Беларусы могуць працягваць карыстацца некаторымі дакументамі, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў перыяд з 10 лістапада 2020-га да 10 мая 2021-га, яшчэ паўгода. Такое рашэнне, нагадаем, дзейнічае згодна з Указам Прэзідэнта № 442 «Аб падаўжэнні тэрміну дзеяння дакументаў». Разабрацца, як карыстацца пратэрмінаванымі паперамі і ў чым карысць ад падаўжэння іх дзеяння, карэспандэнту «Звязды» дапамагла намеснік міністра юстыцыі Наталля ФІЛІПАВА.
Чым карыснае падаўжэнне тэрміну дзеяння
Гэта ўжо другое рашэнне аб падаўжэнні дзеяння дакументаў, якое прымалася на хвалі эпідэмічнага ўсплёску, аднак тэрмін дзеяння і пералік дакументаў адрозніваюцца.
Усяго ў адпаведнай пастанове ўрада ўтрымліваюцца тры пералікі дакументаў і адміністрацыйных працэдур, тэрмін дзеяння якіх працягнуты на паўгода. Гэта 190 адміністрацыйных працэдур для грамадзян, 161 адміністрацыйная працэдура для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), а таксама 12 найменняў дакументаў, выдадзеных фізічным і юрыдычным асобам і ІП. Сумарна атрымліваецца 363 працэдуры і дакументы, расказала Наталля Філіпава:
— Ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры можа заканчвацца не толькі выдачай даведкі ці іншага дакумента, але і рэгістрацыяй або пастаноўкай на ўлік зацікаўленай асобы, яе маёмасці або выдзяленнем грашовых сродкаў, маёмасці ці паслуг. Падзел на тры спісы (працэдур для грамадзян і суб'ектаў гаспадарання, а таксама пералік дакументаў, якія да адміністрацыйных працэдур не адносяцца) зроблены для зручнасці прымянення. І тэрмін дзеяння іх усіх працягнуты на паўгода.
— Першым разам час дзеяння дакументаў, тэрмін дзеяння якіх заканчваўся або завяршаўся летась з 30 красавіка да 31 ліпеня, падаўжалі ў першую хвалю пандэміі на тры месяцы. Тады ў пералік уваходзіла 380 дакументаў, цяпер — 363. Чаму такая розніца?
— Зыходзячы з папярэдняга вопыту падаўжэння тэрміну дзеяння дакументаў, нейкія з іх выключылі з пераліку, некаторыя, наадварот, дадалі. Пералікі фарміравалі ў адпаведнасці з прынцыпамі разумнасці і мэтазгоднасці на падставе прапаноў органаў, якія непасрэдна выдаюць адпаведныя дакументы. Дадалі, напрыклад, акт абавязковага перыядычнага медыцынскага агляду, пасведчанне па ахове працы, прыродаахоўны дазвол, кваліфікацыйны атэстат спецыяліста рынку каштоўных папер, дазвол на далучэнне сеткі электрасувязі да сеткі агульнага карыстання, пасведчанне аб дзяржаўнай атэстацыі санаторна-курортнай (аздараўленчай) арганізацыі.
— Якія вынікі прынесла першае падаўжэнне тэрміну дзеяння дакументаў? І што, як чакаецца, дасць цяперашні дазвол карыстацца дакументамі дадаткова паўгода з таго моманту, як яны страцяць сапраўднасць?
— Практыка паказала, што падчас першага падаўжэння дзеяння дакументаў значна скарацілася колькасць наведванняў дзяржорганаў для афармлення неабходных дакументаў. Зменшыліся дакументаабарот і адміністрацыйная нагрузка на грамадзян і суб'екты гаспадарання. Таму з распаўсюджваннем COVІD-19 паўторна былі прынятыя меры, скіраваныя на выключэнне неабходнасці наведваць дзяржорганы для атрымання новых ці працягнення тэрміну дзеючых дакументаў па найбольш запатрабаваных у насельніцтва пытаннях (пашпарт, пасведчанне кіроўцы, даведка пра стан здароўя, шэраг дазвольнай дакументацыі для суб'ектаў гаспадарання).
Калі за паўгода дакумент страціў сілу...
— Калі за паўгода падаўжэння дзеяння дакумента ён страціў сваю юрыдычную сілу, то падоўжанае яго дзеянне аўтаматычна спыняецца? Якія дакументы могуць быць такім чынам прызнаныя несапраўднымі?
— Згодна з заканадаўствам, дзеянне дакумента, выдадзенага пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры, можа быць спынена выкананнем ці прызнаннем страты сілы несапраўднасці, ануляваннем ці адменай.
Возьмем, напрыклад, пашпарт. Калі яго тэрмін дзеяння падоўжаны, аднак на працягу гэтых шасці месяцаў пашпарт стаў непрыдатны для выкарыстання (парушаны сродкі аховы), то такі дакумент павінен быць заменены, нягледзячы на тое, што тэрмін яго дзеяння падоўжаны.
Яшчэ адзін варыянт — прыняцце рашэння аб выдзяленні аднаразовай субсідыі на будаўніцтва ці набыццё жылля. Максімальны тэрмін дзеяння гэтага дакумента не большы за тры гады з моманту пералічэння субсідыі. Такім чынам, калі тэрмін дзеяння рашэння быў працягнуты на шэсць месяцаў і за гэты час субсідыя была атрымана, то рашэнне лічыцца здзейсненым і паўторна субсідыя выдавацца не будзе.
У якіх яшчэ выпадках дакумент можа быць прызнаны несапраўдным, залежыць ад кожнай канкрэтнай адміністрацыйнай працэдуры, іншага рашэння кампетэнтнага дзяржоргана, які выдаў дакумент.
— Калі тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся, а візы ў ім — не, што рабіць? Афармляць новы біяметрычны, дзе будзе адзначана віза? Ці атрымліваць дазвол на выезд нанава?
— Такой сітуацыі не можа ўзнікнуць у прынцыпе. Для афармлення візы дакумент, які сведчыць асобу, мае адпавядаць пэўным патрабаванням. Цяпер як беларускімі візавымі правіламі, так і Шэнгенскім пагадненнем прадугледжана, што для афармлення візы пашпарт павінен мець тэрмін дзеяння, што перавышае дату заканчэння тэрміну дзеяння візы, якая запытваецца, не менш чым на тры месяцы. Так што калі тэрмін дзеяння пашпарта скончаны, у ім проста не можа быць сапраўднай візы.
— Ці спатрэбіцца абнаўленне дакументам, тэрмін дзеяння якіх працягнуты на паўгода, наконт стану здароўя? Напрыклад, новая санітарная кніжка пры працаўладкаванні або медыцынская даведка на права кіравання аўто.
— Падчас прыняцця рашэння аб працягненні тэрміну дзеяння медыцынскіх даведак пра стан здароўя, заключэнняў МРЭК ці УКК узважваліся і ўлічваліся рызыкі, якія могуць наступіць у падобных выпадках. Аднак з улікам эпідэмічнай сітуацыі пераважыла рашэнне не патрабаваць рабіць новыя дакументы і дазволіць працягнуць тэрмін іх дзеяння на паўгода.
Часовае пражыванне
— На час пандэміі ў краіне засталося шмат студэнтаў і работнікаў з-за мяжы, некаторыя з якіх цяпер не вучацца і не працуюць. Ці трэба ім звяртацца ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі, каб працягнуць тэрмін дзеяння дазволу на часовае пражыванне?
— У рашэнні ўрада не ўтрымліваецца такая адміністрацыйная працэдура, як выдача дазволу на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь замежнай асобе ці чалавеку без грамадзянства. Гэта значыць, што тэрмін дзеяння такіх дакументаў аўтаматычна не працягваецца, і замежнікам неабходна звяртацца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. Такая мера скіравана на абарону інтарэсаў нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя, правоў і свабод беларусаў і іншых асоб.
— Некаторыя вырашылі з'ехаць на вёску, каб там самаізалявацца. Ці трэба (або, можа, варта) такім людзям рабіць дакумент аб часовым знаходжанні, ці можна жыць так?
— Ні ўказ Прэзідэнта, ні рашэнне ўрада аб працягненні тэрміну дзеяння дакументаў не закранаюць гэтыя пытанні. Зарэгістравацца па месцы знаходжання ў выпадку выезду з месца жыхарства больш як на адзін месяц — права, а не абавязак грамадзяніна. Калі ён захоча гэта зрабіць, то варта звярнуцца з заявай і неабходнымі дакументамі ў орган рэгістрацыі (па месцы, куды ён з'ехаў) — на працягу трох рабочых дзён чалавека зарэгіструюць па месцы знаходжання.-
А вось тэрмін дзеяння даведкі аб месцы жыхарства працягнуты на шэсць месяцаў, аднак яе выдача мае іншыя мэты. Як правіла, яна выдаецца дзеля ажыццяўлення якой-небудзь іншай адміністрацыйнай працэдуры або атрымання нейкай паслугі. Напрыклад, для выдзялення адраснай сацыяльнай дапамогі, разглядання пытанняў аб набыцці грамадзянства, аб выплаце пенсіі ў выпадку выезду на працяглы тэрмін за мяжу і іншае.
Мяняць, нельга карыстацца
— Калі тэрмін дзеяння дакумента заканчваецца, напрыклад, 10 мая, ці будзе ён прыдатны яшчэ паўгода, або толькі да 10 мая, як пазначана ва ўказе?
— Паколькі ўказам пазначана працягненне дзеяння дакументаў, тэрмін прыдатнасці якіх заканчваецца ў перыяд з 10 лістапада 2020-га да 10 мая 2021-га, то тэрмін дзеяння аўтаматычна будзе працягнуты яшчэ на паўгода. Адпаведна, калі тэрмін дзеяння дакумента заканчваецца 10 мая, то ён будзе прыдатны для выкарыстання да 10 лістапада.
— Ці варта чакаць апошняга дня, да якога працягнуты тэрмін дзеяння дакумента, або лепш звярнуцца па яго замену раней?
— Гэта павінен вырашаць сам чалавек. Але пры гэтым ён мусіць памятаць, што важна прытрымлівацца заканадаўства, якім вызначаны парадак выкарыстання канкрэтнага дакумента. Напрыклад, па замену пасведчання кіроўцы ў сувязі з заканчэннем тэрміну яго дзеяння вы маеце права звярнуцца ў любы час. Але пры гэтым не трэба забывацца, што кіраваць аўто без пасведчання вы не зможаце, паколькі гэта забаронена заканадаўствам. Тое ж самае і з пасведчаннем на права палявання. Звярнуцца па яго замену вы можаце калі заўгодна, аднак паляваць з пратэрмінаваным дакументам да таго, як вы атрымаеце новы, нельга.
Дакладны пералік дакументаў ёсць у пастанове Саўміна № 687. Сярод найбольш запатрабаваных наступныя.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-yustycyi-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/dakumenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/praterminavanyya-dakumenty