У Беларусі колькасць абанентаў сеткі GPON ў 2020 годзе павялічылася на 155,5 тыс. і дасягнула 2,74 млн, паведамілі [1] ў РУП «Белтэлекам».
«За мінулы год пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 5,9 тыс. км валаконна-аптычных ліній сувязі. Колькасць абанентаў сеткі GPON павялічылася на 155,5 тыс. і дасягнула 2,74 млн. Колькасць абанентаў платформы IMS склала 3,61 млн, абанентаў шырокапалоснага доступу — 2,7 млн, абанентаў тэлебачання ZALA — 2,44 млн», — распавялі ў «Белтэлекаме».
Таксама ў 2020 годзе, з улікам пажаданняў карыстальнікаў, у лінейцы «Ясна» з’явіліся два новыя тарыфныя планы — «Ясна 100 Камфорт» і «Ясна 100 Відэакантроль». Усе пакетныя прапановы ўключаюць паслугі доступу ў інтэрнэт, безлімітную тэлефанію ў сетцы «Белтэлекам» з вызначальнікам нумара CLIP, а таксама тэлебачанне ZALA па тэхналогіях IPTV або SMART. Тарыфныя планы могуць быць дапоўнены доступам да грамадскіх кропак Wi-Fi РУП «Белтэлекам», эфірным тэлебачаннем, паслугамі «Разумны дом» і «Відэакантроль», бонусамі гульні World of Tanks і іншымі сэрвісамі.
Акрамя таго, у мінулым годзе прадпрыемства паспяхова правяло тэставанне сеткі 5G. «Прэзентацыя па выніках доследнай эксплуатацыі адбылася ў студзені 2021 года. Выпрабаванні новай тэхналогіі праводзіліся ў двух тэставых зонах. Першая лакацыя была разгорнута ў індустрыяльным парку „Вялікі Камень“, другая — у Капыльскім раёне. Тэставанне дазволіла даследаваць усе аспекты рэалізацыі 5G у рэальных умовах гарадской інфраструктуры і сельскай мясцовасці, ацаніць патэнцыял у прамысловым і абаненцкім сегментах. Сумесна з партнёрамі былі прадэманстраваны такія лічбавыя рашэнні, як канвергенцыя фіксаванай і мабільнай сувязі, выкарыстанне робатызаваных прылад, беспілотнага транспарту і інш. Паспяхова завяршыўшы тэставанне, „Белтэлекам“ гатовы да практычнага ўкаранення сетак пятага пакалення ў краіне», — падкрэслілі на прадпрыемстве.
Спасылкі
[1] https://beltelecom.by/news/main/beltelekom-podvel-itogi-2020-goda
[2] https://zviazda.by/be/tags/beltelekam
[3] https://zviazda.by/be/tags/rup-beltelekam