У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна прайшоў абрад Чырачка. Вясковыя жанчыны з мукі, яек і кефіру ў хатніх печах спяклі сотні мучных фігурак птушкі чырок, прылёт якой з'яўляецца папярэднікам вясны. Школьніцы, якія ўдзельнічаюць у клубнай мастацкай самадзейнасці, прыбралі рознакаляровымі стужкамі і папяровымі кветкамі ялінку і конныя калёсы.
А на мясцовай гары клікалі вясну, вадзілі карагоды, гулялі ў народныя гульні... Затым хлопцы ўмацавалі прыбраную ёлку на высокім дубе, бліжэй да сонца, каб на яе хутчэй зляталіся чыркі.
Весела прайшла і адна з частак абраду — скочванне з гары. Тонежанцы лічаць, што калі хаця б адзін раз скаціўся з гары, то ў хаце ўвесь год будзе дабрабыт, і ўсе будуць здаровыя. Амаль паўгадзіны ўдзельнікі шэсця з задавальненнем каталіся па дывановых дарожках і яшчэ леташняй траве па 20-25 метраў уніз.
Напрыканцы ў вялікім вогнішчы спалілі пудзіла Зімы. А пасля ўсе селі за стол з прынесенымі з дому разнастайнымі пачастункамі і адсвяткавалі прыход вясны.
Віктар ДРАЧОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/chyrachka
[3] https://zviazda.by/be/tags/abrad
[4] https://zviazda.by/be/tags/tonezh
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyasna
[6] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi