Хваробы адолелі сад, грушы ды яблыкі пагнілі яшчэ на дрэве? Маладыя саджанцы амаль не прыраслі за год? Вам надакучыла стаяць крукам над пустазеллем? Давайце разбірацца, што не так, якія памылкі трэба выправіць (а лепш не дапусціць), каб праблем на ўчастку было менш. Да таго ж калі да справы падыходзіць з розумам, можна і з ураджаем выйграць, і час сэканоміць.
Ведай месца!
Калі вы толькі абзавяліся зямлёй і яшчэ не паспелі нічога панасаджваць і набудаваць — у вас ёсць выдатная магчымасць стварыць добрыя ўмовы для будучага саду, значыць, расліны будуць менш хварэць і пакутаваць ад «атак» шкоднікаў. Паназірайце, як «ходзіць сонца», куды будзе падаць цень ад пабудоў, што размяшчаюцца побач з вашым участкам. Ці не збіраецца на граніцы сусед ставіць лазню, цень ад якой стане «замінаць» вашым градкам, ці растуць побач высокія дрэвы, адкуль дзьмуць вятры. Правільнае размяшчэнне аб'ектаў на ўчастку дасць шэраг пераваг. Напрыклад, гаспадарчымі пабудовамі можна перакрыць доступ халодным вятрам. Таму іх лепш размяшчаць у паўночным і паўночна-ўсходнім кутах участка. Так для вашых раслін застанецца больш сонечнай плошчы. Да таго ж пасадкамі і пабудовамі вы можаце задаваць пэўны мікраклімат на ўчастку, ствараць цёплыя месцейкі для самых пераборлівых культур — напрыклад, вінаграду і персіка.
Ветраахоўную функцыю будуць выконваць высокія дрэвы і кусты. Без ахоўнай загарадзі не абысціся, калі ўчастак знаходзіцца ў нізіне ці побач з вадаёмам. Не варта садзіць цеплалюбівыя культуры, такія як, напрыклад, абрыкос, калі побач з дзялянкай лес. Нават цяпліцу трэба ставіць так, каб ад гэтага выйгралі расліны, якія вы пасля пасадзіце побач.
Складзіце спіс усіх культур, якія збіраецеся вырошчваць. А пасля пралічыце, як размясціць іх так, каб усім хапала сонца. Груша, вінаград, абрыкос, чарэшня, буякі не выносяць ценю. Максімальна светлае месца трэба пашукаць і для руж. Да таго ж многім раслінам патрэбны партнёры для апылення — тым жа чарэшням, вішням, буякам, бружмелю. У рэмантантных малін, якія вы размесціце ў слабаасветленым кутку, не паспеюць да маразоў выспець ягады.
Пры загушчаных пасадках расліны будуць хварэць, плады на іх стануць няякасныя, дробныя.
Не размяшчайце маладзенькія саджанцы побач са старымі дрэвамі. Па-першае, «старыя» падзеляцца з «моладдзю» сваімі хваробамі, па-другое, карані доўгажыхароў будуць прыгнятаць свежыя пасадкі.
Костачкавыя і семечкавыя культуры не павінны быць суседзямі — можаце застацца без ураджаю.
Хто ёсць хто?
Важна не дапусціць памылак, якія пасля давядзецца разграбаць гадамі. Абавязкова ўлічвайце ўласцівасці сорту, якія яму патрабуюцца ўмовы, як яго фарміраваць, на якім прышчэпе саджанец. Напрыклад, карлікавыя дрэўцы не зоймуць у вас шмат месца, а крона яблыні на насенным прышчэпе можа дасягаць шасці метраў і адкідваць цень на палову агарода. Ды і пад зямлёй карані велікана разрастаюцца прыкладна на такую ж плошчу. Паміж высакарослымі дрэвамі павінна быць не менш чым пяць метраў.
Не набывайце саджанцы на стыхійных кірмашах і ў неправераных пакупнікоў — рызыкуеце занесці хваробы ў сад. Як вынік, давядзецца пазмагацца за ўсіх насельнікаў вашага ўчастка — шкоднікі і вірусы вельмі хутка разносяцца.
Да таго ж вам пастараюцца падсунуць расліны, прывезеныя з цёплых рэгіёнаў, якія могуць загінуць у першую ж сур'ёзную зіму альбо пасля яе будуць моцна хварэць. І як бы вы добра ні былі знаёмыя з прыёмамі агратэхнікі, усе вашы намаганні, каб выратаваць паўднёвую расліну, могуць аказацца дарэмныя.
Уважліва прыглядайцеся да саджанцаў, да якасці прышчэпкі. На кары не павінна быць пашкоджанняў і расколін. Калі ёсць магчымасць параўноўваць саджанцы-аднагодкі, перавагу аддавайце тым, што далі лепшы прырост. Не трэба браць расліны з пладамі. Калі саджанец прадаецца з адкрытай каранёвай сістэмай, на ім не павінна быць лісточкаў, праз апошнія выпарваецца вільгаць, расліна абязводжваецца, пасля можа доўга адыходзіць, хварэць ці наогул загінуць.
Не ганіцеся за высокімі раслінамі, маладзейшыя саджанцы лягчэй прыжываюцца і хутчэй растуць. Куды больш важна звярнуць увагу на карані — яны не павінны быць абрубленыя, з пашкоджаннямі і нарастамі. Добра, калі на насенным прышчэпе аднагадовай яблынькі будзе тры асноўныя карані і развіты каранёвы валаснік — так больш верагоднасці, што саджанец лягчэй прыжывецца, дасць добры прырост і хутчэй уступіць у плоданашэнне.
Апошнія штрыхі
Наступная памылка, якая можа вам прынесці праблемы на наступны год, — гэта бяздзейнасць у кастрычніку. Не палянуйцеся сабраць усе гнілыя плады з яблынь. Тое ж і з агароднінай: калі сабралі капусту, а яе карані пакінулі ў зямлі, на іх выдатна перазімуе лічынка капуснай мухі, а на наступны год давядзецца памучыцца, каб уратаваць расаду ад шкодніка.
Калі чырванее і пачынае сыпацца ліст, трэба рабіць пазакаранёвыя апрацоўкі дрэў карбамідам (мачавінай) — з аднаго боку, вы засцеражаце сад ад хвароб (пасля апырсквання на лістоце загінуць шкоднікі, якія збіраліся на ёй зімаваць), з другога — расліны атрымаюць падкормку. Абавязкова чытайце інструкцыі на ўпакоўках прэпаратаў — не ўсе з іх будуць працаваць, калі тэмпература паветра невысокая.
А вось пустазелле, наадварот, трэба пакінуць на агародзе. Сёння шмат спрэчак вядзецца пра тое, ці трэба перакопваць глебу на зіму. Паэксперыментуйце — проста накрыйце градкі, якія хочаце адваяваць ад пустазелля, чорнай плёнкай (калі стаіць сухое надвор'е, зямлю трэба паліць). Без недахопу святла трава загіне, а ўсе карысныя рэчывы, што яна паспела накапіць, застануцца ў зямлі. Да таго ж на гэтыя рэшткі «прыйдуць баляваць» чарвякі, што зробіць зямлю больш рыхлай. Таксама градкі можна накрыць кардонам. Так вы сэканоміце час на барацьбе з пустазеллем і паклапоціцеся пра ўрадлівасць глебы.
Падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/agarod
[4] https://zviazda.by/be/tags/zyamelny-uchastak