нядобрай хваробай, таму тыя яго і выгналі. Жыве сям'я — некалькі пакаленняў — у адной кватэры, ім цесна...» Нашу размову перарывае тэлефонны званок. Аказалася, Фёдара Міхайлавіча ноччу забрала хуткая.
У міліцыі таксама сігналаў пра бяздомных няма. Вырашаем наведаць найбліжэйшыя прыёма-нарыхтоўчыя пункты «Белдругрэсурсаў». Прыязджаем у пункт на вуліцы Уманскай. Прыёмшчык пункта расказвае, што зараз у іх нікога няма, праўда, непадалёку ў прыватным сектары каля закінутай хаты жыве адзін бяздомны. Накіроўваемся туды. Ведаем, што завуць чалавека Слава. Бачым побач з закінутым домам нешта падобнае на хлеў. Толькі замест дзвярэй вісяць старыя рваныя пакрывала і коўдра. За імі... на зямлі ляжанка з анучы, зверху капае, і праз гэта проста сярод «памяшкання» вялікая лужына. Каля выхаду раскіданы хлеб... Але нікога няма... Зноў садзімся ў «газель». Наведаўшы безвынікова яшчэ некалькі пунктаў, нарэшце сустракаем Ягора — памочніка прыёмшчыка. Тлумачым прычыну нашага прыезду.
— Такім чынам вы нікога не знойдзеце, — упэўнена гаворыць мужчына. — Бяздомныя — народ творчы, далікатны... Ніхто так да вас не выйдзе! Тым больш у іх распарадак дня трошкі іншы. Яны да нас прыходзяць каля васьмі-дзевяці гадзін раніцы. Здаюць усё, што назбіралі, а потым... Потым у іх сіеста!
Прымаем рашэнне не выпускаць міліцыянераў з машыны без патрэбы. Ізноў па падказцы едзем у месца, што недалёка ад лесапарку Мядзвежына. Гавораць, там ёсць палатачны лагер бяздомных. Але і там нікога не знаходзім. У выніку прымаем рашэнне ехаць на вакзал.
У машыне стыне гарачы абед і адзінока стаяць каробкі з адзеннем... У Лондане такой праблемы б не ўзнікла — там ёсць спецыяльныя кіёскі з харчаваннем для бяздомных, і туды прыходзяць яны самі, калі маюць патрэбу. Дарэчы, у Шатландыі жыхары гарадоў зімой развешваюць цёплыя курткі на ліхтарных слупах для бяздомных, а ў Гамбургу на дрэвах вешаюць самаробныя шалікі…
У Мінску ёсць дом начнога знаходжання для бяздомных. Там жывуць людзі без мінскай рэгістрацыі, з васьмі раніцы да пяці вечара яны знаходзяцца на рабоце, потым могуць прыйсці паесці і пераначаваць. Але ёсць умова: чалавек павінен хоць бы чым-небудзь займацца. Толькі зусім старых працаваць не прымушаюць.
«Мы можам дапамагчы толькі тым людзям, якія самі на гэта згодныя, калі яны адкрыта ідуць на дыялог і гавораць з намі, — тлумачыць Валянціна. — Бывае так, што чалавек хворы і яму трэба ехаць у бальніцу, але ён адмаўляецца. Тут мы зрабіць нічога не можам. Калі нехта жадае, дапамагаем яму ўладкавацца ў дом начнога знаходжання ці ў Свята-Елісавецінскі манастыр, дзе таксама дапамогуць сацыялізавацца. Калі ж ёсць інваліднасць, то прапануем аформіць у інтэрнат... У прынцыпе мы гэтую работу робім круглы год. Проста зімой падчас акцыі мы патрулюем вуліцы і шукаем такіх людзей, даём ім вопратку, кормім гарачым...»
Нарэшце, прыязджаем на вакзал. Выходзім і накіроўваемся да залы чакання. Пытаемся ў работніка, ці ёсць у іх нашы кліенты. Аказалася, поўна! Нас вядуць у саму залу, дзе, прытуліўшыся адзін да аднаго, сядзяць бяздомныя. Яны амаль спяць на сваіх брудных сумках і поліэтыленавых пакетах.
— Хлопцы, вы галодныя? — пытаюся я гучна ў іх. — Мы вам скрынкі з ежай прывезлі і адзенне.
Яны заварушыліся, адзін, расплюшчыўшы вочы, недаверліва спытаў:
— А ад якой арганізацыі?
Растлумачыўшы ім, хто мы такія, накіраваліся да выхаду. Гэта было яшчэ тое відовішча: за дзвюма жанчынамі і фатографам гужам ішлі чалавек шэсць бяздомных. Наша калона расцягнулася на метраў дзесяць. Васіль сходу стаў расказваць сваю гісторыю.
«У мяне і жыллё ёсць, і прапіска... Кватэра дасталася мне ад бацькоў, у ёй прапісаны брат, сын ды я. І жонка там мая жыве, але яна не прапісана. Мы з ёй увесь час сварымся, яна крычыць і крычыць, шкодная такая! Часта выклікае міліцыю, хоча, каб мяне пасадзілі. А за што? Мне ўжо 63 гады! Я кажу: купіце мне хоць якую хатку ў вёсцы, і я паеду ад вас. Але ж грошай на гэта няма. Вось зараз разбяруся з дакументамі, і ўсё ў мяне наладзіцца. Прыду дадому і скажу, каб куплялі ў мяне пакой, так проста я ад іх не адстану...»
Сярод гэтых людзей быў і даволі малады, гадоў трыццаці, мужчына Валера. У яго, як мне падалося, не засталося ў роце ніводнага зуба. Ён сірата, скончыў школу-інтэрнат для дзяцей-сірот № 7. Патрапіў у турму, калі яму было шаснаццаць.
«Калі я выйшаў, то падаў дакументы ў суд, каб мне мой метраж аддалі. За сіротамі звычайна замацоўваюць жыллё, — тлумачыць Валера. — Але суд прысудзіў метры на карысць мачахі. А мне куды ісці? Выбар невялікі: турма альбо вуліца...»
Самым пажылым з мужчын аказаўся Віктар Васілевіч, якому 67 гадоў. Яго сужыцелька памерла, і яе дачка выселіла пажылога мужчыну з кватэры.
«Яна ж наследніца, а я хто? — разгублена гаворыць мужчына. — Так вось і стаў «бамжом». А некалі ўсё было... Працаваў на Мінскім заводзе шасцерняў, выйшаў на пенсію, думаў, што раней памру, чым мая сужыцелька, але вось як яно выйшла. А пашпарт у мяне ёсць, і пенсія 120 рублёў. Маленькая такая, таму што я бежанец. Прыехаў сюды разам з жонкай-беларускай, калі СССР разваліўся. Тут у нас не заладзілася, і мы разышліся. А хату ж набывалі на імя былой жонкі, бо правоў у мяне як у бежанца не было. Вось так і застаўся без нічога».
Людзі расказвалі свае гісторыі спакойна. Яны ўжо прывыклі, што для таго каб атрымаць дапамогу, трэба расказаць пра сябе і ў чым маеш патрэбу. У некаторых мужчын былі памарожаныя рукі, і яны не маглі несці каробкі з прадуктамі. Некаторыя кульгалі, але ўсе адмовіліся ад медыцынскай дапамогі. У хуткім часе да нашай чырвонай «газелі» з усіх бакоў вакзала пацягнуліся людзі. Некаторыя бралі толькі цёплую вопратку, некаторыя абутак, іншыя — прадукты. Амаль усё было раздадзена, але многім не хапіла, і група «Сацыяльнага патруля» паабяцала, што прыедуць да іх на наступны дзень. Калі селі ў машыну, міліцыя паведаміла, што каля метро «Міхалова» грэецца наш «кліент». Сапраўды, там стаяў мужчына, калі мы прыехалі туды. Ён амаль нічога сказаць не мог і хацеў хутка сысці. Але нам удалося ўручыць яму прадуктовы набор.
— Трэба ехаць у цэнтр, — занепакоена сказала Валянціна. — У нас скончыліся прадукты, а раптам хтосьці зноў аб'явіцца...
І «Сацыяльны патруль» паехаў на чырвонай «газелі» далей — рабіць свае важныя справы.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[5] https://zviazda.by/be/tags/sacyyalny-patrul-0