Дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс» у першай палове 2021 года плануе папоўніць вытворчую базу на 150 тралейбусаў і 280 аўтобусаў, паведаміла БЕЛТА [1] прэс-сакратар прадпрыемства Алена Грамыка.
«Рухомы склад абнаўляем перыядычна. Стараемся надаваць увагу павышэнню якасці і бяспекі рэгулярных пасажырскіх перавозак, таму набываем сучасны, камфартабельны і экалагічны транспарт, — распавяла Алена Грамыка. — Такім чынам, у першай палове 2021 года Мінскі аўтамабільны завод вырабіць для прадпрыемства 135 аўтобусаў МАЗ 203016 / 203015, 40 аўтобусаў МАЗ 203116/203115, 100 аўтобусаў МАЗ 215069 і 5 аўтобусаў МАЗ 216.066 вялікай умяшчальнасці, а таксама 75 тралейбусаў МАЗ 203Т70 з павялічаным аўтаномным ходам. Акрамя гэтага, 75 тралейбусаў з павялічаным аўтаномным ходам да 15 км прадпрыемству паставіць «Белкамунмаш».
Таксама ў маі прадпрыемства «Мінсктранс» плануе атрымаць ад МАЗа рухомы састаў трэцяга пакалення: 4 нізкападлогавыя аўтобусы МАЗ 303065 вялікай умяшчальнасці і 4 электробусы мадэлі 303Е10 з запасам аўтаномнага ходу каля 150 км.
З пачатку 2021 года дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс» папоўніла парк на 7 электробусаў мадэлі Е321, а таксама на 4 аўтобусы МАЗ 203016 і 1 аўтобус мадэлі МАЗ 203015.
«Электробусы абсталяваны кандыцыянерамі ў пасажырскім салоне, кнопкамі адраснага адкрыцця дзвярэй на прыпыначных пунктах па патрабаванні пасажыраў, разеткамі USB для зарадкі гаджатаў пасажыраў, адмысловымі месцамі для інвалідаў у крэслах-калясках. Аўтобусы маюць аналагічныя характарыстыкі за выключэннем кнопак адраснага адкрыцця дзвярэй», — распавяла Алена Грамыка.
На 1 лютага вытворчая база «Мінсктранса» ўключала ў сябе 1433 аўтобусы, 753 тралейбусы, 89 электробусаў і 137 трамваяў.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/minsktrans-v-pervoj-polovine-2021-goda-popolnit-park-na-150-trollejbusov-i-280-avtobusov-427836-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/gramadski-transpart